
25 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Кааперацыя вучоных краін Еўразійскага эканамічнага саюза ў высокатэхналагічных галінах дае сур'ёзныя вынікі. Аб гэтым сказаў міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец, выступаючы на сесіі "Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва і прафесійная адукацыя: асноўныя прыярытэты Еўразійскага эканамічнага саюза" ІІ Еўразійскага эканамічнага форуму, які праходзіць у Маскве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння ў нас ёсць вельмі сур'ёзная, добрая кааперацыя з навуковымі арганізацыямі Еўразійскага эканамічнага саюза. Толькі за мінулы год выканана каля 80 навуковых праектаў, больш як 220 прамых экспартных грантаў на экспарт навукова-тэхнічнай прадукцыі. Усё гэта сведчыць аб тым, што сёння кааперацыя вучоных краін ЕАЭС не проста ёсць, яна дае сур'ёзныя вынікі. І ў першую чаргу гэта супрацоўніцтва ідзе ў высокатэхналагічных галінах", - сказаў Андрэй Іванец.
Ён прывёў канкрэтныя прыклады супрацоўніцтва прадстаўнікоў беларускай вузаўскай навукі з калегамі з краін ЕАЭС. "Вучонымі прыкладных праблем фізікі Белдзяржуніверсітэта выконваюцца сур'ёзныя работы з расійскай касмічнай карпарацыяй па распрацоўцы сістэм арыентацыі відэаспектральнай апаратуры. Мы вельмі цесна працуем з Аб'яднаным інстытутам ядзерных энергетычных даследаванняў у Дубне - выконваем 12 праектаў міжкаардынацыйнага плана па стварэнні праекта "Ніка". Цесна супрацоўнічаем з вучонымі Казахстана: на базе матэрыялазнаўчага такамака распрацоўваюцца вельмі сур'ёзныя дэтэктары для гама-выпрамянення. У супрацоўніцтве з вучонымі Арменіі на базе Інстытута мікрахірургіі імя Мікаеляна вядуцца клінічныя даследаванні супрацьракавага прэпарату, каб зарэгістраваць яго на тэрыторыі Арменіі", - дадаў міністр.
"Гэта толькі невялікая частка тых рэальных праектаў, якія сёння ажыццяўляюць нашы вучоныя", - адзначыў Андрэй Іванец.-0-