ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Нядзеля, 5 красавіка 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +5°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 лютага 2020, 12:34

Ад зямлі і на перспектыву - на што звяртаў увагу Лукашэнка пры назначэнні ў КДБ і МУС

У час назначэнняў
У час назначэнняў

25 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў кадравыя перастаноўкі ў структуры Камітэта дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных спраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На пасады ў гэтых ведамствах назначаны новыя першыя намеснікі. Сяргей Церабаў, раней начальнік упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці, назначаны першым намеснікам старшыні КДБ. У сваю чаргу ўпраўленне ў Гомельскай вобласці ўзначаліць Аляксандр Мельнікаў.

Першым намеснікам міністра ўнутраных спраў - начальнікам крымінальнай міліцыі назначаны Генадзь Казакевіч. Да гэтага часу ён кіраваў галоўным упраўленнем па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС.

Аляксандр Лукашэнка не абмежаваўся фармальнай працэдурай назначэння, а падрабязна распытаў кіраўнікоў Дзяржсакратарыята Савета бяспекі, МУС, КДБ, саміх назначаных аб сітуацыі ў курыруемых сферах, ступені кампетэнцыі, папярэднім вопыце. Галоўнае, чаго заўсёды патрабуе кіраўнік дзяржавы, - гэта падбор кіруючых кадраў на альтэрнатыўнай аснове.

"Гэтыя кандыдаты правераны. Нейкіх акалічнасцей, якія перашкаджаюць назначэнню, няма, таварыш Прэзідэнт", - адрапартаваў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў.

"Што напісаў Вакульчык (старшыня КДБ Валерый Вакульчык. - Заўвага БЕЛТА), тое і ёсць?" - задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.

"Не, праверылі рознабакова. З усімі структурамі", - запэўніў кіраўнік дзяржсакратарыята.

Тады Аляксандр Лукашэнка пераключыў сваю ўвагу на старшыню КДБ: "Валерый Паўлавіч (Вакульчык), вы ўпэўнены? Гэта ключавыя фігуры ў КДБ".

Але і ён пераконваў Прэзідэнта, што прапанаваныя людзі якраз тыя, хто лепш за ўсё падыходзіць на гэтыя пасады: "У адпаведнасці з вашымі патрабаваннямі мы зыходзілі з таго, што павінны быць рашучыя кіраўнікі, здольныя ўзначаліць работу на сваім участку і забяспечыць выкананне задач".

Аналагічнае пытанне наконт першага намесніка Прэзідэнт адрасаваў міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву: "Вы, Юрый, як лічыце? Вы ж, па-мойму, там прапаноўвалі сваіх, з войскаў (унутраныя войскі МУС. - Заўвага БЕЛТА)".

"Не, на гэту пасаду я прапаноўваў толькі Генадзя Аркадзьевіча. Прапаноўваў з войскаў на Дэпартамент аховы. Генадзь Казакевіч служыў на розных пасадах. Ваша патрабаванне, каб быў ад зямлі чалавек, захавана. Гэта юрыдычна найбольш дасведчаны афіцэр, акрамя таго, выкладае ў Акадэміі МУС", - сказаў міністр.

Юрый Караеў не прамінуў адзначыць і поспехі ў барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў, якой Генадзь Казакевіч непасрэдна займаўся на папярэдняй пасадзе. "Галоўнае, што мы зрабілі, - зрушылі з мёртвай кропкі барацьбу з наркотыкамі. Дасягненні мы пералічвалі, але яшчэ многае трэба будзе зрабіць", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна распытаў і самога Генадзя Казакевіча наконт тэндэнцый і статыстыкі ў рабоце крымінальнай міліцыі ў цэлым, наколькі вялікі аб'ём у яе дзейнасці займае напрамак наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі.

"Калі гаварыць аб структуры злачыннасці, то, безумоўна, колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку большая. Аднак калі мы гаворым аб вынаходлівасці злачынцаў, аб злачынствах у інтэрнэце, то падраздзяленне па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі з'яўляецца самай перадавой службай крымінальнай міліцыі МУС з пункту гледжання ІТ-тэхналогій", - падкрэсліў Генадзь Казакевіч.

У ліку найбольш важных напрамкаў работы ён таксама назваў барацьбу з карупцыяй, процідзеянне экстрэмізму. Разам з тым 70 працэнтаў злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку складаюць злачынствы супраць уласнасці і маёмасці грамадзян.

"На 30 працэнтаў застаюцца карупцыя, тэрор, наркотыкі і гандаль людзьмі... - зрабіў выснову Аляксандр Лукашэнка, атрымаўшы на гэта сцвярджальны адказ. - Я вас да гэтага і падводзіў, каб задаць пытанне. Вы дастаткова тут прафесіянальныя? Выбачайце за тое, што я задаю вам яго. Таму што апошнім часам вы ў асноўным займаліся барацьбой з наркотыкамі і гандлем людзьмі. Хоць гэта вельмі важныя, адносна новыя напрамкі, а вось гэта крымінальшчына... Ці заземлены вы, як сказаў Юрый Караеў, па гэтай тэматыцы?"

Генадзь Казакевіч расказаў, што раней працаваў на пасадзе начальніка следчага ўпраўлення горада, у службе па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Аператыўна-вышуковая дзейнасць у цэлым аднолькавая для ўсіх падраздзяленняў крымінальнай міліцыі, хоць і ёсць свая спецыфіка. "Буду ўнікаць у яе, арганізоўваць работу", - запэўніў ён.

На завяршэнне Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму запрасіў на гэтыя кадравыя назначэнні кіраўнікоў КДБ і МУС. Пытанне ў асаблівай значнасці пасады першага намесніка, які пры неабходнасці павінен мець дастатковыя кампетэнцыі, каб узначаліць ведамства. "Яны павінны за вамі ісці. І самы лепшы варыянт, калі першы намеснік або нехта з намеснікаў узначальвае міністэрства. Вось што для мяне вельмі важна. Каб вы разумелі, што вашы першыя намеснікі, калі раптам вас па пасадзе перавядуць на іншае месца, павінны ўзначаліць ведамства", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнта яшчэ раз запэўнілі, што ўсіх прапанаваных кіраўнікоў рыхтавалі загадзя і менавіта з такім прыцэлам. "Ад зямлі і на перспектыву", - ахарактарызаваў падыход да падбору кадраў Андрэй Раўкоў.

"Паглядзім. Гэта ж будзе відаць. Таму я пераканаўча прашу і вас, і кіраўніка Адміністрацыі, каб у нас не было... Ведаеце, міністр хоча з ім працаваць - няхай ідзе", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён згадаў аб прапановах па назначэнні ў Дэпартамент аховы МУС. "Вы ж ведаеце, што я не выношу, калі начальнік ідзе і за сабой цягне тых, з кім ён недзе працаваў. Так не павінна быць. Давайце людзей назначаць - прафесіяналаў або збоку. Каб не было кругавой парукі. Я не падазраю ў нечым. Але ў мяне адразу пытанне: няўжо толькі ва ўнутраных войсках ёсць кадры? Таму што міністр прыйшоў з унутраных войскаў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пры гэтым сказаў, што не ведае асабіста кандыдатуру ў Дэпартамент аховы. "Напэўна ён добры, талковы чалавек і прафесіянал. Але абавязкова павінна быць ракіроўка пры назначэнні кадраў", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што зусім не супраць вылучэння перспектыўных людзей, руху іх па кар'ернай лесвіцы. "Кадры павінны абнаўляцца, але ні ў якім разе не цягнуць за сабой шлейф тых людзей, з якімі калісьці служыў. У Дзяржсакратарыят накіроўвайце, урад, Адміністрацыю, калі яны талковыя. Рэкамендуйце іх, змагайцеся за іх", - сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі