
30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Якія злачынствы часта ўчыняюць падлеткі, расказаў журналістам намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрый Мялешка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праваахоўнік падкрэсліў, што зламыснікі карыстаюцца тым, што непаўналетнія праводзяць час у інтэрнэце, таму прымяняюць усё новыя формы і метады для ўцягвання дзяцей у злачынную дзейнасць.
Намеснік начальніка ўпраўлення назваў найбольш актуальныя правапарушэнні і злачынствы, якія ўчыняюць падлеткі. Напрыклад, у мінулым годзе быў учынены шэраг такіх злачынстваў, як продаж рэквізітаў банкаўскіх картак. Дзмітрый Мялешка растлумачыў сутнасць гэтага злачынства. Падлетак, які дасягнуў 16 гадоў, адкрывае на сваё імя рахунак у банку і затым у інтэрнэце знаходзіць таго, хто гатовы набыць гэту банкаўскую картку і нумар рахунку, да якога яна прывязана. Разам з тым за рэалізацыю на аплатнай аснове рэквізітаў банкаўскіх картак пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Актуальнай праблемай застаюцца частыя выпадкі ўчынення махлярскіх дзеянняў пад маркай аказання фінансавай дапамогі сваяку, які нібыта стаў віноўнікам ДТЗ. "Падлеткаў уцягваюць звычайна ў якасці кур'ераў. Арганізатар злачынства звязваецца з падлеткам, як правіла, праз закрыты тэлеграм-канал і дае заданне наведаць выбраную ахвяру. Падлетак прыязджае па адрасе, забірае грошы і перадае пэўную суму грошай канкрэтнаму арганізатару злачынства. Гэта падпадае пад такі склад злачынства, як махлярства, учыненае арганізаванай групай, і прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі", - адзначыў Дзмітрый Мялешка.
Падлеткі таксама ўчыняюць злачынствы, звязаныя з парагенератарамі. Тыя маладыя людзі, якім не хапае на іх грошай, ідуць на крайнія меры. Яны знаходзяць у інтэрнэце патэнцыяльную ахвяру, дамаўляюцца аб сустрэчы, а пры сустрэчы выхопліваюць парагенератар і ўцякаюць. Пры гэтым яны не задумваюцца, што тым самым учыняюць злачынства, прадугледжанае артыкулам 206 (грабеж) КК. Санкцыя артыкула - да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Не страчвае актуальнасць праблема, звязаная з уцягваннем падлеткаў у незаконны абарот наркатычных сродкаў.
Расце і колькасць дзяцей, якія сталі ахвярамі сексуальнага насілля. У сувязі з гэтым Дзмітрый Мялешка заклікаў бацькоў размаўляць са сваімі дзецьмі і звяртаць увагу на самыя нязначныя змяненні ў паводзінах. Бацькам важна цікавіцца, чым дзеці займаюцца ў інтэрнэт-прасторы, з кім перапісваюцца, якія сайты наведваюць.
Намеснік начальніка ўпраўлення таксама нагадаў аб нядаўніх падзеях, звязаных са спробай распаўсюджвання псеўдасубкультуры ЧВК "Родан". Дзякуючы дакладнай рабоце суб'ектаў прафілактыкі распаўсюджвання не адбылося. Разам з тым прадстаўнік ГУУС нагадаў, што ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах вядзе да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці.-0-