
6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па бягучых пытаннях уступнай кампаніі запатрабаваў звярнуць сур'ёзную ўвагу на мэтавы набор у ВНУ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я хачу папярэдзіць па мэтавіках: людзі павінны разумець, што яны атрымліваюць адукацыю і вяртаюцца на канкрэтнае месца працы, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Замуж - не замуж, усё роўна адпрацаваць трэба. Вядома, мы па-чалавечы будзем падыходзіць. Але мэтавікі павінны дакладна разумець, што ім давядзецца, згодна з дамоўленасцю, адпрацаваць пэўны час. І гэты час павінен быць салідным. Не два-тры гады, а мінімум пяць гадоў".
Прэзідэнт падкрэсліў, што мэтаваму набору трэба ўдзяліць сур'ёзную ўвагу. "Ад гэтага мы нікуды не дзенемся, таму што нам патрэбны і настаўнікі, і ўрачы, і аграномы, і заатэхнікі на канкрэтным месцы ў канкрэтным рэгіёне. І людзі, якія жадаюць паступаць у ВНУ і несці абавязацельствы па мэтавым прызначэнні, ёсць. Іх хапае, таму трэба падтрымліваць. У асноўным гэта дастойныя людзі, якія ідуць і працуюць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец, менавіта такіх падыходаў і прытрымліваюцца пры правядзенні ўступнай кампаніі. "Мэтавіком павінен быць не толькі матываваны, але і падрыхтаваны абітурыент", - сказаў ён.
5 чэрвеня завяршыўся прыём дакументаў на мэтавае навучанне ў ВНУ. Амаль 4,7 тыс. абітурыентаў захацелі стаць мэтавікамі. З 6 па 13 чэрвеня іх чакае ўсяго адзін унутраны экзамен па першым профільным прадмеце ў вуснай або практычнай форме. Залічаць ва ўніверсітэты мэтавікоў па 16 чэрвеня.
У кожную прыёмную камісію ўключаны настаўнік-прадметнік. Гэта важнейшы аспект, таму што ў прафесара могуць быць завышаныя патрабаванні да абітурыентаў, адзначыў міністр адукацыі. "Забяспечана аўдыя-, відэафіксацыя. Забяспечаны камфортныя ўмовы, каб абітурыенты не чакалі па тры, пяць, дзесяць гадзін пад дзвярамі. На працягу гэтага тыдня ўжо мы ўбачым вынікі прыёму вуснага экзамену і зможам зрабіць прапановы па далейшым удасканаленні гэтага напрамку прыёму дакументаў", - адзначыў Андрэй Іванец.-0-