Сцяг Пятніца, 12 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 лютага 2024, 15:23

Больш як 30 краін прыняло ўдзел у выставачным праекце "Сто ўсмешак Гагарына. Усмешка для Свету"

14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 30 краін прыняло ўдзел у выставачным праекце "Сто ўсмешак Гагарына. Усмешка для Свету". Аб гэтым журналістам расказаў намеснік начальніка галоўнага інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення, начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі, прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Юрый Гагарын - унікальны вобраз і чалавек для гісторыі. Яго аднолькава любяць усюды ў свеце. Вакол яго фігуры няма сур’ёзных спрэчак і рознагалоссяў. Ён сапраўды пасланец чалавецтва. Мы абсалютна ў гэтым упэўнены. І тое, што яго ўсе па ўсім свеце любяць, паказаў праект", - адзначыў Анатоль Глаз.

Ён расказаў, што ўдзел у праекце прыняло больш за 30 краін. "Гэта нашы дыпламаты, прадстаўнікі дыяспар, грамадскія дзеячы. Вельмі шмат дзяцей і моладзі. Мы хацелі, каб гэта было так, каб яны ўсміхаліся і бралі прыклад з Юрыя Аляксеевіча. Работы і фатаграфіі прыслалі з Азербайджана, Балгарыі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, В’етнама, Індыі, ААЭ, Пакістана, ЗША, Паўднёвай Карэі, Японіі і многіх іншых краін", - сказаў Анатоль Глаз.

Паводле яго слоў, людзі фатаграфаваліся на фоне помнікаў Гагарыну, на вуліцах яго імя, у музеях і каля муралей. "Зрабілі фатаграфію на фоне мадэлі савецкага спадарожніка ў поўную велічыню, якая размешчана на 1-м паверсе будынка Генеральнай Асамблеі ААН, на фоне помніка пакарыцелям космасу ў Жэневе, у Берліне - на фоне муралі на жылым доме", - адзначыў ён.

"Для Міністэрства замежных спраў і нашых загранустаноў вялікі гонар далучыцца да гэтага праекта. Ніякіх ваганняў тут не было, і, напэўна, таму такі вынік. Усе, хто мог, з задавальненнем уключыліся. Культура павінна быць фактарам пазітыўнага ўплыву. Яна павінна выхоўваць і вучыць добраму. Таму што дрэннаму і так нескладана навучыцца, яно прыйдзе само. І вось гэты праект цалкам правільны ў гэтым кантэксце. Мірныя ініцыятывы і міралюбнасць у генетыцы нашых беларусаў. І яны чырвонай ніткай праходзяць у дзейнасці Міністэрства замежных спраў", - падкрэсліў Анатоль Глаз.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі