
30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, разгледзеўшы кадравыя пытанні, назначыў Канстанціна Моластава новым старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Да назначэння кіраўніком ДПК Канстанцін Моластаў займаў пасаду начальніка Гродзенскай пагранічнай групы.
Анатоль Лапо, які ўзначальваў раней Дзяржпагранкамітэт, звольнены з ваеннай службы ў запас.
Канстанцін Моластаў нарадзіўся 30 мая 1970 года ў горадзе Чырвонаармейску Саратаўскай вобласці Расіі. У 1993 годзе скончыў Алмацінскае вышэйшае пагранічнае каманднае вучылішча, у 2004 годзе - Пагранічную акадэмію Федэральнай службы бяспекі Расіі, у 2011-м - Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у 2019-м - Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.
З 1993 па 2014 год праходзіў службу ў розных падраздзяленнях пагранічных войскаў. У 2014 годзе быў назначаны на пасаду начальніка Гродзенскай пагранічнай групы, якую займаў да гэтага часу.
Узнагароджаны ордэнам "За службу Радзіме" III ступені, медалямі "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы", "За бездакорную службу" I, II і III ступеней.-0-