Сцяг Аўторак, 16 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
05 лютага 2024, 10:36

Беларусь і Пакістан адзначаюць 30-годдзе ўстанаўлення дыпадносін

Фота з архіва
Фота з архіва
5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Пакістан адзначаюць 30-годдзе ўстанаўлення дыпадносін. У сувязі з гэтым адбыўся абмен віншавальнымі пасланнямі кіраўнікоў МЗС дзвюх краін Сяргея Алейніка і Джаліла Абаса Джылані, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, Беларусь і Пакістан звязваюць даўнія сувязі, якія пачаліся задоўга да ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзяржавамі. Грамадзяне Пакістана добра знаёмы са словам "Беларусь" па аднайменнай назве беларускіх трактароў, якія наша краіна пастаўляе на пакістанскі рынак ужо больш як 50 гадоў.

Важнай вяхой двухбаковага супрацоўніцтва стала ўзаемнае адкрыццё пасольстваў у сталіцах абедзвюх дзяржаў у 2014 і 2015 гадах.

Значнай падзеяй для развіцця ўсяго комплексу беларуска-пакістанскіх адносін стаў першы ў гісторыі афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан у 2015 годзе.

Кіраўніцтва Беларусі і Пакістана падтрымлівае рэгулярны кантакт, у тым ліку праводзіць сустрэчы на міжнародных пляцоўках. Узаемадзеянне дзвюх краін у ААН і іншых міжнародных арганізацыях мае дружалюбны і даверны характар.

За мінулы перыяд бакамі створаны ўсе ўмовы для развіцця поўнафарматнага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, пашырана дагаворна-прававая база, арганізавана работа неабходных механізмаў інстытуцыянальнага ўзаемадзеяння ў выглядзе камісій, рабочых груп і Дзелавога савета. Так, у 2015 годзе пачала працаваць сумесная Беларуска-Пакістанская камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Эканомікі Беларусі і Пакістана ўзаемна дапаўняюць адна адну. Асноўныя артыкулы беларускага экспарту ў Пакістан - трактары, калійныя ўгнаенні, сінтэтычныя валокны, шыны, жгут сінтэтычных ніцей, дзіцячае харчаванне (сухія сумесі). Асноўныя артыкулы імпарту ў Беларусь - рыс, харчовыя прадукты, вырабы са скуры, тканіны, спартінвентар. Цяпер вядзецца работа па стварэнні зборачнай вытворчасці беларускіх трактароў на тэрыторыі Пакістана.

Зацікаўленыя дзяржаўныя органы, ведамствы і дзелавыя колы Беларусі і Пакістана падтрымліваюць рэгулярныя кантакты. Усе беларускія рэгіёны ўстанавілі партнёрскія адносіны з пакістанскімі правінцыямі.

Створаны перадумовы для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, навукі і культуры. У Нацыянальным універсітэце сучасных моў Пакістана адкрыты цэнтр беларускай мовы і культуры. У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце адкрылася кафедра мовы урду.

На базе Нацыянальнай бібліятэкі Ісламскай Рэспублікі Пакістан адкрыты Беларускі інфармацыйна-культурны цэнтр, укамплектаваны літаратурай аб гісторыі, культуры і прыродзе нашай краіны, інфармацыйнымі матэрыяламі аб станаўленні беларускай дзяржаўнасці. Пры Пакістанскім савеце па навуковых і прамысловых даследаваннях адкрыты Беларуска-Пакістанскі цэнтр па каардынацыі навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва.

Да юбілею дыпадносін на будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі запушчаны святочны бягучы радок на беларускай і англійскай мовах.

Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Беларусі сумесна з выдавецкім цэнтрам "Марка" РУП "Белпошта" і пасольствам Беларусі ў Пакістане падрыхтаваны памятны паштовы праект з нагоды 30-годдзя дыпадносін дзвюх краін.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі