Сцяг Пятніца, 21 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
20 студзеня 2023, 19:18

МЗС: нягледзячы на складаную сусветную абстаноўку, супрацоўніцтва Беларусі і КНР дэманструе станоўчыя вынікі

20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нягледзячы на складаную сусветную абстаноўку, супрацоўніцтва Беларусі і КНР дэманструе станоўчыя вынікі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў МЗС Беларусі.

20 студзеня адзначаецца 31-я гадавіна ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем. "Можна з упэўненасцю сказаць, што за гэты перыяд адносіны паміж нашымі краінамі дастойна прайшлі выпрабаванне часам і з'яўляюцца ўзорам паспяховага ўзаемадзеяння паміж дзяржавамі, - падкрэслілі ў МЗС. - 15 верасня 2022 года на палях саміта ШАС у Самаркандзе лідары краін Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін прынялі рашэнне аб павышэнні ўзроўню двухбаковых адносін Беларусі і Кітая да ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Прыняцце адпаведнай сумеснай дэкларацыі сведчыць аб высокай ацэнцы нашых агульных дасягненняў і адлюстроўвае планы на будучае, падкрэслівае прыхільнасць да паслядоўнай рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых лідарамі нашых краін, і надае новы імпульс беларуска-кітайскаму супрацоўніцтву ў розных сферах".

Двухбаковы тавараабарот за апошнія 30 гадоў павялічыўся ў 51 раз. Кітай захоўвае пазіцыю другога гандлёвага партнёра Беларусі пасля Расійскай Федэрацыі.

Цікава, што нават у апошнія тры гады на фоне пандэміі, строгіх каранцінных абмежаванняў і знешнеэканамічных выклікаў адзначаўся стабільны рост беларускага экспарту ў Кітай на 25-30 працэнтаў штогод.

Статыстыка 2022 года таксама дэманструе рост узаемнага знешняга гандлю. У студзені-лістападзе знешнегандлёвы абарот з Кітаем прадоўжыў расці - тэмп росту склаў 108,1 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду 2021 года. Тэмпы росту экспарту тавараў і паслуг - 147,7 працэнта, імпарту - 96,9 працэнта.

Тавараабарот вырас на 113,9 працэнта. У 2022 годзе Беларусь паставіла ў Кітай прадукцыі амаль у два разы больш у параўнанні з 2021 годам, акцэнт пры гэтым рабіўся на прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю, асартымент якой пастаянна пашыраецца. Дзякуючы агульным намаганням у мінулым годзе пачаліся пастаўкі соевага алею, вырабленай скуры, драўнянастружкавых пліт, торфу, коксу і бітуму, медзі і медных сплаваў, вугляроду. Гэта вынік зладжанай работы прадпрыемстваў, галіновых міністэрстваў і ведамстваў, мясцовых улад.

На пастаўкі ў КНР акрэдытавана больш за 170 беларускіх вытворцаў малочнай, мясной, рыбнай, кандытарскай, алкагольнай і іншай харчовай прадукцыі. Вядзецца работа па атрыманні акрэдытацыі для новых пастаўшчыкоў мясной прадукцыі, рапсавага алею і прадукцыі расліннага паходжання (збожжавыя шматкі, мука). Ёсць усе падставы істотна рушыць наперад па пастаўках беларускага дзіцячага малочнага харчавання, кансерваў, мясных гатовых прадуктаў.

Асноўныя пазіцыі экспарту паслуг складаюць транспартныя, будаўнічыя, іншыя дзелавыя, камп'ютарныя, тэлекамунікацыйныя, інфармацыйныя і адукацыйныя паслугі. У МЗС звярнулі ўвагу, што запланаванае ў бягучым годзе падпісанне пагаднення паміж Беларуссю і Кітаем аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый дасць магчымасць дадаткова павялічыць экспарт Беларусі пераважна за кошт такіх сектараў, як дзелавыя паслугі, паслугі паветранага транспарту, паслугі сувязі.

Імпарт тавараў з Кітая ў Беларусь за 10 гадоў павялічыўся ў 1,7 раза. За апошнія гады склалася адносна ўстойлівая доля інвестыцыйнага імпарту на ўзроўні каля 18 працэнтаў у агульным аб'ёме імпарту з КНР.

