
23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская натарыяльная палата і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі падпісалі 23 мая пагадненне аб супрацоўніцтве. Подпісы пад дакументам паставілі кіраўнікі арганізацый Наталля Барысенка і Станіслаў Юрэцкі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БНП.
Пагадненне прадугледжвае правядзенне сумесных мерапрыемстваў, у тым ліку падрыхтоўку кніжных выстаў і тэматычных экспазіцый па тэмах канферэнцый, семінараў, лекцый і майстар-класаў, а таксама абмен інфармацыяй, фарміраванне ўніверсальных інфармацыйных рэсурсаў і інш.
"Падпісанне пагаднення стала яшчэ адным важкім крокам у пашырэнні нашай работы ў рамках прававой асветы грамадзян, асабліва моладзі, а таксама ў напрамку навукова-асветных праектаў", - адзначыла Наталля Барысенка.
Паводле яе слоў, у грамадстве ёсць вялікае запатрабаванне на вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны, таму Беларуская натарыяльная палата ў Год міру і стварэння сумесна з буйнейшымі бібліятэкамі краіны праводзіць маштабны праект, прысвечаны гісторыі развіцця натарыяльнай дзейнасці і беларускай дзяржаўнасці ў цэлым. "Падпісаннем пагаднення мы адкрываем тэматычную кніжную экспазіцыю ў Цэнтральнай навуковай акадэмічнай бібліятэцы, каб кожны жадаючы мог дакрануцца да сваёй гісторыі і культуры", - сказала старшыня БНП.
Наталля Барысенка і Станіслаў Юрэцкі абмеркавалі і іншыя напрамкі супрацоўніцтва і двухбаковага ўзаемадзеяння, у прыватнасці па лініі Савета маладых натарыусаў і Савета маладых вучоных НАН. Затым супрацоўнікі бібліятэкі для прадстаўнікоў апарату Беларускай натарыяльнай палаты правялі азнаямленчую экскурсію з дэманстрацыяй чытальных залаў і кабінетаў. Яны расказалі аб гісторыі стварэння бібліятэкі і цікавых людзях, звязаных з ёю, асаблівасцях яе работы.
Не пакінулі без увагі і фонд бібліятэкі - адзін з самых багатых навуковых фондаў Беларусі. Цяпер ён налічвае каля 4,5 млн адзінак захоўвання. Тут прадстаўлены навуковыя і навукова-папулярныя выданні па ўсіх галінах навукі, на мовах практычна ўсіх краін свету не толькі на прывычных папяровых носьбітах, але і на кампакт-дысках, мікрафішах. Бібліятэка мае самы вялікі і найбольш поўны ў Беларусі збор замежнай літаратуры прыродазнаўча-навуковай тэматыкі, а таксама багаты выбар мастацкіх кніг.
Асаблівую цікавасць уяўляюць сабой экспанаты Цэнтра даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў. Тут можна знайсці ўнікальныя арыгінальныя матэрыялы і дакументы, якія ўяўляюць сабой вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць. Цяпер у сховішчах цэнтра налічваецца 64 асабістыя архівы вядомых дзеячаў навукі і культуры, а таксама калекцыя матэрыялаў па гісторыі, навуцы, культуры, у якой сканцэнтраваны каштоўныя і ў многім унікальныя гістарычныя дакументы ад сярэдневякоўя і да нашых дзён. Сапраўдная жамчужына калекцыі - збор кніг, якія належалі раней бібліятэцы Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі - больш за 3,5 тыс. экзэмпляраў. Гэта вельмі каштоўны гісторыка-культурны помнік сусветнага значэння, які з'яўляецца крыніцай па вывучэнні культуры і навукі, паўсядзённага жыцця не толькі Беларусі, Літвы і Польшчы, але і ўсёй Еўропы.
Завяршылася азнаямленчая экскурсія наведваннем мемарыяльнага кабінета беларускага паэта акадэміка Пятра Глебкі. Спецыялісты бібліятэкі аднавілі абстаноўку, поўнасцю ідэнтычную той, у якой працаваў пісьменнік. Тут прадстаўлена яго кніжная калекцыя - амаль 4 тыс. кніг, а таксама асабістыя рэчы, у тым ліку сшытак, карціны і падарункі.
Тэматычная кніжная экспазіцыя па гісторыі натарыята ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН прадоўжыцца да 12 чэрвеня 2023 года. Маштабны праект пад эгідай Беларускай натарыяльнай палаты стартаваў у лютым з Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі, а завершыцца ў лістападзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.-0-