
3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу перад урадам і эканамічным блокам краіны ў наступным годзе захаваць цяперашні ўзровень абароненасці насельніцтва, знізіўшы інфляцыю. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.
"Вось што я ад урада хачу бачыць у наступным годзе: захавайце вось гэты ўзровень абароненасці насельніцтва. Вось што ёсць у гэтым годзе, трэба захаваць. І ледзь-ледзь панізіць інфляцыю. Гэта разам з Калаурам (старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур. - Заўвага БЕЛТА). Усё. Я больш ад вас не патрабую ў гэтай сітуацыі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, справа нават не ў санкцыях. "Вы бачыце, што зноў у сувязі з гэтым амікронам (новы штам COVID-19, які распаўсюджваецца. - Заўвага БЕЛТА), пандэміяй пачала апускацца сусветная эканоміка. Мы ж не веліканы, як Амерыка або Кітай. Зразумела, што калі сусветная эканоміка апускаецца, яна будзе ў гэту варонку зацягваць перш за ўсё і Беларусь. Будзе цяжка разлічваць на нейкія вялікія прарывы, паказчыкі там, "ВУП 7 працэнтаў дадзім або вышэй за сусветны". Мы рэалісты. Таму галоўная наша задача - узровень гэтага года захаваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што гэты ўзровень у Беларусі хоць і адносна невысокі, але дастатковы для таго, каб жыць. "Жыць можна. Толькі трэба і людзям варушыцца крыху. Як я ўжо гаварыў, распранайцеся і пачынайце працаваць. Ну калі яшчэ крыху дабавіце (размова аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця. - Заўвага БЕЛТА), ну тады - героі", - сказаў Прэзідэнт.
Як далажыў на нарадзе прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, у бягучым годзе эканоміка краіны функцыянуе ў жорсткіх умовах нарастаючага знешняга санкцыйнага націску. Прыкметны ўплыў аказваюць на дзелавую актыўнасць таксама абмежаванні, звязаныя з пандэміяй COVID-19. "Не ў нашай краіне, а ў цэлым у сусветнай эканоміцы", - удакладніў ён.
Тым не менш у гэтых няпростых умовах эканоміка Беларусі дэманструе ўстойлівасць да існуючых і ўзнікаючых новых эканамічных і палітычных выклікаў і пагроз. "З 6 важнейшых параметраў прагнозу выканана 4. Галоўнае - выконваецца мэтавая задача, вызначаная кіраўніком дзяржавы на бягучы год, - гэта павышэнне ўзроўню дабрабыту насельніцтва на аснове збалансаванага эканамічнага росту", - заявіў прэм'ер.

Паводле яго слоў, стабільна і эфектыўна функцыянуюць прадпрыемствы, бізнес, дзяржаўныя і камерцыйныя ўстановы, выконваюцца ўсе сацыяльныя абавязацельствы і гарантыі дзяржавы. Колькасць занятых у эканоміцы захавана. Узровень беспрацоўя знаходзіцца ў прагнозным калідоры.
"Рэальныя наяўныя даходы насельніцтва павялічыліся на 2,6 працэнта. Рэальная зарплата (гэта значыць з папраўкай на інфляцыю) - на 4,8 працэнта вышэйшая за ўзровень мінулага года", - далажыў Раман Галоўчанка.
Ён адзначыў, што ў рэальным сектары эканомікі рост зарплаты забяспечаны выключна ростам прадукцыйнасці працы. "Значыць, гэтыя грошы зароблены", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.
Што датычыцца бюджэтнай сферы, то там намінальная зарплата вырасла на 14,8 працэнта, а рэальны рост з карэкціроўкай на інфляцыю, - на 5,1 працэнта.
Выконваецца таксама даручэнне вытрымліваць суадносіны зарплаты бюджэтнікаў і сярэдняй па краіне на ўзроўні 80 працэнтаў. "Маем нават крыху больш. Зарплата ўрачоў і настаўнікаў ужо складае 156 працэнтаў і 81 працэнт да сярэдняга ўзроўню па краіне адпаведна", - далажыў Раман Галоўчанка.
У цэлым, падкрэсліў ён, эканоміка развіваецца на якаснай і збалансаванай аснове.-0-