
25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты на пасяджэнні дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання прынялі законапраект "Аб прыпыненні дзеяння Пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Рэспублікі Польшча аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праект закона ўнесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам Міністраў.
Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Польшчы аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі падпісана ў Варшаве 20 ліпеня 2016 года. Яно ратыфікавана законам Беларусі ад 14 снежня 2016 года нумар 7-З "Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Рэспублікі Польшча аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі" і ўступіла ў сілу 29 снежня 2016 года.
Законапраект у Авальнай зале прадставіў міністр адукацыі Андрэй Іванец. "Адной з падстаў для заключэння пагаднення з'явілася нармалізацыя адносін паміж Польшчай і Беларуссю. Палажэннямі пагаднення былі вызначаны асноўныя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Гэта развіццё прамых кантактаў паміж установамі адукацыі і навуковымі арганізацыямі, узаемны абмен студэнтамі, аспірантамі, прафесарска-выкладчыцкім складам, а таксама арганізацыя перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў у галіне беларускай і польскай філалогіі. Разам з тым на працягу апошніх двух гадоў мы бачым з боку Польшчы шэраг недружалюбных крокаў, у тым ліку ў рамках дзейнасці міжнародных структур", - адзначыў ён.
Пагадненне не змяшчае палажэнняў аб магчымасці яго прыпынення. Згодна з артыкулам 62 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў ад 23 мая 1969 года дзеянне пагаднення можа быць прыпынена ў сувязі з карэнным змяненнем абставін, якія існавалі на момант падпісання міжнароднага дагавора. Пры гэтым прыпыненне дзеяння пагаднення абумоўлена неабходнасцю забеспячэння нацыянальных інтарэсаў, у тым ліку ў мэтах прадухілення адтоку выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў за мяжу.
У адпаведнасці з артыкулам 44 закона "Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь" прынята рашэнне аб прыпыненні дзеяння міжурадавага пагаднення.-0-