Сцяг Аўторак, 28 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 красавіка 2024, 15:10

Дзе ў Беларусі пабудаваць селекцыйна-генетычны цэнтр па птушкагадоўлі? Лукашэнку прапанавалі варыянты

Фота з архіва
Фота з архіва
16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны 16 красавіка прапанаваў абмеркаваць варыянты будаўніцтва сучаснага селекцыйна-генетычнага цэнтра ў птушкагадоўлі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
 
Характарызуючы сітуацыю ў птушкагадоўлі ў цэлым, Прэзідэнт адзначыў нязначны рост вытворчасці мяса птушкі і зніжэнне вытворчасці яек. Пры гэтым ёсць праблема з падзяжом птушкі, што павялічыўся амаль на 12 працэнтаў. Самы высокі падзеж - у Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Прычыны - невыкананне тэхналогіі камплектавання птушнікаў і ветэрынарна-санітарных правіл утрымання птушкі, а таксама недахоп паўнацэнных кармоў.

"Наша мясная птушкагадоўля пакуль залежыць ад імпарту прабацькаўскага пагалоўя. Таму ключавая задача тут - знізіць гэту залежнасць. Знізіць рэвалюцыйным чынам, - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка. - Да гэтага часу мы таксама не маем альтэрнатывы завозу куранят для вытворчасці інкубацыйных яек".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней ім была пастаўлена задача Савету Міністраў па будаўніцтве сучаснага селекцыйна-генетычнага цэнтра яечнага напрамку. Урад прапанаваў стварыць такі цэнтр на базе ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі".
 
"Але перш чым прыняць канчатковае рашэнне, мы павінны разгледзець варыянты з кіраўнікамі профільных прадпрыемстваў. Гэта ж агульная праблема. Грошы трэба будзе ўкласці немалыя і ўсім. У мяне адно пытанне: чаму не стварыць прадпрыемства, незалежнае ад канкрэтных птушкафабрык?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка, удакладніўшы, ці не ўзнікне ў такім выпадку канфлікт інтарэсаў. Гэту тэму Прэзідэнт даручыў абмеркаваць і выйсці на канкрэтнае рашэнне.

Стратэгічная задача, паводле слоў Прэзідэнта, - забяспечыць тэхналагічную і біялагічную абарону птушкагадоўлі, давесці аб'ёмы вытворчасці прадукцыі да 800 тыс.т мяса птушкі і 4 млрд штук яек.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі