ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 26 верасня 2023
Мінск Ясна +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 мая 2023, 19:46

Абельская аб выніках праверкі аховы здароўя: выяўлены шэраг праблем

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нягледзячы на шэраг недахопаў, выяўленых пры праверцы міжведамаснай рабочай групай, ахова здароўя Беларусі функцыянуе і выконвае сваю асноўную задачу. Аб гэтым заявіла галоўны ўрач Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Абельская, якая кіравала міжведамаснай рабочай групай, на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па актуальных пытаннях аховы здароўя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ірына Абельская далажыла аб выніках праверкі эфектыўнасці функцыянавання сістэмы аховы здароўя ў частцы аказання медыцынскай дапамогі. Яна расказала, што рабочая група з лютага па сакавік 2023 года наведала 81 лячэбную ўстанову ва ўсіх абласцях і Мінску. Выбіраліся яны выпадкова. "Вынікі работы групы даволі дакладна адлюстроўваюць сітуацыю ва ўсёй сістэме аховы здароўя краіны. Нягледзячы на тое, што ў цэлым работа сістэмы аховы здароўя можа быць прызнана здавальняючай, быў выяўлены шэраг праблем, якія маюць сістэмны характар і ўплываюць на якасць і даступнасць аказання меддапамогі", - сказала яна.

Найбольш аб'ёмны блок недахопаў - у частцы арганізацыйна-кіраўніцкіх пытанняў. Былі адзначаны таксама недастатковы ўзровень падрыхтоўкі галоўных урачоў лячэбна-прафілактычных устаноў і іх намеснікаў, нізкая працоўная і выканальніцкая дысцыпліна, фармальны падыход да распрацоўкі лакальных нарматыўных дакументаў, дарожных карт па накіраванні і размеркаванні патокаў пацыентаў паміж установамі раёна і вобласці без вызначэння канкрэтных адказных асоб.

"У цэлым нарматыўна-прававая база сістэмы аховы здароўя патрабуе дасканалай экспертызы, аналізу і перагляду з пазіцыі практыкапрымянення і зваротнай сувязі з практычным звяном аховы здароўя", - звярнула ўвагу кіраўнік групы.

Асобна яна закранула пытанне акрэдытацыі медыцынскіх устаноў. Паводле яе слоў, пры такім падыходзе акрэдытацыя несвоечасовая і мае фармальны характар, а яе вынікі не ўплываюць на работу ўстаноў, якія, з'яўляючыся адзінымі ў сваіх населеных пунктах, у любым выпадку працягваюць функцыянаваць.

Ірына Абельская падкрэсліла, што востра стаіць пытанне ўкамплектаванасці кадрамі, рацыянальнага выкарыстання ложкавага фонду, медабсталявання. Пры даволі высокім узроўні забяспечанасці ўрачэбнымі і сястрынскімі кадрамі ў параўнанні з іншымі краінамі захоўваюцца экстэнсіўныя падыходы да кадравага забеспячэння.

Паводле яе слоў, у пераважнай большасці наведаных лячэбных устаноў медыцынскія работнікі ў размове адзначалі, што задаволены і заработнай платай, і вырашэннем жыллёвых пытанняў, і забеспячэннем вырабамі медыцынскага прызначэння, медабсталяваннем. "Нягледзячы на шэраг выяўленых недахопаў, у тым ліку і сістэмных, ахова здароўя Беларусі функцыянуе і выконвае сваю асноўную задачу. Але шмат у чым - за кошт пэўнага запасу трываласці і істотных рэсурсаў, якія дзяржава траціць на яе ўтрыманне", - падкрэсліла галоўны ўрач.

У ліку недахопаў была адзначана адсутнасць адзінага падыходу ў пытаннях падпарадкаванасці лячэбна-прафілактычных устаноў, бальніц.

Прэзідэнт у адказ звярнуў увагу, што ў Беларусі ўжо выбудавана кіраўніцкая вертыкаль улады і неабходнасці ў яе пераўтварэнні няма. "Сістэма тут мною калісьці была створана. Іншая справа, што гэта ўсё забыта і закінута. Губернатары павінны адказваць непасрэдна за вобласць. Культура, спорт, адукацыя, ахова здароўя ў іх. Яны павінны стварыць сістэму прызначэння, вызвалення. А вось закупкі і іншае ў нас ажыццяўляюцца з мясцовага і рэспубліканскага бюджэтаў. І вось тут Міністэрству аховы здароўя ніхто не перашкаджае, не забараняе, яны павінны ўсё гэта ўзгадніць. Але пафігісцка-наплявацельскае стаўленне міністра да гэтага стварыла вось такую катавасію", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Гэта значыць, нібыта сістэма створана ў нарматыўным плане, але яна не функцыянуе, таму што галава не працуе. А калі б галава працавала ў выглядзе віцэ-прэм'ера, міністра аховы здароўя, тады ўсе варушыліся б. Таму перш чым ламаць - трэба аднавіць. Аднавіць тое, што некалі было створана", - паставіў задачу Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі