
27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з 20-годдзем з дня ўтварэння, паведамілі БЕЛТА у прэс-службе беларускага лідара.
"Стварэнне два дзесяцігоддзі таму новай структуры, непасрэдна падпарадкаванай кіраўніку дзяржавы, мела самую высакародную мэту: захаваць для нашчадкаў нашу бясцэнную спадчыну - багацце і прыгажосць беларускай прыроды. Сёння можна смела канстатаваць, што пастаўленыя тады задачы вамі паспяхова выконваюцца", - гаворыцца ў віншаванні.
Дзякуючы высокаму прафесіяналізму і адказнаму стаўленню да справы супрацоўнікаў дзяржінспекцыі за гэтыя гады ў краіне створана надзейная сістэма аховы дзікіх жывёл, лясных і рыбалоўных угоддзяў, арганізаваны эфектыўны кантроль за рацыянальным выкарыстаннем ляснога фонду, падкрэсліў беларускі лідар.
Асаблівыя словы ўдзячнасці ён адрасаваў ветэранам, якія закладвалі традыцыі і пачыналі ўсю работу па барацьбе з браканьерствам, удасканаленні прыродаахоўнага заканадаўства, інфармаванні насельніцтва і прафілактыцы правапарушэнняў.
"Было няпроста, і мы заўсёды павінны памятаць імёны тых, хто ахвяраваў сваімі жыццямі, выконваючы службовы абавязак, - адзначыў Прэзідэнт. - Упэўнены, што, валодаючы добра падрыхтаванымі кадрамі і неабходным тэхнічным патэнцыялам, інспекцыя і ў далейшым будзе з гонарам выконваць сваю ўнікальную місію - берагчы і абараняць здабытак, які належыць усяму народу: цяперашнім і будучым пакаленням".
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў калектыву дзяржінспекцыі за добрасумленную службу і пажадаў моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, мірнага неба і новых прафесійных дасягненняў на карысць Беларусі.-0-