
25 мая, Масква /Кар. БЕЛТА/. Саюз Беларусі і Расіі з'яўляецца ўнікальным прэцэдэнтам у сусветнай палітычнай гісторыі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў на пленарным пасяджэнні Еўразійскага эканамічнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы выказаўся аб неабходнасці і мэтазгоднасці вызначэння новых прыярытэтаў развіцця ЕАЭС: "У любой справе трэба не толькі разбірацца з бягучымі праблемамі, але і планаваць работу на перспектыву. Таксама трэба адэкватна рэагаваць на змяненне абстаноўкі вакол". Паводле яго слоў, Казахстан па-ранейшаму прыхільны да інтэграцыі ў ЕАЭС на аснове дагавора ад 2015 года і будзе пашыраць прынцыпы, якія там закладзены. "Думаю, перспектывы добрыя. Усе гэтыя пытанні патрабуюць самай пільнай увагі. Цяпер не час і не месца пералічваць шматлікія факты па-ранейшаму рэгулярна ўзнікаючых узаемных бар'ераў і абмежаванняў. Я не прыхільнік таго, каб драматызаваць гэту сітуацыю, але ўзнікаючыя праблемы трэба вырашаць. Тут стаўкі вельмі вялікія. Гэта аўтарытэт самой арганізацыі, нашага саюза, і мы павінны перш за ўсё паказаць нашым народам актуальнасць саюза, яго эфектыўнасць, а для гэтага патрэбны вывераныя, правільныя рашэнні", - падкрэсліў Касым-Жамарт Такаеў.
"Я разумею, што інтэграцыя - вельмі складаны працэс, вельмі тонкая работа па прывядзенні ўсіх нацыянальных інтарэсаў да адной роўніцы, але гэту работу нам трэба ўзгоднена весці, - дадаў ён. - Інакш, як пераканаўча гаварыў Аляксандр Рыгоравіч (Лукашэнка. - Заўвага БЕЛТА), час беспаваротна ідзе наперад, часу застаецца вельмі мала, нам патрэбны канкрэтныя вынікі. Трэба будзе стварыць паўнацэннае бясшвовае асяроддзе ўзаемадзеяння на рынку саюза".
Прэзідэнт Казахстана лічыць, што трэба сканцэнтравацца на давядзенні да канца вырашэння базавых задач супрацоўніцтва ў рамках саюза. "Не зрабіўшы гэтага, цяжка ставіць перад сабой яшчэ больш амбіцыйныя мэты. Гэта значыць нам не трэба забягаць наперад. Трэба працаваць абсалютна прагматычна. Перш за ўсё ўкараняць штосьці новае, трэба прыкласці максімум намаганняў, каб пачало працаваць тое, што запланавана намі, - сказаў ён. - Важна разумець, што эканамічная інтэграцыя - гэта не самамэта. Гэта адзін са сродкаў развіцця эканомік і дабрабыту народаў дзяржаў-удзельніц. Галоўны крытэрый поспеху эканамічнай інтэграцыі не колькасць стратэгій, дагавораў і рашэнняў, а новыя вытворчасці, тэхналогіі і рабочыя месцы".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што трэба дакладна вызначыцца з фарматамі супрацоўніцтва, асабліва ўлічваючы той факт, што ў рамках ЕАЭС існуе Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі, канцэптуальная ідэалагічная аснова якой даволі сур'ёзная.
"У нас ёсць у ЕАЭС Саюзная дзяржава. У сусветнай палітычнай гісторыі створаны ўнікальны прэцэдэнт, або феномен, як хочаце, - стварэнне саюзнай дзяржавы па формуле "дзве краіны - адна дзяржава" з адзінай палітычнай, юрыдычнай, ваеннай, эканамічнай, валютнай, культурнай, гуманітарнай прасторай. З адзіным саюзным урадам, парламентам. І нават ядзерная зброя адна на дваіх цяпер. Ёсць і іншы ўзровень інтэграцыі, прадстаўлены Казстанам, Кыргызстанам, Арменіяй. З гэтай рэальнасцю нам трэба лічыцца. Як мы будзем працаваць у гэтых умовах - пытанне канцэптуальнае. Нам трэба, думаю, у тым ліку і на гэтым форуме, абмеркаваць гэту праблему", - сказаў Прэзідэнт Казахстана.-0-