
6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжпарламенцкія сувязі Беларусі і Арменіі неабходна інтэнсіфікаваць на карысць краін і народаў, заявіў журналістам намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў, сустаршыня Міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве Нацыянальнага сходу Беларусі і Нацыянальнага сходу Арменіі Валерый Міцкевіч па выніках міжпарламенцкай камісіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас быў даволі вялікі перапынак, звязаны з пандэміяй і яе наступствамі. Сёння мы правялі пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі, 13-е па ліку, і намецілі планы на будучыню, прынялі і адобрылі ўсе запланаваныя рашэнні, якія былі падрыхтаваны загадзя. Мы ўпэўнены, што інтэнсіфікуем нашы міжпарламенцкія сувязі на карысць нашых краін і народаў", - сказаў Валерый Міцкевіч.
Гаворачы аб канкрэтных пытаннях, якія закраналіся на пасяджэнні, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў паведаміў, што абмяркоўвалася ўнутрыпалітычная і знешнепалітычная абстаноўка, эканамічныя, культурныя, навуковыя сувязі і магчымасці іх пашырэння, а таксама роля парламентарыяў у гэтым.
"Сам факт таго, што сёння адбылося чарговае пасяджэнне пасля перапынку па аб'ектыўных прычынах, ужо сведчыць аб імкненні, жаданні і неабходнасці таго, каб міжпарламенцкае вымярэнне паміж Арменіяй і Беларуссю пачало больш актыўна функцыянаваць і развівацца, - прадоўжыў член Пастаяннай камісіі Нацыянальнага сходу Арменіі па еўрапейскай інтэграцыі, сустаршыня Міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве Нацыянальнага сходу Арменіі і Нацыянальнага сходу Беларусі Армен Геваргян. - У гэтым сэнсе, я думаю, было даволі цікавае і плённае абмеркаванне, але яно не абмежавалася толькі сённяшнім пасяджэннем. Учора мы правялі вельмі цікавы і выніковы дзень з нашымі калегамі, былі рабочыя абмеркаванні, паездкі".
Армен Геваргян расказаў, што задаволены візітам у Беларусь, які дазволіў асабіста пераканацца ў наяўнасці вялікага патэнцыялу для развіцця эканамічнага, культурнага супрацоўніцтва, а таксама турызму.
Першае пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве Нацыянальнага сходу Беларусі і Нацыянальнага сходу Арменіі адбылося 29 лістапада 2005 года ў Мінску.-0-