ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 27 верасня 2023
Мінск Ясна +15°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 чэрвеня 2023, 17:13

Фінал рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні "Арляня" стартуе 12 чэрвеня на Кургане Славы

Фота Мінабароны
Фота Мінабароны

8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстае адкрыццё фіналу рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні "Арляня" стартуе 12 чэрвеня з ускладання гірлянды і кветак ад удзельнікаў праекта да мемарыяльнага комплексу "Курган Славы", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандра Ганчарова.

Гульня складаецца з некалькіх этапаў: адборачны - сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі адбыўся ў лютым - сакавіку, раённы/гарадскі - у сакавіку - красавіку, абласны (Мінскі гарадскі) - у маі. Асноўныя мерапрыемствы рэспубліканскага (фінальнага) этапу пройдуць у Мінску 12-15 чэрвеня на базе 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання.

"Удзельнікамі 138 раённых этапаў другога сезона адроджанай у мінулым годзе ў Беларусі ваенна-патрыятычнай гульні "Арляня" сталі больш як 10 тыс. навучэнцаў 8-10-х класаў. На гэты раз у фінале ўдзельнічаюць 12 каманд - на пяць больш, чым у мінулым сезоне. Сярод іх - каманды сярэдніх школ нумар 3 г. Ганцавічы Брэсцкай вобласці, нумар 1 г. Глыбокае імя П.В.Сухога Віцебскай вобласці, нумар 7 г. Рэчыцы Гомельскай вобласці, нумар 27 імя В.З.Харужай г. Бабруйска Магілёўскай вобласці, гімназій нумар 6 імя Ф.Э.Дзяржынскага г. Гродна, нумар 1 г. Дзяржынска Мінскай вобласці, нумар 43 г. Мінска, - расказала Аляксандра Ганчарова. - Здаровую канкурэнцыю "Арлянятам" са школ і гімназій складуць кадэты і ліцэісты. Гэта каманды Брэсцкага, Віцебскага, Гродзенскага абласных кадэцкіх вучылішчаў, Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі, а таксама Спецыялізаванага ліцэя пры УГА МНС Рэспублікі Беларусь".

Паводле яе слоў, кожная каманда (атрад) складаецца з дзесяці чалавек - 6 юнакоў і 4 дзяўчыны ва ўзросце 14-16 гадоў. У склад атрада ўключаны юнармейцы такіх спецыяльнасцей, як камандзір, намеснік камандзіра, разведчык, сувязіст, сапёр, ваенны карэспандэнт - па адным чалавеку, стралок, санітар - па два чалавекі. "Для каманд падрыхтавана насычаная праграма, якая ўключае розныя віды ваенна-спартыўных і конкурсных мерапрыемстваў. Адразу пасля ўрачыстага адкрыцця фіналу гульні на Кургане Славы адбудзецца экскурсійная адукацыйная праграма "Мы памятаем твой подзвіг, салдат!" Затым на працягу чатырох дзён каманды прымуць удзел у ваенна-спартыўным конкурсе "Мужнасць! Адвага! Гонар!", аглядзе строю і песні "Кожны з нас у страі!", інтэлектуальным квіз-турніры "Памятаем пра мінулае, ганарымся сучасным, думаем пра будучыню!", ваенізаванай гульні на мясцовасці "Час каманды", конкурсах "Меткі стралок", "Баявы лісток". Для хлопцаў і дзяўчат таксама будзе арганізавана культурна-забаўляльная праграма "Сузор'е талентаў", - дапоўніла сакратар ЦК БРСМ.

Аляксандра Ганчарова растлумачыла, што па выніках усіх конкурсных выпрабаванняў будуць вызначаны каманды-пераможцы. "Вынікі стануць вядомы ў заключны дзень гульні. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў пройдзе ў час урачыстага закрыцця мерапрыемства", - рэзюмавала яна.

Арганізатарамі рэспубліканскага фіналу ваенна-патрыятычнай гульні, мэтай якой з'яўляецца ўдасканаленне сістэмы патрыятычнага выхавання і ўзроўню дапрызыўнай падрыхтоўкі навучэнцаў, а таксама садзейнічанне станаўленню актыўнай грамадзянскай пазіцыі маладых грамадзян, фарміраванню вернасці абавязку па абароне Айчыны, выступаюць Міністэрства адукацыі (Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства), Міністэрства абароны Беларусі (120-я асобная гвардзейская механізаваная брыгада Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання) і Цэнтральны камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі