
26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сёння правяла сустрэчу з вучнямі 11-х класаў Полацкага кадэцкага вучылішча, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Для парламентарыяў работа з моладдзю вельмі важна, як у цэлым і для ўсёй краіны. Вы ведаеце, што маладзёжная палітыка - адзін з прыярытэтных напрамкаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. У нашай краіне каля 50 законаў, якія ў той ці іншай ступені рэгулююць маладзёжную палітыку краіны, - адзначыла Наталля Качанава. - Беларусь - сацыяльна арыентаваная дзяржава, і ў аснове ўсяго, як ставіць задачу кіраўнік дзяржавы, - людзі з іх пытаннямі, праблемамі. І сёння наша задача - развіваць краіну так, каб людзям было камфортна, каб тыя пытанні, якія іх хвалююць, вырашаліся аператыўна".
Спікер сёння сустракаецца са сваімі землякамі і гэта надае асаблівую атмасферу сустрэчы. "Я рада, што ў горадзе Полацку ёсць кадэцкае вучылішча", - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.
Паводле яе слоў, вучоба ў кадэцкім вучылішчы - выбар, дастойны патрыёта сваёй краіны, сапраўднага грамадзяніна. "Нізкі паклон тым людзям, якія для сябе вызначылі прафесію служыць Айчыне, Радзіме. Асабліва цяпер, калі мы бачым, што адбываецца ў свеце ў цэлым. Калі ідзе геапалітычны падзел свету, калі зноў на нашу краіну ідзе шквал інфармацыйнага і эканамічнага націску", - сказала Наталля Качанава.
Спікер прызналася, што бязмерна любіць свой родны горад Полацк. "Я палачанка і ганаруся гэтым. Полацк - гэта наша гісторыя, нашы карані, наша дзяржаўнасць. Сімвалічна, што напярэдадні Дня горада Полацка ў Савеце Рэспублікі праходзіць наша сустрэча. Я віншую нас усіх з гэтым святам, днём нараджэння горада, і шчыра жадаю, каб наш горад працвітаў, прырастаў, станавіўся прыгажэйшым, больш добраўпарадкаваным. Каб там жылі і заставаліся такія людзі, як вы".-0-