З улікам санкцыйнага націску і пераарыентацыі імпарту з рынкаў недружалюбных краін вялікае значэнне цяпер надаецца пошуку сумесна з галіновымі гандлёвымі палатамі і асацыяцыямі Кітая кітайскіх імпарцёраў тэхнічнага абсталявання, сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых для айчынных прадпрыемстваў. Ужо наладжана актыўнае ўзаемадзеянне па гэтым пытанні каля 40 вялікіх беларускіх прадпрыемстваў па больш як 190 таварных пазіцыях.

З улікам тэндэнцыі развіцця лічбавых тэхналогій у 2022 годзе выкарыстоўваўся новы механізм нарошчвання гандлю з Кітаем - электронная камерцыя. У ліпені адкрыўся першы Нацыянальны электронны павільён беларускіх тавараў на платформах JD.com і Douyin. Аператарам павільёна выступае СЗАТ "Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка". У канцы мінулага года, перад навагоднімі святамі, узгоднена адкрыццё электронных нацыянальных павільёнаў беларускіх тавараў на сямі новых электронных пляцоўках Кітая.

У гэтым годзе спаўняецца 10 гадоў буйнейшаму ў гісторыі інфраструктурнаму праекту па выбудоўванні маштабных "эканамічных калідораў" - ініцыятыве "Адзін пояс, адзін шлях", упершыню вылучанай Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у Астане ў 2013 годзе. Беларусь стала адным з ключавых удзельнікаў ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях". Так, паспяхова рэалізуецца праект Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" плошчай 91,5 кв.км, дзе на пачатак 2023 года зарэгістравана 100 рэзідэнтаў з 15 краін, каля палавіны - кампаніі з кітайскім капіталам.

Інвестыцыйныя праекты, што рэалізуюцца ў парку, ахопліваюць многія вядучыя сферы дзейнасці, такія як НДДКР, машынабудаванне, электроніка і тэлекамунікацыі, біятэхналогіі, фармацэўтыка, вытворчасць медыцынскіх вырабаў, вытворчасць новых матэрыялаў, захоўванне і апрацоўка вялікіх аб'ёмаў даных, комплексная электронная камерцыя.

Для Беларусі супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях" дае магчымасць не толькі захаваць існуючыя, але і атрымаць дадатковыя транспартна-лагістычныя маршруты паставак тавараў у КНР і краіны Паўднёва-Усходняй Азіі.

"Беларускі ўчастак сухапутнага маршруту "Паяса і шляху" - вельмі важны элемент чыгуначнай транспартнай магістралі Кітай-Еўропа. Цераз Беларусь праходзіць асноўны паток сухапутнага кітайскага экспарту, тут абслугоўваюцца і фарміруюцца саставы, якія далей ідуць у краіны Еўрасаюза. Цяпер кантэйнерныя паязды звязваюць 60 гарадоў Кітая са 170 гарадамі 23 краін Еўропы. У сярэднім за суткі па Беларускай чыгунцы забяспечваецца транзітнае перамяшчэнне і тэрмінальная апрацоўка каля 25 кантэйнерных паяздоў маршруту Кітай-Еўропа-Кітай. З улікам вялікага патэнцыялу кітайскага рынку можна прагназаваць далейшы рост аб'ёмаў перавозак", - звярнулі увагу ў МЗС.

У рамках інвестыцыйнага супрацоўніцтва кампаніі з Кітая паспяхова рэалізуюць сумесныя праекты ў Беларусі ў сферах аховы здароўя, машынабудавання, фармацэўтыкі, электронікі і біятэхналогій. У краіне зарэгістравана больш за 160 кампаній з кітайскім капіталам у статутным фондзе і іх колькасць штогод расце. "Мы прапануем да разгляду кітайскага бізнесу больш за 140 інвестыцыйных праектаў, якія наша краіна гатова рэалізоўваць з прыцягненнем кітайскіх інвестыцый. Гэта праекты самых розных сфер - прамысловасці, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя і турызму. Па кожным з праектаў мы гатовы супрацоўнічаць для іх паспяховай рэалізацыі ў інтарэсах нашых краін", - падкрэслілі ў МЗС.

Акрамя таго, паміж краінамі дзейнічае практыка аб'яўлення тэматычных гадавых цыклаў. У прыватнасці, 2021 і 2022 гады былі аб'яўлены Гадамі рэгіёнаў Беларусі і Кітая, у рамках якіх прайшло больш за 200 мерапрыемстваў па розных напрамках.

Для Беларусі і Кітая стала добрай традыцыяй развіццё гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і гуманітарнага супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў. Кожная з шасці абласцей Беларусі мае правінцыі-пабрацімы ў Кітаі. Беларускія рэгіёны на працягу многіх гадоў выбудоўваюць дружалюбныя і ўзаемавыгадныя сувязі з кітайскімі рэгіёнамі-пабрацімамі.

Значнасць міжрэгіянальнага супрацоўніцтва абумоўлена ў першую чаргу тым, што менавіта на мясцовым узроўні ажыццяўляецца стымуляванне гандлёва-эканамічных сувязей, якія, у сваю чаргу, даюць магчымасць паглыбіць і пашырыць узаемадзеянне, у тым ліку ў сферы культуры і турызму.

Да пандэміі ў 2017-2019 гадах Беларусь была ў топе папулярных турыстычных напрамкаў ва Усходняй Еўропе для кітайскіх турыстаў. 2018 год быў аб'яўлены Годам турызму Беларусі ў Кітаі і стаў плённым з улікам заключаных і рэалізаваных пагадненняў і кантрактаў паміж турыстычнымі коламі дзвюх краін. На фоне адкрыцця Кітаем сваіх граніц у бягучым годзе мы можам не толькі аднавіць узровень узаемадзеяння ў гэтай сферы, але і развіваць новыя напрамкі, у прыватнасці культурна-пазнавальны, гастранамічны, дзелавы, падзейны, прамысловы, экалагічны, аздараўленчы і медыцынскі турызм у Беларусь.

Адным з важных напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва таксама з'яўляюцца абменныя Дні культуры. У 2022 годзе з-за дзеючых строгіх проціэпідэмічных абмежаванняў Дні культуры Беларусі ў Кітаі ўпершыню прайшлі ў анлайн-фармаце. Мерапрыемства стала магчымым дзякуючы актыўнай падтрымцы Міністэрства культуры і турызму КНР і вядучых СМІ Кітая, якія на працягу трох месяцаў трансліравалі на сваіх інтэрнэт-платформах канцэртныя праграмы лепшых творчых калектываў Беларусі і далі магчымасць мільёнам жыхароў Кітая бліжэй азнаёміцца з традыцыйнай і сучаснай беларускай культурай.

"Трэба падкрэсліць, што доўгатэрміновае і рэзультатыўнае супрацоўніцтва, заснаванае на ўзаемным даверы, немагчыма без разумення менталітэту і ведання культуры, традыцый і звычаяў краіны-партнёра. Менавіта таму мы заўсёды ўдзялялі асаблівую ўвагу народнай дыпламатыі і папулярызацыі традыцыйнай беларускай культуры і беларускай мовы ў Кітаі", - сказалі ў МЗС.

У Кітайскай Народнай Рэспубліцы на базе вышэйшых навучальных устаноў у 2012-2019 гг. створаны і функцыянуюць 11 цэнтраў вывучэння Беларусі і адзін інстытут вывучэння Беларусі, які спецыялізуецца на эканамічных даследаваннях. На базе цэнтраў праводзяцца канферэнцыі, круглыя сталы, лекцыі па пытаннях беларускай мовы, культуры, а таксама па тэматыцы беларуска-кітайскіх адносін.

У Пекінскім, Цяньцзіньскім і Сіаньскім універсітэтах замежных моў, а таксама ў Другім Пекінскім інстытуце замежных моў выкладаецца беларуская мова.

Пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Кітаі ў 2020 годзе Пекінскі ўніверсітэт замежных моў заснаваў Усекітайскі конкурс беларускай мовы "Гаворым па-беларуску", які праходзіць кожныя два гады, а Цяньцзіньскі ўніверсітэт замежных моў праводзіць Усекітайскі конкурс па беларусазнаўстве "Ад Сінявокай да Паднябеснай".

Прыемна, што кітайская моладзь праяўляе шчырую цікавасць да мовы і культуры нашай краіны, старанна і з любоўю паглыбляецца ў беларускія традыцыі і тым самым уносіць свой уклад у збліжэнне нашых народаў і паглыбленне беларуска-кітайскіх культурных абменаў.

"У аснове адносін Беларусі і Кітая - узаемная павага і падтрымка, усепагодная дружба, агульнае імкненне да міру і стваральнай працы. 2023 год абяцае нам шмат значных і цікавых мерапрыемстваў і сустрэч у вочным фармаце, у тым ліку на ўзроўні лідараў нашых краін, якія напоўняць новым практычным зместам беларуска-кітайскае стратэгічнае партнёрства", - рэзюмавалі ў знешнепалітычным ведамстве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі