Сцяг Чацвер, 13 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
03 студзеня 2023, 09:43

Дэпутат: два з пяці новых мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы пройдуць у Беларусі

3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бюджэт Саюзнай дзяржавы - унікальны інструмент інтэграцыйнага ўтварэння. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА заявіла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, намеснік старшыні Камісіі Парламенцкага сходу па бюджэце, падатках і фінансавым рынку Людміла Ніжэвіч.

Яна нагадала, што бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2023 год па даходах вызначаны ў суме 5966,0 млн расійскіх рублёў, па расходах - 5066,5 млн расійскіх рублёў. З іх 3959,5 млн прадугледжваецца накіраваць у тым ліку на фінансаванне 4 праграм і 33 мерапрыемстваў. "Мэта мерапрыемстваў - далейшае ўзаемадзеянне ў сферы культуры, навукі, а таксама патрыятычнае выхаванне моладзі дзяржаў-удзельніц і захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. На 2023 год запланавана пяць новых: культурна-адукацыйная патрыятычная акцыя "Поезд памяці", "Саюзная дзяржава на Купалле", гісторыка-прававая змена "Будучыня правапарадку" для дзяцей супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Беларусі і Расіі, форум "Расія і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс", а таксама форум ВНУ інжынерна-тэхнічнага профілю. Два з гэтых мерапрыемстваў пройдуць у Беларусі", - расказала дэпутат.

Паглыбленне інтэграцыйных працэсаў паміж Беларуссю і Расіяй стала адказам на гібрыдную вайну з боку Захаду і спробы раздзяліць два народы. Цеснае ўзаемадзеянне дзвюх краін дае магчымасць забяспечваць сацыяльную стабільнасць і дабрабыт грамадзян, абараняць іх інтарэсы. У 2023 годзе інтэграцыя ў рамках Саюзнай дзяржавы будзе накіравана на стварэнне адзіных рынкаў у прамысловасці, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы і транспарце, на зняцце бар'ераў ва ўзаемным гандлі і на збліжэнне сацгарантый - ад медыцыны і адукацыі да пенсій і дапамог. "Парламентарыі Беларусі і Расіі разглядаюць саюзны бюджэт як адну з крыніц фарміравання адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы ў інтарэсах развіцця нацыянальных эканомік дзяржаў. Таму ў 2022 годзе дэпутаты дзвюх краін удзялілі асаблівую ўвагу ўдасканаленню нарматыўна-прававой базы Саюзнай дзяржавы ў бюджэтна-фінансавай сферы", - сказала Людміла Ніжэвіч.

Яна таксама адзначыла, што з 28 саюзных праграм каля палавіны прадугледжваюць гарманізацыю заканадаўства ў фінансавай і аўдытарскай дзейнасці. Гэта і стварэнне агульнага фінансавага рынку, рэгуляванне асобных пытанняў банкаўскага сектара, гарманізацыя патрабаванняў у галіне процідзеяння адмыванню даходаў, атрыманых злачынным шляхам, уніфікацыя грамадзянскага заканадаўства і вызначэнне асноў стварэння ўласнасці Саюзнай дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі