ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 26 верасня 2022
Мінск Малавоблачна +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 жніўня 2022, 10:26

Ад імпартазамяшчэння да разлікаў і цэнаўтварэння. Што даручыў Лукашэнка па выніках пасяджэння ў Саўміне

У час пасяджэння
У час пасяджэння

10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 жніўня правёў пасяджэнне Савета Міністраў аб функцыянаванні эканомікі ва ўмовах санкцый і мерах па іх пераадоленні. На працягу некалькіх гадзін былі заслуханы даклады не толькі прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі, але і кіраўнікоў галін - сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспарту, будаўніцтва, калійнай галіны, банкаўска-фінансавай сферы. Усе асноўныя тэндэнцыі вывучаны на аснове даных статыстыкі, а па выніках размовы Аляксандр Лукашэнка даў канкрэтныя даручэнні па шэрагу напрамкаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аб узаемадзеянні з Расіяй

Зыходзячы з абмеркавання на пасяджэнні, кіраўнік дзяржавы даручыў узмацніць узаемадзеянне перш за ўсё з Расійскай Федэрацыяй. Ён, у прыватнасці, акцэнтаваў увагу на навукова-тэхнічных праграмах Саюзнай дзяржавы, адзначыўшы, што не павінна быць драбнатэмнасці.

"Максімальна трэба ўстараніць бар'еры з расійскімі партнёрамі па таварных пазіцыях, абмежаваных да ўвозу на тэрыторыі Расіі. Гэта і для мяне тэма для размовы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць стварэнне ў буйных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках Расіі беларускіх адзіных машынабудаўнічых цэнтраў з функцыямі сэрвісу: "Мы пастаянна пра гэта гаворым. Не трэба кожнаму прадпрыемству, асабліва ў прамысловасці, ствараць нейкі цэнтр. Трэба ствараць агульныя цэнтры".

Аб імпартазамяшчэнні

Прэзідэнт запатрабаваў паскорыць рэалізацыю планаў па імпартазамяшчэнні: "Вельмі важнае пытанне. Калі вы, Раман Аляксандравіч (прэм'ер-міністр. - Заўвага БЕЛТА) будзеце ўгаворваць, у вас нічога не атрымаецца. Трэба даводзіць заданне Пархомчыку (міністр прамысловасці Пётр Пархомчык. - Заўвага БЕЛТА), каму толькі можна: вось гэта вырабіце - дэталь, запчасткі - і пастаўце".

У гэтай жа плоскасці знаходзяцца пытанні па стварэнні праграмнага забеспячэння для той ці іншай прадукцыі. Тут можна не толькі задзейнічаць ПВТ, але ёсць і добрыя спецыялісты ў IT-сферы на шэрагу прадпрыемстваў, якія могуць стварыць неабходны праграмны прадукт, звярнуў увагу беларускі лідар.

Імпартазамяшчэння датычацца і некаторыя іншыя даручэнні - ад больш актыўнай распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў да вырошчвання некаторых культур у сельскай гаспадарцы. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на алей сланечніка. Пастаўляць яго можа і Расія, але Прэзідэнт даручыў прапрацаваць мэтазгоднасць пашырэння пасеваў сланечніка ў паўднёвых рэгіёнах Беларусі. "Слухайце, чым адрозніваецца клімат у вас ад Украіны? Ну, давайце спрабаваць. Я буду гэта спрабаваць на сваім эксперыментальным полі. Я Леаніду Канстанцінавічу (віцэ-прэм'ер Леанід Заяц. - Заўвага БЕЛТА) ужо даручыў: лубін, гарох, соя (паглядзім у Сенненскім раёне, Бешанковічах гэтыя палі - гэта яшчэ больш на поўнач), сланечнік, рапс і гэтак далей. Будзем глядзець, што там на поўначы ў нас атрымаецца. Трэба рухацца ў гэтым напрамку".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў некаторых раёнах Гомельскай вобласці традыцыйна атрымліваюць невысокія ўраджаі збожжавых, а таму можна падумаць над іншымі варыянтамі. "Магчыма, трэба акрамя кукурузы паспрабаваць вырошчваць і гэтыя культуры. Але трэба не проста на рынку семкі прадаць, а выціснуць алей сланечнікавы", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама даручыў вывучыць патрэбнасць у насенні, якое закупляецца па імпарце, пад ураджай 2023 года, папярэдзіўшы рызыкі дэфіцыту да пачатку пасяўной кампаніі. "Насенне трэба ў прынцыпе, каб было сваё. Мы ўжо нямала пра гэта гаварылі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Аб крэдытаванні праектаў, разліках і транспарце

