ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 28 мая 2022
Мінск +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
03 снежня 2021, 14:58

Макей: недапушчальныя націск і двайныя стандарты пры ацэнцы сітуацыі ў Беларусі і іншых краінах АБСЕ

3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 1-3 снежня наведаў з візітам Швецыю для ўдзелу ў 28-м пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АБСЕ. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

У ходзе выступлення на пленарным пасяджэнні СМЗС Уладзімір Макей адзначыў эскалацыю канфрантацыі, з'яўленне новых раздзяляльных ліній на прасторы АБСЕ. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў недапушчальнасць знешняга ўмяшання, санкцыйнага націску і выкарыстання двайных стандартаў пры ацэнцы сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку ў кантэксце міграцыйнай абстаноўкі на заходніх граніцах краіны. Ён заклікаў да вяртання дыялогу ў канструктыўнае рэчышча і рэалізацыі мер, якія вядуць да разрадкі напружанасці і аднаўлення ўзаемнага даверу.

У час пасяджэння СМЗС адбыліся таксама асобныя пасяджэнні, у ходзе якіх кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў краін - удзельніц АБСЕ абмяняліся меркаваннямі па пытанні павышэння эфектыўнасці дзейнасці арганізацыі, а таксама аб сітуацыі ў Афганістане.

Уладзімір Макей прыняў удзел у рабочай сустрэчы міністраў замежных спраў краін - членаў АДКБ, на якой абмеркаваны пытанні, звязаныя з каардынацыяй дзеянняў на пляцоўцы АБСЕ, а таксама сумесныя намаганні па рэагаванні на актуальныя выклікі бяспецы і процідзеянні спробам асобных краін па ўмяшанні ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, націску і навязванні непрымальнага парадку дня.

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства правёў серыю сустрэч з кіраўніцтвам АБСЕ, у тым ліку профільных офісаў арганізацыі. Уладзімір Макей сустрэўся з дырэктарам БДІПЧ АБСЕ Матэа Мекачы і праінфармаваў субяседніка аб актуальнай абстаноўцы ў Беларусі. Абмеркаваны падыходы зацікаўленых бакоў да вырашэння міграцыйнага пытання і іх адпаведнасць міжнароднаму праву і абавязацельствам у АБСЕ. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў недапушчальнасць націску і прымянення двайных стандартаў пры ацэнцы сітуацыі ў Беларусі і іншых краінах - удзельніцах АБСЕ.

На сустрэчы з прадстаўніком АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Тэрэзай Рыбейра міністр замежных спраў Беларусі пацвердзіў адкрытасць беларускага боку да выбудоўвання ўзаемапаважлівага і непрадузятага дыялогу. Уладзімір Макей падкрэсліў важнасць збалансаванага рэагавання офісам Тэрэзы Рыбейра на парушэнні ў сферы СМІ ў розных краінах.

Уладзімір Макей таксама сустрэўся з вярхоўным камісарам АБСЕ па справах нацыянальных меншасцей Кайратам Абдрахманавым. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў традыцыйна стабільную і спакойную абстаноўку ў Беларусі ў кантэксце міжэтнічных і міжнацыянальных адносін, адзначыў дэструктыўнасць спроб палітызацыі гэтай тэмы асобнымі краінамі.

На палях мерапрыемства адбыліся сустрэчы міністра з кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў шэрага дзяржаў - удзельніц АБСЕ.

У ходзе сустрэчы з міністрам замежных спраў Турцыі Меўлютам Чавушаглу абмеркаваны актуальныя пытанні рэгіянальнай бяспекі на прасторы АБСЕ, а таксама двухбаковага ўзаемадзеяння. Бакі пацвердзілі гатоўнасць да развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва, уключаючы ўзаемную падтрымку на міжнародных пляцоўках.

З міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіяртам разгледжаны перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, сітуацыя ў сферы міграцыі, падыходы бакоў да актуальных пытанняў рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня.

Сустрэча з міністрам замежных спраў Фінляндыі Пекам Хаавістам была выкарыстана для разгорнутага давядзення пазіцыі Беларусі па праблемных пытаннях узаемадзеяння з ЕС, для пошуку ўзаемапрымальных развязак у мэтах недапушчэння далейшага росту напружанасці і ўзаемнага адчужэння.

У рамках перагавораў з міністрам замежных спраў Азербайджана Джэйхунам Байрамавым адзначана нацэленасць на далейшую дынамічную рэалізацыю праектаў па ўсіх напрамках супрацоўніцтва, а таксама прадаўжэнне практыкі ўзаемнай падтрымкі на міжнародных пляцоўках у духу стратэгічнага партнёрства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі