
8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Краіны Балтыі нарошчваюць ваенную інфраструктуру - адпаведныя даныя ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА прывёў ваенны аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Чарнабай.
На праведзеным у канцы чэрвеня саміце НАТА было вырашана значна павялічыць сілы альянсу ў краінах Балтыі. Па праграме пашыранай перадавой прысутнасці шматнацыянальныя батальённыя баявыя групы павялічваюцца да ўзроўню брыгадных, у перспектыве плануецца арганізаваць на балтыйскай зямлі захоўванне неабходнага ўзбраення, ваенна-тэхнічнай маёмасці і іншых запасаў для воінскіх часцей краін-саюзнікаў, якія ўвахозяць у склад сіл хуткага рэагавання.
"Гэта запатрабуе ад Літвы, Латвіі і Эстоніі значных бюджэтных асігнаванняў, а таксама падрыхтоўкі адпаведнай інфраструктуры. Такая работа праводзіцца ўжо некалькі месяцаў", - адзначыў Андрэй Чарнабай.
Паводле яго слоў, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа неаднаразова заяўляў, што краіна гатова прыняць больш значныя сілы альянсу і прадаставіць ім усю неабходную інфраструктуру і дапамогу.
"Практычным пацвярджэннем гэтых слоў стала выдзяленне ў пачатку года 40 млн еўра на стварэнне трох лагераў для размяшчэння амаль 2,4 тыс. салдат саюзнікаў. Для дыслакацыі дадатковых войскаў НАТА Вільнюс таксама мадэрнізуе ваенны палігон Руднінкай на паўднёвым усходзе Літвы. Пры ўдзеле нямецкіх кампаній Rheinmetall і Krauss-Maffei Wegmann 29 чэрвеня ў Іонаве адкрыты цэнтр па абслугоўванні баявой тэхнікі Літвы і яе саюзнікаў па блоку. У бліжэйшы час у краіну прыбудуць нямецкія афіцэры, каб ацаніць існуючую ваенную інфраструктуру і прыняць рашэнне аб размяшчэнні элементаў брыгады бундэсвера. На гэтыя мэты да 2027 года Літве трэба будзе патраціць сотні мільёнаў еўра", - паведаміў аналітык.
Эксперт дадаў: Латвія раней уклала значныя сродкі ў будаўніцтва і рэканструкцыю жылой і вучэбнай інфраструктуры на ваеннай базе Адажы, дзе дыслацыруецца баявая група НАТА. 5 ліпеня міністр абароны краіны Артыс Пабрыкс аб'явіў аб стварэнні яшчэ адной міжнароднай ваеннай базы Залве ў паўднёвых раёнах Айзкраўкле і Екабпілс, паблізу граніцы з Літвой.
"29 чэрвеня міністэрствы абароны Латвіі і Канады падпісалі сумесную дэкларацыю, у адпаведнасці з якой Рыга абавязуецца распрацаваць і прадаставіць інфраструктуру для падтрымкі разгортвання брыгады свайго заакіянскага саюзніка. Акрамя будаўніцтва жылых памяшканняў неабходна падрыхтаваць аб'екты вучэбна-матэрыяльнай базы, тэхнічнага абслугоўвання, размяшчэння абсталявання, боепрыпасаў і запасаў матэрыяльных сродкаў", - адзначыў Андрэй Чарнабай.
Паводле яго слоў, Эстонія таксама рыхтуе інфраструктуру для прыёму воінскіх часцей саюзнікаў. У бліжэйшых планах - мадэрнізацыя авіябазы Эмары. У ліпені 2021 года краіна далучылася да ініцыятывы НАТА па сумесным захоўванні боепрыпасаў і ў сакавіку 2022 года адкрыла на сваёй тэрыторыі "шматнацыянальны" склад для часцей пашыранай перадавой прысутнасці альянсу. Ваенны аналітык прывёў даныя: за некалькі месяцаў бягучага года Талін павялічыў ужо расходы на ваенныя патрэбы амаль на 1 млрд еўра, што перасягае гадавы абаронны бюджэт краіны.
"У бліжэйшы час пералік узводзімых аб'ектаў ваеннай інфраструктуры ў краінах Балтыі значна ўзрасце, таму што плануецца ўзмацненне не толькі сухапутнага кампанента войскаў НАТА, але і ваенна-паветранага, ваенна-марскога, а таксама проціпаветранай абароны. У сваю чаргу ўсе ўзведзеныя аб'екты будуць патрабаваць штогадовых расходаў на тэхнічнае абслугоўванне ў памеры дзясяткаў, калі не соцень мільёнаў еўра. У сувязі з гэтым урадам балтыйскіх краін яшчэ не раз давядзецца пераглядаць свае абаронныя бюджэты ў бок павелічэння, што вялікім цяжарам ляжа на плечы простых падаткаплацельшчыкаў", - прагназуе эксперт.-0-