
23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад адказных асоб узмацніць якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі ў вёсцы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе па актуальных пытаннях аховы здароўя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У якасці вострай праблемы кіраўнік дзяржавы абазначыў даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі ў вёсцы. "Я вам ніколі за вёску не дарую. Ніколі! Запомніце гэта. Перш за ўсё губернатары. Я з вас шкуру здзяру, але вы наведзяце там парадак!" - падкрэсліў беларускі лідар.
Асобна Прэзідэнт закрануў тэму аптымізацыі фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў падыходзіць да пытання ўзважана, абдумана, зыходзячы ў першую чаргу з інтарэсаў людзей і мэтазгоднасці. "Закрывайце, аптымізуйце, ніхто не супраць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Але вы ж спачатку комплексы на колах завязіце, якімі вы хочаце замяніць ФАПы (размова аб перасовачных медыцынскіх комплексах. - Заўвага БЕЛТА), а потым закрывайце". А што датычыцца аргумента аб эканоміі фінансавых сродкаў за кошт аптымізацыі ФАПаў, то Прэзідэнт заўважыў, што затраты на іх утрыманне не настолькі вялікія, калі штат супрацоўнікаў там зусім невялікі. "І што, нам такія дарагія гэтыя ФАПы? Адзін чалавек ходзіць, фельчар", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На прыкладзе Расіі, дзе спачатку закрылі такія медустановы на месцах, а потым усвядомілі памылковасць такіх рашэнняў і спрабуюць іх цяпер вярнуць, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу, што аптымізацыя павінна быць добра абдуманай: "Яны пазакрывалі, а цяпер спрабуюць гераічна назад вярнуцца. Мы што робім? Разбярыцеся. ФАПы, участковыя бальніцы… Там жа нашы людзі жывуць".
"Неадкладна разбярыцеся! Наталля Іванаўна (старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. - Заўвага БЕЛТА), вы кантралюеце гэту сферу, падключыцеся", - даручыў кіраўнік дзяржавы.-0-