
Зніжэнне няпоўнай занятасці сведчыць аб аднаўленні эканомікі. Такое меркаванне выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда ў час рабочай сустрэчы з прадстаўнікамі галіновых прафсаюзаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ФПБ.
"Яшчэ з сакавіка бягучага года прафсаюзы праводзяць маніторынг сацыяльна-эканамічнай сітуацыі на прадпрыемствах усіх галін эканомікі. Штотыднёва мы аналізуем пытанні, якія датычацца занятасці работнікаў, тэрмінаў выплаты заработнай платы, прадастаўлення дадатковых сацыяльных гарантый у адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі. І ў цэлым мы бачым, што гэты няпросты перыяд мы пераадольваем з мінімальнымі стратамі. На прадпрыемствах і ў арганізацыях не было выпадкаў масавага звальнення. Захаваны працоўныя калектывы і вытворчасці", - сказаў Міхаіл Орда.
Безумоўна, пандэмія ўнесла свае карэктывы ў работу многіх прадпрыемстваў. "Напрыклад, у маі ўзніклі пытанні з устанаўленнем няпоўнага працоўнага часу, прастояў, вымушанага выхаду работнікаў у сацыяльныя водпускі. Сёння сітуацыя выраўноўваецца. У чэрвені значна скарацілася колькасць аб'яўленых прастояў - з 58 тыс. да 29 тыс. зафіксаваных прафсаюзамі выпадкаў. Зменшылася колькасць работнікаў, якія былі адпраўлены ў водпускі без захавання або з частковым захаваннем заработнай платы, - практычна на 25 працэнтаў. Станоўчая дынаміка захоўвацца і ў ліпені. Тым не менш мы разумеем, што ва ўсім свеце эканамічныя наступствы пандэміі будуць адчувацца яшчэ даволі доўга. І ў гэтых умовах усе краіны выпрацоўваюць меры і падыходы, як арганізаваць эфектыўную работу ўсіх галін эканомікі", - адзначыў старшыня ФПБ.
Міхаіл Орда падкрэсліў, што ў нашай краіне прыняты ўжо шэраг мер па падтрымцы прадпрыемстваў і працоўных. "У тым ліку яны былі сфарміраваны на аснове тых прапаноў, што ініцыяваў нацыянальны прафцэнтр. Але сёння, сустракаючыся з працоўнымі калектывамі, мы бачым, што ёсць неабходнасць у дадатковых мерах па падтрымцы асобных галін і працоўных. Мы вывучылі ўсе тыя пытанні, з якімі да нас звяртаюцца работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, і на аснове іх выпрацавалі шэраг прапаноў, якія ў бліжэйшы час будуць накіраваны ва ўрад", - дадаў ён.