ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Панядзелак, 24 лютага 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +1°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
29 студзеня 2020, 15:44

Шубель: кантакты на мясцовым узроўні садзейнічаюць супрацоўніцтву Беларусі і ЕС

Дзірк Шубель
Дзірк Шубель

29 студзеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Развіццё кантактаў з рэгіёнамі садзейнічае ўзмацненню супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС. Такім меркаваннем падзяліўся кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель у час інфармацыйнай сустрэчы "Супрацоўніцтва ЕС - Беларусь: Магілёўская вобласць", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Рэгіянальнае развіццё, ахова навакольнага асяроддзя, папулярызацыя малога бізнесу і турызму, пытанні аховы здароўя і сацыяльнай інтэграцыі - гэта адны з самых значных напрамкаў нашага супрацоўніцтва. Асаблівая ўвага ўдзяляецца раённым гарадам, паколькі менавіта тут неабходна стварыць усе ўмовы для развіцця і стабільнага росту эканомікі. Такое супрацоўніцтва на мясцовым узроўні і наладжванне кантактаў з рэгіёнамі садзейнічае ўзмацненню ўзаемадзеяння Беларусі і Еўрапейскага саюза", - адзначыў Дзірк Шубель.

Цяпер на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ўжо рэалізаваны або знаходзяцца ў працэсе ажыццяўлення праекты на агульную суму больш як 2 млн еўра. Гэтымі днямі ў Чавусах завяршылася рэалізацыя праекта ў сферы энергетыкі коштам 700 тыс. еўра. У бягучым годзе ў Быхаве з'явіцца бізнес-інкубатар, дзе жыхары горада і раёна змогуць атрымліваць кансультацыі па арганізацыі і вядзенні ўласнай справы: ад распрацоўкі бізнес-ідэі да яе ажыццяўлення. У праект укладзена каля 100 тыс. еўра.

Па Праграме рэгіянальных інвестыцый і канкурэнтаздольнасці ў Беларусі на 2020-2024 гады будзе выдзелена 18 млн еўра. Пілотнымі рэгіёнамі стануць Магілёўскі, Віцебскі і Гомельскі.

Адзін з прыкладаў сумеснага праекта ў Магілёўскай вобласці - ініцыятыва Слаўгарадскага райвыканкама "На скрыжаванні густу". Яе галоўная ідэя - аб'яднанне сыравараў Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Краснапольскага раёнаў для сумеснай вытворчасці сыру ў Магілёўскай вобласці пад адзіным таварным знакам. Прапанова падтрымана ў час "Кірмашу рэгіянальных ініцыятыў для мясцовага развіцця", які праходзіў у Быхаве ў кастрычніку 2019 года. Шэсць пераможцаў кірмашу падзялілі паміж сабой 72 тыс. еўра грантавай дапамогі.

"Адносіны Беларусі і Еўрасаюза цяпер знаходзяцца на адным з лепшых этапаў. З мясцовымі ўладамі мы можам рэалізоўваць тыя праекты, якія яшчэ некалькі гадоў таму здаваліся немагчымымі. Праводзіцца вялікая работа не толькі на рэспубліканскім, але і мясцовых узроўнях. Дзякуючы нашым праектам, ідэям і ініцыятывам жыхары Магілёўскай вобласці атрымліваюць не толькі фінансавую падтрымку, але і кансультацыі беларускіх і замежных спецыялістаў, дапамогу ў арганізацыі сваёй справы", - адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі.

Магілёў стаў чацвёртым горадам, у якім прайшлі рэгіянальныя інфармацыйныя сустрэчы па ініцыятыве прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза. У 2019 годзе былі падведзены вынікі супрацоўніцтва ў Брэсце, Гродне і Віцебску.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі