
23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На правакацыі, якія здараюцца на граніцы з Украінай, беларускія пагранічнікі рэагуюць адэкватна. Але ў выпадку пагрозы бяспецы адкажуць на поўную моц, паведаміў журналістам старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На правакацыі звяртаем увагу і рэагуем", - адзначыў Анатоль Лапо.
У прыватнасці, уздоўж граніцы лятаюць беспілотныя лятальныя апараты, іншым разам выпадкова яны аказваюцца на беларускай тэрыторыі. Пагранічнікі прымяняюць зброю, збіваюць беспілотнікі. Яшчэ адзін напрамак правакацый - пашкоджванне пагранічнай інфраструктуры. "Украінскі бок дэмаркацыю спыніў у аднабаковым парадку, мы працуем далей. Ставім пагранічныя слупы, робім дарогі, інжынерныя збудаванні. Каму перашкаджае пагранічны слуп? Там наша сімволіка. Мы таксама глядзець не будзем", - сказаў Анатоль Лапо.
Акрамя таго, ва ўкраінскіх пунктах пропуску побач са сваім дзяржаўным сцягам павесілі "БЧБ-анучу". "Навошта? У мяне як у грамадзяніна Беларусі, ваеннага чалавека - гэта (беларускі дзяржаўны сцяг. - Заўвага БЕЛТА) сімвал дзяржавы, - сказаў Анатоль Лапо. - Вось такія дробныя непрыемнасці, правакацыі. Мы на іх не адказваем, але калі будзе нашай бяспецы пагроза, адкажам на поўную моц".
Паводле яго слоў, акрамя пагранічнікаў на сумежным баку шмат чужых людзей. "На граніцы павінен быць пагранічнік і больш нікога. Тады будзе мір і спакой на граніцы. Ніякіх правакацый не будзе", - упэўнены кіраўнік Дзяржпагранкамітэта.-0-