ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Аўторак, 7 красавіка 2020
Мінск Малавоблачна +6°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
14 лютага 2020, 18:07

Пасол Сербіі: можна з аптымізмам глядзець на гандлёва-эканамічныя адносіны з Беларуссю

Велька Кавачавіч. Фота з архіва
Велька Кавачавіч. Фота з архіва

14 лютага, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сербіі ў Беларусі Велька Кавачавіч лічыць перспектыўным развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Аб гэтым ён заявіў журналістам у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Узаемны тавараабарот па выніках мінулага года склаўся на ўзроўні $150 млн. "Аб'ектыўна гаворачы, гэта мала. Мы не задаволены гэтым. Яшчэ два гады таму было каля $200 млн", - адзначыў пасол. Паводле яго слоў, на ўзровень узаемнага гандлю ўплываюць рыначная кан'юнктура, знешнія фактары. Тым не менш, ёсць падставы разлічваць на рост эканамічнага супрацоўніцтва. "Упэўнены: мы можам з аптымізмам глядзець на нашы гандлёва-эканамічныя адносіны", - падкрэсліў Велька Кавачавіч.

"Сербія - гэта еўрапейская краіна, якая хутка развіваецца, нават я іншым разам бываю здзіўлены тэмпамі гэтага развіцця", - сказаў з доляй гумару дыпламат. "Усе краіны свету развіваюць узаемавыгадныя адносіны, гэта правільна. Так робяць і Сербія з Беларуссю. Але што вызначае адносіны нашых краін - гэта ўзаемны давер, шчырасць, гатоўнасць супрацоўнічаць па ўсіх напрамках. Такая адкрытасць - яна вельмі рэдкая, - звярнуў увагу Велька Кавачавіч. - Сербія ведае са свайго трагічнага вопыту, наколькі важная маральная, палітычная падтрымка ў цяжкія часы".

На яго думку, краіны, якія не маюць значных прыродных энергарэсурсаў, як Беларусь і Сербія, павінны сканцэнтравацца на рэалізацыі свайго навукова-тэхнічнага патэнцыялу. Гэты напрамак ён лічыць перспектыўным у двухбаковым узаемадзеянні.

Развіваецца таксама супрацоўніцтва ў банкаўскай, прамысловай сферах, сельскай гаспадарцы. "У дарожных картах развіцця супрацоўніцтва асобным пунктам пазначана аказанне садзейнічання "Магілёўліфтмашу" па ўваходжанні на рынак Сербіі. Прапрацоўваецца пытанне арганізацыі паставак беларускіх тралейбусаў і электробусаў для гарадскога транспартнага прадпрыемства Бялграда, кар'ернай тэхнікі БелАЗ, - пералічыў пасол. - Паспяхова развіваюцца пастаўкі ў Сербію прадукцыі "Белшыны", "Магілёўхімвалакна" і гэтак далей. Прапрацоўваюцца пастаўкі аўтамабіляў Geely для аснашчэння парка МУС Сербіі".

У гэтай еўрапейскай краіне працуе сумесная вытворчасць трактароў і аўтобусаў МАЗ. У мінулым годзе арганізавана вытворчасць пажарных машын на базе беларускіх шасі МАЗ, прапрацоўваецца пытанне пастаўкі сельгастэхнікі і арганізацыі зборачнай вытворчасці камбайнаў "Гомсельмаш". Нядаўна Мінск наведала дэлегацыя Міністэрства сельскай гаспадаркі Сербіі, якая пабывала на прадпрыемствах мяса-малочнага комплексу. Па выніках гэтага візіту магчыма арганізацыя паставак малочнай прадукцыі і мяса птушкі на сербскі рынак.

Пасол абазначыў пазітыўную дынаміку палітычных кантактаў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, парламентаў. У мінулым годзе Сербію наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "Але мы ні ў якім разе не хацелі б спыніцца толькі на гэтым міждзяржаўным высокім узроўні. Мы хацелі б, каб як мага больш сербаў прыязджалі ў Беларусь, а беларусаў - да нас, каб развіваліся міжасобасныя кантакты", - адзначыў ён.

Акрамя таго, Велька Кавачавіч звярнуў увагу на паспяховую кааперацыю дзвюх краін у ваенна-тэхнічнай сферы. У якасці прыкладу супрацоўніцтва ён прывёў мадэрнізацыю ў Беларусі самалётаў МіГ-29 для патрэб сербскіх ВПС. Чатыры паветраныя судны былі перададзены Беларуссю сербскаму боку ў лютым 2019 года ў рамках ваенна-тэхнічнай дапамогі. Пазней па запыце Сербіі ў ААТ "558 Авіяцыйны рамонтны завод" арганізавалі рамонт і дапрацоўку самалётаў у частцы навігацыйнай сістэмы, сістэмы ўзбраення, радыёэлектроннай абароны. На выкананне заказу, паводле папярэдніх ацэнак, спатрэбілася ад аднаго да паўтара года. "Яны будуць экспартаваны (у Сербію. - Заўвага БЕЛТА) праз тры-пяць месяцаў", - сказаў пасол.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі