
26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прыняла на навучанне ў медыцынскія ВНУ індыйскіх студэнтаў з Украіны. Аб гэтым расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь Алок Ранджан Джа ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА ў дзень нацыянальнага свята, якое адзначаецца 26 студзеня.
"Я хацеў бы скарыстацца магчымасцю, каб падзякаваць беларускім уладам за садзейнічанне ў пераводзе ў ВНУ Беларусі індыйскіх студэнтаў, якія раней навучаліся ва Украіне", - сказаў кіраўнік дыпламатычнай місіі.
Цяпер у Беларусі вучыцца амаль тысяча індыйскіх студэнтаў. "Большасць з іх навучаюцца ў медыцынскіх ВНУ, якасць адукацыі ў якіх вельмі высокая", - адзначыў пасол.
Алок Ранджан Джа запрасіў беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы да супрацоўніцтва ў сумесных праектах і даследаваннях з індыйскімі калегамі, такімі як група індыйскіх інстытутаў тэхналогій і група нацыянальных тэхнічных інстытутаў і іншымі адукацыйнымі ўстановамі.
Пасол дадаў, што яшчэ з часоў Савецкага Саюза Індыя зацікаўлена ў развіцці ўсебаковых адносін паміж нашымі народамі.-0-