ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Серада, 29 студзеня 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць 0°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
27 лістапада 2019, 15:05

Шубель: патэнцыял супрацоўніцтва ЕС і Беларусі павінен быць задзейнічаны больш шырока

Фота з архіва
Фота з архіва

27 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель бачыць вялікі патэнцыял у развіцці супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю. Аб гэтым ён паведаміў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, перад пачаткам інфармацыйнай сустрэчы "Супрацоўніцтва ЕС - Беларусь: Віцебская вобласць", якая праходзіць у Віцебску.

"Супрацоўніцтва ЕС-Беларусь вядзецца ў розных сферах. Сёння мы працуем у сферах энергетыкі, транспарту, экалогіі, рэалізуюцца праекты па трансгранічным супрацоўніцтве, падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу. Хацелася б, каб патэнцыял нашага супрацоўніцтва быў задзейнічаны больш шырока", - сказаў Дзірк Шубель.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі дадаў, што ўпершыню знаходзіцца ў Віцебску і рады пазнаёміцца з горадам, мясцовымі органамі ўлады. "Думаю, мы ўсё яшчэ недастаткова добра ведаем адзін аб адным, таму знаёмства - адна з мэт майго візіту", - дадаў ён.

Адкрываючы інфармацыйную сустрэчу, Дзірк Шубель акцэнтаваў увагу на яе значнасці для ўсіх бакоў. "Сёння мы прадставім розныя магчымасці для развіцця супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю. Спадзяёмся, што наша сустрэча закладзе фундамент для новых партнёрскіх адносін, і разлічваем на адкрыты абмен думкамі з прадстаўнікамі ўлад, бізнесу і арганізацый грамадзянскай супольнасці Віцебскай вобласці наконт будучыні адносін і супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю", - адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

Асобную ўвагу Дзірк Шубель засяродзіў на важнасці ўдзелу ў еўрапейскіх праектах малога і сярэдняга бізнесу. "Мы прадастаўляем падтрымку малым і сярэднім прадпрыемствам, паколькі лічым, што гэты сектар эканомікі дапамагае дыверсіфікаваць эканоміку. У маёй краіне - у Германіі - 93 працэнты ВУП прыпадае менавіта на іх. Не хачу сказаць, што гэта ўсюды неабходна, але ўзмацненне гэтага сектара вельмі важна і дапаможа эканоміцы", - перакананы ён.

Паводле слоў першага намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Алега Мацкевіча, у Віцебскай вобласці працуе шмат арганізацый, якія імкнуцца да пашырэння супрацоўніцтва з краінамі ЕС. Шмат у чым гэта абумоўлена яе ўнікальным геаграфічным становішчам: рэгіён мяжуе, з аднаго боку, з Латвіяй і Літвой, якія ўваходзяць у склад Еўрапейскага саюза, а з іншага, - з Расіяй. "Такім чынам, мы можам развіваць трансгранічнае супрацоўніцтва з еўрапейскімі краінамі і быць мостам для пашырэння адносін з Еўразійскім эканамічным саюзам", - перакананы першы намеснік старшыні аблвыканкама.

Алег Мацкевіч сказаў, што з 2015 года прыкметна актывізавалася супрацоўніцтва з еўрапейскімі арганізацыямі і банкамі ў сферах жыллёва-камунальнай гаспадаркі, экалогіі, захавання біялагічнай разнастайнасці, папярэджання разнастайных надзвычайных сітуацый, добраўпарадкавання прыгранічнай мытнай інфраструктуры. Ён адзначыў і той факт, што ў вобласці працуе шэраг прыватных кампаній, якія станоўча зарэкамендавалі сябе перад Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця і прыцягваюць еўрапейскія рэсурсы для рэалізацыі ўласных праектаў. Найбольш актыўна ў гэтым напрамку працуе "Віцебская лесапільня" і прадпрыемства "Палімерканструкцыя".

"Паступова ў сферу ўзаемадзеяння не толькі адукацыйных праграм, але і ў навукова-даследчую, уладкаванне тэхнапаркаў, галіновых лабараторый уключаюцца ўніверсітэты вобласці. У кожнага з іх свая спецыялізацыя, напрамкі дзейнасці. "З боку Еўрапейскага саюза і ПРААН хацелася б падтрымкі па такіх важных напрамках, як "Індустрыя-4" і "Лічбавізацыя эканомікі", - дадаў Алег Мацкевіч. Пры гэтым ён падкрэсліў, што спектр узаемадзеяння Віцебскай вобласці з прадстаўніцтвам ЕС у Беларусі значна шырэйшы. "Галоўнае, уключаць у сферу ўзаемадзеяння як мага больш прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання, шматлікія грамадскія арганізацыі, установы адукацыі, спорту, культуры, аховы здароўя для напрацоўкі і далейшай рэалізацыі найбольш запатрабаваных у рэгіёне праектаў, якія садзейнічаюць павышэнню якасці жыцця грамадзян незалежна ад месца іх пражывання, узросту і сацыяльнага статусу", - сказаў на заканчэнне Алег Мацкевіч.

З агляднай прэзентацыяй праектаў тэхнічнай дапамогі ў Віцебскай вобласці выступіў кіраўнік аддзела праграм супрацоўніцтва прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Берэнд дэ Гроат. Удзельнікі сустрэчы таксама прадставілі праекты, рэалізаваныя пры ўдзеле Полацкага райвыканкама, праект "Ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада" (Наваполацк), вынікі ініцыятывы "Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі" ў Беларусі і Віцебскай вобласці, праект "БЕЛМЕД" і інш.

Віцебская вобласць - актыўны ўдзельнік праектаў, што фінансуюцца Еўрапейскім саюзам і накіраваны на ўстойлівае развіццё рэгіёна ў сферы рэгіянальнага развіцця, турызму, энергаэфектыўнасці, зялёнай эканомікі, аховы здароўя і сацыяльнай інтэграцыі, навакольнага асяроддзя, прадпрымальніцтва. Па колькасці гарадоў, якія далучыліся да "Пагаднення мэраў", вобласць лідзіруе сярод іншых рэгіёнаў краіны. Удзельнікамі еўрапейскай ініцыятывы па клімаце і энергіі ўжо сталі 11 населеных пунктаў: Браслаў, Верхнядзвінск, Віцебск, Гарадок, Глыбокае, Докшыцы, Наваполацк, Орша, Полацк, Талачын, Шаркаўшчына.

Віцебск стаў трэцім горадам, у якім на працягу года прайшлі рэгіянальныя інфармацыйныя сустрэчы па ініцыятыве прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза. У сакавіку такое мерапрыемства адбылося ў Брэсце, у кастрычніку вынікі супрацоўніцтва ЕС-Беларусь былі падведзены ў Гродне. Удзельнікамі мерапрыемстваў сталі прадстаўнікі абласных і раённых органаў улады, дзяржаўных арганізацый і ведамстваў, кіраўнікі прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці, грамадскіх арганізацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі