Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 лютага 2024, 13:52

"Ільвяня выгульваў на павадку, а леапарду чытаў навіны". Як жывуць драпежнікі ў прыватным заапарку ў фермера

28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сярэдзіне 1990-х былы дырэктар аўтабазы Юрый Карпіловіч вырашыў адкрыць бізнес. Адправіўся да знаёмага старшыні калгаса і папрасіў: "Дай у арэнду тое, што цябе абцяжарвае". Кіраўнік прапанаваў паглядзець нядаўна далучаную да яго сельгаспрадпрыемства, але даведзеную да ручкі гаспадарку Падгай пад Мінскам.

Калі Юрый Уладзіміравіч упершыню трапіў туды, адразу адзначыў хараство прыроды: "Поле, бягучае з узгорка на ўзгорак, рака Пціч, што цячэ за агароджай, лес, дрэвы на ўскраіне Падгая". Разруха былых калгасных гаспадарчых пабудоў яго не спалохала. Так, маючы дзве вышэйшыя адукацыі, але ніводнай з іх аграрнай, фермер-пачатковец пачаў вучыцца. Чытаў кнігі, раіўся са спецыялістамі, браў спачатку ў арэнду, а потым і ў лізінг тэхніку. Стаў наводзіць парадак вакол сядзібы, будаваць дарогі, рамантаваць водаправод. Жыхары Падгая зразумелі: на зямлю прыйшоў не дачаснік - гаспадар.

У тое, што Юрый Карпіловіч - чалавек самавіты, паверылі і калгаснікі. У 2000 годзе яны прагаласавалі за продаж арандатару ўсіх гаспадарчых пабудоў на ўчастку. А дзяржава ўжо аўтаматычна перадала яму 100 га зямлі гаспадаркі. Так, 24 гады таму 37-гадовы Юрый Уладзіміравіч стаў аграрыем. А пасля - уладальнікам аграсядзібы на землях графа Чапскага і заапарка.

Дарэчы, заапарк для Юрыя Уладзіміравіча - даўняя мара. Хлапчуком ён прасіў бацькоў: "Давайце завядзём хоць сабачку..." Цяпер вось, стаўшы ўпэўнена на ногі, фермер і сам можа сабе дазволіць завесці таго, каго хоча. Першымі ў яго заапарку былі два ваўкі. Цяпер там амаль 40 відаў жывёл і птушак. У прасторных вальерах жывуць у тым ліку вярблюды, тыгры, леў і леапард. Цара звяроў па імені Сімба Юрый Карпіловіч яшчэ малышом вёз 2 тыс. км з Уфы. Цяпер гэта моцны драпежнік, а яшчэ зусім нядаўна фермер выгульваў яго па тэрыторыі заапарка на павадку.

Любімец Юрыя Уладзіміравіча - далёкаўсходні леапард Ігруля. "Калі прывёз яго дадому, ён нерваваўся: клетка ходырам хадзіла! - расказвае гаспадар заапарка і ўспамінае аб тым, як яму ўдалося супакоіць леапарда. - Каб ён прывык да мяне, садзіўся побач і чытаў яму... навіны. Паціху Ігруля супакоіўся, мы пасябравалі. Цяпер кожны дзень чакае мяне... Я вельмі люблю яго, пешчу: акрамя 5 кг мяса ён атрымлівае ў дзень яшчэ тры яйкі, а летам - казінае малако. Праўда, заходзячы ў клетку, я пакідаю ежу, але ўжо не гладжу Ігрулю: леапард адна з самых небяспечных і непрадказальных жывёл. Цяпер ён адпачывае, а актыўнічаць пачне пасля чатырох вечара".

 Юрый Карпіловіч - чарговы герой праекта "Беларусы ў кадры". Мы пабывалі ў яго заапарку і пазнаёміліся там з самым скандальным жыхаром аленем Алежкам і фазанам Косцем Мармеладзэ, убачылі 100-гадовую хату Бабы Ягі і даведаліся, якая мара фермера яшчэ засталася няздзейсненай.

Кожны тыдзень у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА мы глядзім на свет вачамі простых беларусаў, якія шчыра любяць сваю справу, сям'ю і краіну. Усе нашы героі ўнікальныя, але іх аб'ядноўвае адно - адданасць сабе і зямлі, дзе яны жывуць.-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту
 Фота Таццяны Матусевіч
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі