
23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў жорстка спагнаць з адказных асоб у выпадку росту жаночых анкалагічных захворванняў у краіне. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе па актуальных пытаннях аховы здароўя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адным з сур'ёзных недахопаў, выяўленых рабочай групай у сістэме аховы здароўя, стаў фармальны падыход да правядзення дыспансерызацыі насельніцтва. Як адзначыла галоўны ўрач Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Абельская, якая кіравала гэтай групай, людзей не выклікаюць масава ў паліклінікі для актыўнага апытання і анкетавання, а прымаюць для дыспансерызацыі толькі тых, хто звярнуўся сам па тых ці іншых прычынах. "Пераважная большасць звяртаюцца ў паліклінікі па факце захворвання. І ім праводзіцца ўжо дыспансерызацыя па факце захворвання. Гэту работу (па дыспансерызацыі. - Заўвага БЕЛТА) трэба праводзіць, але яна патрабуе на сённяшні дзень аналізу і растлумачэння на месцах, як трэба працаваць, а таксама камп'ютарызаваных працоўных месцаў. Інакш гэта зноў фармальны падыход да правядзення гэтага важнага мерапрыемства", - звярнула ўвагу Ірына Абельская.
"І як вынік, толькі што было сказана, - кожны пяты ў нас на працягу года памірае ад раку", - удакладніў Прэзідэнт.
Галоўны ўрач наконт гэтага растлумачыла: каля 20 працэнтаў - гэта гадавая смяротасць, гэта значыць, калі на працягу года выяўлена ўпершыню 100 чалавек з анкалагічным захворваннем, то з іх гэты працэнт на працягу першага года памірае, таму што захворванне выяўлена на позніх стадыях.
У сваю чаргу Уладзімір Каранік (губернатар Гродзенскай вобласці, які раней доўгі час працаваў анколагам і кіраваў Мінскім гарадскім анкадыспансерам) заўважыў, што негатыўны ўклад у сітуацыю з раннім выяўленнем анказахворванняў унесла пандэмія. Людзі радзей звярталіся да ўрачоў па іншых падставах, і, як вынік, выяўленне анкалагічных хвароб знізілася на 14 працэнтаў у параўнанні з дапандэмійным перыядам. "Наша задача на бліжэйшыя год-два - максімальна аператыўна гэтых пацыентаў з пачатковым праяўленнем, якіх цяпер нічога не трывожыць і яны не звяртаюцца, знайсці і выявіць, пакуль яны не перайшлі ў 3-ю і 4-ю стадыі", - сказаў Уладзімір Каранік.
"Растлумач, гэта нармальна, калі жанчына памірае ад раку грудзей і раку шыйкі маткі? - звярнуўся да яго кіраўнік дзяржавы. - Мы ж гэта лячыць можам і выратаваць чалавека. Я многіх людзей ведаю, мне давялося ўнікаць, лячыць такіх людзей, якія жывуць ужо восьмы-дзявяты год".
"Па раку шыйкі маткі - абсалютна згодны з вамі, ненармальна, - адказаў Уладзімір Каранік. - На сённяшні момант ёсць усе магчымасці для ранняга выяўлення. Тое, што датычыцца раку малочнай залозы, ад 5 працэнтаў да 7 працэнтаў - гэта спадчынная схільнасць. Гэта дэфект проціпухліннай абароны, і, на жаль, ва ўсіх краінах на гэты працэнт мы паўплываць не можам. Гэта, як правіла, ранні агрэсіўны рак у маладых жанчын, які дрэнна паддаецца лячэнню".
"Гэта значыць, у нас узровень смяротнасці ад раку малочнай залозы лепшы, чым ва ўсім свеце?" - спытаў Прэзідэнт.
"Па многіх паказчыках не горшы, - сказаў у адказ Уладзімір Каранік. - Мы павінны разумець, што гэта дасягаецца часта вельмі дарагім лячэннем".
"Не толькі міністр (аховы здароўя. - Заўвага БЕЛТА), але і ты галавой адкажаце за жаночыя хваробы. І вы мне тут не расказвайце радасныя карціны. Мы адказваем за жанчын", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-