ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Аўторак, 25 лютага 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +2°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 студзеня 2020, 14:39

Каранік: беларускія медыкі маюць у распараджэнні рэактывы для выяўлення новага штама каранавіруса

Уладзімір Каранік. Фота з архіва
Уладзімір Каранік. Фота з архіва

23 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларускія медыкі маюць у распараджэнні рэактывы для выяўлення каранавіруса 2019-nCoV, што распаўсюджваецца ў свеце. Аб гэтым заявіў журналістам міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Цяпер мы атрымалі ўсе рэактывы, якія даюць магчымасць выяўляць менавіта гэты вірус 2019 года - новы штам, што быў выяўлены ў КНР", - сказаў міністр.

Ён адзначыў, што ў частцы прафілактыкі завозу віруса ў краіну прыняты ўсе неабходныя меры. У аэрапорце ўсіх, хто прылятае, сустракаюць з цеплавізарам, які дае магчымасць выявіць пасажыраў з перавышэннямі тэмпературы цела і прыкметамі інфекцыйнага захворвання. Узмоцнена роля санстанцыі, што дзяжурыць у аэрапорце. "Нашы лабараторыі атрымалі тэст-сістэму, якая дапамагае дыягнаставаць новы штам віруса, каб мы маглі своечасова і аператыўна ўстанаўліваць дыягназ", - заявіў Уладзімір Каранік.

Ён пацвердзіў, што ў прыехаўшай напярэдадні з Кітая ў Беларусь дзяўчыны дыягнаставаны грып В, а не каранавірус. "Мы пацвярджаем, што ўчора ў інфекцыйную бальніцу была шпіталізавана дзяўчына са скаргамі на павышэнне тэмпературы да 38,5 градуса, з болем у мышцах і прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі. Яна наведвала Шанхай. Былі прыняты ўсе проціэпідэміялагічныя мерапрыемствы. Дзяўчына змешчана ў асобны бокс, праведзена лабараторнае тэсціраванне. Ёй устаноўлены дыягназ "вірус грыпу, сярэдняцяжкі ход хваробы". Дыягназ каранавіруснай інфекцыі не пацвердзіўся", - сказаў міністр.

Уладзімір Каранік дадаў, што ў любым выпадку пацыентцы неабходна спецыялізаванае лячэнне ў медустанове.

Як паведамлялася, 31 снежня ўлады Кітая інфармавалі Сусветную арганізацыю аховы здароўя аб успышцы невядомай пнеўманіі ў горадзе Ухань. 7 студзеня кітайскія медыкі ўстанавілі ўзбуджальніка хваробы - каранавірус 2019-nCoV. Лабараторнае тэсціраванне праведзена ва ўсіх выпадках захворвання з падазрэннем на новую пнеўманію. У краіне прымаюцца меры для ўдасканалення тэхналогій, якія дапамогуць больш аператыўна выяўляць выпадкі заражэння.

Паводле апошніх даных, колькасць хворых на пнеўманію, якая выклікана каранавірусам новага тыпу, у Кітаі ўзрасла да 571. Выпадкі пацверджаны ў 25 правінцыях, аўтаномных раёнах і гарадах цэнтральнага падпарадкавання Кітая. У краіне было зарэгістравана 17 выпадкаў смерці ад пнеўманіі, усе яны адбыліся ў правінцыі Хубэй. Акрамя таго, выпадкі заражэння выяўлены ў ЗША, Японіі, Рэспубліцы Карэя, Тайландзе.

Каранавірусы - сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзелены ў 1965 годзе. Каранавірусы заражаюць людзей, свойскіх жывёл, свіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольны правакаваць пашкоджанне дыхальнай сістэмы, страўнікава-кішачнага тракта, нервовай сістэмы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі