ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 26 лістапада 2022
Мінск -4°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 кастрычніка 2022, 13:34

Ці будзе ў Беларусі мабілізацыя? Лукашэнка яшчэ раз расставіў кропкі над "і" і абверг фэйкі

Фота з архіва
Фота з архіва

4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі няма неабходнасці аб'яўляць мабілізацыю. Тым не менш у краіне атрымаюць урокі з расійскага вопыту ў гэтым пытанні. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе па пытаннях ваеннай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Яшчэ раз падкрэсліваю: нам няма неабходнасці аб'яўляць мабілізацыю. На шчасце, вайны на тэрыторыі Беларусі няма", - запэўніў беларускі лідар.

Тым не менш Беларусь удзяляе важную ўвагу пытанню мадэрнізацыі і развіцця Узброеных Сіл, сілавых структур, прыстасоўваючы іх пад рэаліі сучасных ваенных канфліктаў. "Робім адпаведныя высновы і атрымліваем урокі з тых войнаў і канфліктаў, якія адбываліся і адбываюцца на планеце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Гэта ж датычыцца і работы з рэзервам, аднак размовы аб мабілізацыі ў Беларусі кіраўнік дзяржавы назваў фэйкам.

"Папярэджваю ваенных, асабліва праз вас ваенкаматы. Як толькі ў Расіі аб'явілі мабілізацыю, мы бачым, якія там недахопы. Не будзем лезці ў сутнасць пытання - гэта справа Расійскай Федэрацыі, як праводзіць мабілізацыю. Але калі разаслалі павесткі, некаторых людзей на месцы не аказалася ў Расіі. Хтосьці памёр, хтосьці збег, хтосьці хворы незразумела які і гэтак далей. Гэта для нас урок, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Таму праз ваенкаматы мы правяралі і будзем правяраць ваеннаабавязаны склад, усіх ваеннаабавязаных, якія лічацца ў нас у запасе. Трэба ў кожным раёне без усякага гвалту, без шуму. Тое, што я вам даручаў. Скончыцца ўборачная кампанія, акуратна трэба прызваць у раёне людзей, паглядзець іх наяўнасць і ўдакладніць усе нашы матэрыялы, спісы і дакументы ў ваенкаматах".

"Яшчэ раз падкрэсліваю: хтосьці хворы, хтосьці кульгавы, хтосьці памёр, хтосьці паехаў... Розныя могуць быць сітуацыі. І мы павінны бачыць, што мы маем на сённяшні дзень. Гэта ніякага дачынення да мабілізацыі не мае. Мы заўсёды гэта рабілі", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.

І яшчэ адзін урок мабілізацыі ў Расіі заключаецца ў падрыхтоўцы людзей да абароны сваёй зямлі і сем'яў, калі будзе такая неабходнасць. "Так, правялі ў Расіі мабілізацыю, так, прызвалі людзей. Але многія з іх забылі, што такое зброя. Таму рэзервістаў, нашы войскі тэрытарыяльнай абароны мы пастаянна абучалі і будзем абучаць. Яшчэ раз хачу падкрэсліць свой тэзіс: кожны, хто павінен і можа трымаць зброю ў руках у Беларусі, павінен умець ёй карыстацца. Хаця б элементарнай. Гэта датычыцца і жанчын, і мужчын. Яны павінны асвоіць хаця б стралковую зброю для таго, каб абараніць, не дай бог здарыцца што, сваю сям'ю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заявіў, што мэта Узброеных Сіл Беларусі і сілавікоў - абараніць сваю зямлю і дзяржаву. "Усё. Ніякіх іншых мэт мы сёння не ставім. А да вайны рыхтуемся, таму што ўсякае можа быць, - сказаў Прэзідэнт. - Таму вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца. І перш за ўсё вучыцца ваеннай справе належным чынам. Такія лозунгі ў нас заўсёды былі. Вось мы і будзем вучыцца".

Прэзідэнт заклікаў у гэтым плане не звяртаць увагі на тое, што скажуць у сувязі з гэтым: "Ах, мы там пачалі праверку ў нейкім ваенкамаце нашых рэзервістаў... Правяралі і будзем правяраць! Але гэта не для таго, каб іх кудысьці накіроўваць кагосьці забіваць. Я не апраўдваюся, але я хачу, каб вы гэта разумелі. У той жа час, калі не дай бог што здарыцца, мы бегчы за мяжу не будзем. Мы будзем абараняць свой дом і сваю зямлю".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі