
25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь правёў праверку баявой гатоўнасці сіл неадкладнага рэагавання, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У рамках рэалізацыі даручэння кіраўніка дзяржавы 25 студзеня праведзены адзін з этапаў комплекснай праверкі баявой гатоўнасці і стану ўзбраення і ваеннай тэхнікі ва Узброеных Сілах.
Дзяржаўным сакратарыятам Савета бяспекі ў поўную баявую гатоўнасць былі прыведзены сілы неадкладнага рэагавання 6-й асобнай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання.
У ходзе мерапрыемства ацэнены здольнасць танкавых і механізаваных батальёнаў ва ўстаноўленыя тэрміны пачаць выкананне задач па прызначэнні, узровень тэхнічнага стану ўзбраення і ваеннай тэхнікі, забяспечанасць боепрыпасамі і запасамі матэрыяльных сродкаў. Асаблівая ўвага ўдзелена гатоўнасці комплексаў узбраення танкаў і баявых машын пяхоты, у тым ліку кіруемых сродкаў паражэння, да баявога прымянення.
У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь таксама правераны падраздзяленні ўзмацнення аховы важных дзяржаўных аб'ектаў. Пры практычнай адпрацоўцы гэтых пытанняў асноўны ўпор зроблены на аператыўнасці рэагавання і эфектыўнасці ўзаемадзеяння воінскіх фарміраванняў.
Правяраемыя падраздзяленні з пастаўленымі задачамі справіліся.
У рамках рэалізацыі даручэння кіраўніка дзяржавы кантрольныя мерапрыемствы комплекснай праверкі ва Узброеных Сілах на працягу года будуць прадоўжаны.-0-