
6 красавіка, Масква /Кар. БЕЛТА/. Фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі Беларусі і Расіі ідзе поўным ходам. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў у Крамлі на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Поўным ходам ідзе фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі. Аляксандр Рыгоравіч пастаянна на працягу многіх гадоў гэта пытанне ўзнімае. І мы рухаемся ў напрамку рэалізацыі ўсіх гэтых пытанняў", - адзначыў Уладзімір Пуцін.
Ён нагадаў, што ў снежні 2022 года ўступіла ў сілу пагадненне аб прызнанні тэхналагічных аперацый. Гэты дакумент дапаможа забяспечыць перавод дзейнасці расійскіх і беларускіх прамысловых прадпрыемстваў на агульныя стандарты, каб рэалізацыя буйных кааперацыйных праектаў рухалася бесперабойна. "Мы ўчора вечарам абмяркоўвалі гэтыя пытанні. Па некаторых напрамках, у прыватнасці, па сельгастэхніцы, работа рухаецца вельмі паспяхова і ідзе на карысць прамысловасці Расіі і Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт Расіі.
Кіраўнік расійскай дзяржавы таксама адзначыў значныя дасягненні ў інтэграцыі ключавых галін эканомікі. Паводле яго слоў, прадаўжаецца рэалізацыя Асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады і саюзных праграм. "Гэта работа дае канкрэтны, адчувальны вынік. Гэту дзейнасць, як мы сёння дамовіліся, безумоўна, будзем прадаўжаць, не зніжаючы тэмпаў", - заявіў Уладзімір Пуцін.-0-