Кіраўнік дзяржавы даручыў да мінімуму скараціць тэрміны разгляду заявак на крэдытаванне праектаў і фінансаванне з інавацыйных фондаў. Як было адзначана на пасяджэнні, часам гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца не зусім па прызначэнні, і гэта не ёсць добра. "Але горш, калі грошы будуць мёртвым грузам ляжаць і мы іх нават у вытворчасць не выкарыстаем. Але, вядома, разбазарваць не трэба", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Асобная ўвага банкаўскаму сектару і сферы разлікаў. "Трэба ўвесці магчымасць банкам ажыццяўляць разлікі ў турэцкай ліры, іншых альтэрнатыўных валютах", - даручыў кіраўнік дзяржавы.

Дадзены даручэнні і ў частцы тэрмінаў выканання вытворцамі абавязацельстваў перад пакупнікамі, удасканалення механізму правядзення закупак.

На пасяджэнні некалькі разоў узнімалася і тэма транспарту, аператыўнай дастаўкі прадукцыі замежным пакупнікам. У сувязі з гэтым яшчэ адно даручэнне - забяспечыць айчынныя прадпрыемствы дастатковай колькасцю кантэйнераў, вагонаў і чыгуначных платформ, аддаючы прыярытэт экспарцёрам.

Аб будаўніцтве жылля

Сітуацыя ў будаўнічай галіне дастаткова падрабязна разглядалася ў ходзе даклада профільнага міністра Руслана Пархамовіча. Аднак па выніках пасяджэння Аляксандр Лукашэнка зрабіў асаблівы акцэнт на будаўніцтве арэнднага жылля, даручыўшы павялічыць аб'ёмы яго будаўніцтва. "Асаблівая ўвага. Па жыллі трэба нам зноў вярнуцца да гэтага пытання", - сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў пытанні падтрымкі ў будаўніцтве жылля нельга "фінансаваць усіх разам", і тут справа за губернатарамі, каб яны прадумалі канкрэтныя прапановы. Але ў прыярытэце, як і раней, ваенныя, шматдзетныя сем'і.

"І разгрупаваць гэтыя інвестыцыі там, дзе патрэбна. Па ўсёй краіне. І будаваць трэба там. Не трэба невялікія льготныя рэсурсы раздаваць усім, хто нават мае і можа пабудаваць жыллё. І гэта момант, каб пераарыентавацца і заняцца нармальным будаўніцтвам жылля ў краіне", - даручыў беларускі лідар.

Вывады і прадметныя даручэнні

Завяршаючы пасяджэнне, Прэзідэнт абагульніў некаторыя даручэнні па розных напрамках.

Па-першае, ён распарадзіўся даручыць ураду, аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму сумесна з Нацыянальным банкам разгледзець прапановы груп, якія папярэдне працавалі ў рэгіёнах над вывучэннем тэндэнцый і праблемных пытанняў. Цяпер неабходна на практыцы рэалізаваць падрыхтаваныя рэкамендацыі.

Па-другое, Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць па выніках 2022 года выхад кожнай вобласці па валавым рэгіянальным прадукце на ўзровень не ніжэйшы за мінулы год.

Па-трэцяе, неабходна запоўніць упушчаную выгаду ад страты ў студзені-маі бягучага года экспартнай выручкі за кошт пераарыентацыі экспарту. Але актывізаваць супрацоўніцтва трэба імкнуцца і з так званымі недружалюбнымі краінамі. "Нічога не трэба адкідваць. З усімі краінамі трэба весці дыялог. Санкцыі рана ці позна адыдуць. І гэтыя дзікія адносіны, якія ў нас існуюць з Захадам, таксама адыдуць у нябыт. Нельга страчваць гэтыя рынкі. Паколькі гераічна потым будзем на іх вяртацца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Чацвёртае. Даручана забяспечыць стопрацэнтнае асваенне грашовых сродкаў для аказання падтрымкі малому, сярэдняму прадпрымальніцтву, ільготнага крэдытавання жылля, а таксама крэдытавання арганізацый з улікам указа нумар 93 "Аб дадатковых мерах па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі". "Паглядзіце, каму тут трэба дапамагчы", - распарадзіўся Прэзідэнт.

Разам з тым ён акцэнтаваў увагу кіраўніка МАРГ на пытаннях цэнаўтварэння, росце цэн на спажывецкім рынку. "Я не веру, што нехта не набівае кішэні на цяперашняй сітуацыі. Праблемы ёсць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў дзейнічаць у гэтым плане больш жорстка і папярэдзіў, што ніхто жартаваць не будзе.

Што датычыцца малога і сярэдняга бізнесу, Прэзідэнт папярэдзіў, што ім трэба ў першую чаргу арыентавацца на ўласныя сілы, а не чакаць у цяперашняй сітуацыі нейкіх ільгот і дадатковай падтрымкі ад дзяржавы. "У нас ёсць, каго падтрымліваць. Дзе тысячныя калектывы. Няхай грошы дастаюць, якія ў сытыя часы запасалі, і ўкладваюць у вытворчасць. Ну, хто будзе паміраць ужо, то, вядома, выратуем", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пятае. Аляксандр Лукашэнка даручыў аднавіць аб'ёмы інвестыцый у асноўны капітал, у тым ліку за кошт падваення тэмпаў меліярацыі. "Шмат пра гэта гаварылі. Дзяржаўная праблема", - акцэнтаваў ён увагу.

Шостае. Даручана нарасціць аб'ёмы жывёлагадоўлі і раслінаводства з выхадам у бягучым годзе на тэмп росту прыкладна 105 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Таксама нельга дапусціць зніжэння аб'ёмаў прамысловай вытворчасці ніжэй за ўзровень мінулага года. Аляксандр Лукашэнка разам з тым папярэдзіў, што не павінна быць вытворчасці прадукцыі толькі дзеля паказчыкаў, яна не павінна ляжаць на складах, а рэалізоўвацца пакупнікам.

"Гэта калі гаварыць увогуле з той размовы, якую мы тут правялі. Правялі мазгавую атаку на праблемы эканомікі ў перыяд санкцыйнага перыяду. Яшчэ раз гавару тое, што гаварыў у Дзень Незалежнасці: у кожнага зона адказнасці, вырашыце кожны свае праблемы. Яны ёсць усюды, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нам ні ў якім выпадку нельга давесці краіну да прорвы. Так, не мы ў гэтым будзем вінаватыя. Але хто нас потым слухаць будзе? Ніхто слухаць не будзе. Не забывайце, урокі 2020 года для нас павінны быць законам".

Прэзідэнт даручыў падрыхтаваць праект пастановы на падставе праведзенага абмеркавання. "Гэта прамежкавая размова на злобу дня. Па выніках года, хочам гэтага ці не, павінны прымаць канкрэтныя рашэнні. Хацелася б, каб мы пражылі дастойна гэты год і былі рады, што мы яго гераічна пераадолелі. Гэта датычыцца і легпрама, і харчпрама, аб якіх ішла размова, і асобных кіраўнікоў прадпрыемстваў", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі