
25 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь распрацавала і прапанавала краінам СНД мадэльны закон аб рэгуляванні штучнага інтэлекту. Аб гэтым расказаў генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Круглікаў у час дыскусіі "Этыка і рэгуляванне штучнага інтэлекту на прасторы ЕАЭС", якая адбылася 25 мая ў Маскве на палях II Еўразійскага эканамічнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сяргей Круглікаў паведаміў, што інстытут выйграў конкурс на распрацоўку праекта гэтага закона. Дакумент ужо быў прадстаўлены ў маі на пасяджэнні экспертнага савета Міжпарламенцкай асамблеі СНД. "Атрымаць права распрацоўкі такога мадэльнага закона - сведчанне высокага ўзроўню даверу да нашай краіны", - адзначыў ён.
"Распрацоўка мадэльнага закона аб штучным інтэлекце з'яўляецца фарміраваннем сістэмы прававога рэгулявання грамадскіх адносін, якія ўзнікаюць у сувязі з развіццём і выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту. Вядома ж, гэта ўсё накіравана на карысць развіцця эканомік нашых краін", - сказаў генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі.
Ён таксама пералічыў асноўныя задачы гэтага мадэльнага закона: "Па-першае, гэта стварэнне спрыяльных прававых і арганізацыйных умоў для развіцця тэхналогій штучнага інтэлекту, садзейнічанне інвестыцыям у даследаванні і інавацыі ў галіне штучнага інтэлекту. Па-другое, гэта фарміраванне адзінага рынку законных, бяспечных і вартых даверу дадаткаў на аснове штучнага інтэлекту. Гэта таксама садзейнічанне развіццю даступных экасістэм штучнага інтэлекту з лічбавай інфраструктурай, ажыццяўленне трансгранічнага і, магчыма, міжсектаральнага супрацоўніцтва ў мэтах дасягнення прагрэсу адказным кіраваннем давераным штучным інтэлектам, фарміраванне пазітыўнага парадку дня пры ўкараненні тэхналогій штучнага інтэлекту. І абавязковае пытанне - павышэнне лічбавай дасведчанасці насельніцтва, а таксама адпаведных кіраўнікоў у дзяржаўных органах. Наступны момант - забеспячэнне справядлівага і аптымальнага балансу інтарэсаў паміж усімі ўдзельнікамі грамадскіх адносін у галіне штучнага інтэлекту. Вядома ж, гарантаваная бяспека выкарыстання і размяшчэння сістэм штучнага інтэлекту і іх ўкаранення. І нарэшце, стварэнне гібкіх механізмаў, якія дазваляюць дынамічна адаптаваць прававую аснову".
"Гэта значыць, мы гаворым, што мадэльны закон аб штучным інтэлекце ў краінах СНД павінен стаць такім апераджальным механізмам па выкарыстанні сучасных інфармацыйных тэхналогій", - рэзюмаваў Сяргей Круглікаў.
"Цяпер модна гаварыць "разумныя гарады", "разумныя вытворчасці", "разумная ахова здароўя" і гэтак далей: усё роўна мы будзем сутыкацца з інтэлектуальнымі сістэмамі. І мы акцэнтуем увагу на тым, каб гэтыя сістэмы былі праверанымі", - дадаў гендырэктар Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі.-0-