Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 лютага 2024, 19:24

"Іскандэр", "Паланэз-М", верталёты Мі-35М. Міністр абароны расказаў пра аснашчэнне Узброеных Сіл

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр абароны Віктар Хрэнін на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, расказаў аб аснашчэнні Узброеных Сіл, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з прадпрыемствамі ваенна-прамысловага комплексу Беларусі, а таксама найвышэйшаму ўзроўню ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з братэрскай Расіяй толькі ў мінулым годзе прынята на ўзбраенне больш за 200 узораў, закуплена і пастаўлена ў войскі каля 300 тыс. адзінак узбраення, ваеннай тэхнікі і ваенна-тэхнічнай маёмасці", - сказаў Віктар Хрэнін.

Паводле слоў міністра абароны, на ўзбраенне беларускай арміі паступілі дывізіённыя камплекты аператыўна-тактычнага комплексу "Іскандэр", палкавы камплект ЗРК С-400 і камплект зенітнага ракетнага комплексу "Тор-М2", ракетныя комплексы РСЗО В-300 "Паланэз-М", бронетранспарцёры БТР-82А, ударныя верталёты Мі-35М, шырокая лінейка беспілотных авіяцыйных комплексаў і сучасных сродкаў разведкі, сувязі і навігацыі, радыёлакацыйныя станцыі і шмат іншага. Акрамя таго, дадаў Віктар Хрэнін, у гэтым годзе плануецца пастаўка самалётаў Су-30СМ і верталётаў Мі-35М. У бліжэйшай перспектыве абнаўленне парку авіяцыйнай тэхнікі і ўзбраення прадоўжыцца.

"Усе гэтыя крокі абсалютна не з'яўляюцца мілітарысцкімі імкненнямі. Мы зброяй не бразгаем, але рыхтуемся ў любы момант абараніць сваю зямлю, свае сем'і і сваю незалежнасць, - запэўніў Віктар Хрэнін. - Ваеннаслужачыя беларускай арміі бесперапынна ўдасканальваюць баявую вывучку і актыўна ўкараняюць у практыку падрыхтоўкі войскаў вопыт правядзення расійскай спецыяльнай ваеннай аперацыі. Асвойваюць сучасныя метады і спосабы адбіцця пагроз, у тым ліку і ва ўзаемадзеянні з іншымі сілавымі ведамствамі. Актыўна развіваецца ўзаемадзеянне з саюзнікамі па АДКБ, якая выступае гарантам забеспячэння бяспекі на еўразійскай прасторы".

Важнейшы фактар стрымлівання заходніх "ястрабаў" ад развязвання агрэсіі супраць нашай краіны - размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі, звярнуў увагу кіраўнік ваеннага ведамства. "Помнячы тыя пакуты, на якія аддалі беларускі народ нямецка-фашысцкія захопнікі і іх памагатыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, мы - нашчадкі пераможцаў - не дапусцім, каб на беларускую зямлю зноў ступіла нага акупанта. Беларуская армія поўная рашучасці абараніць беларускі народ усёй сваёй магутнасцю, у аснове якой не толькі сіла зброі, а перш за ўсё сіла духу, з'яднанасць радоў, адданасць Айчыне і абавязак", - сказаў на заканчэнне міністр абароны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі