ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Нядзеля, 29 сакавіка 2020
Мінск Воблачна з праясненнямі +6°C
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
26 снежня 2019, 15:57
Анатоль Iсачанка

Задача дарослых - зрабіць усё магчымае для нашых дзяцей

Анатоль Iсачанка
Анатоль Iсачанка

Задача дарослых - зрабіць для дзяцей усё магчымае. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Ісачанка, які далучыўся да акцыі "Нашы дзеці" і наведаў 26 снежня дзіцячы дом нумар 5 у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Анатоль Ісачанка ў час знаёмства з дзіцячым домам і яго выхаванцамі адзначыў, што хоць за акном надвор'е і не зімовае, а дажджлівае, настрой у яго навагодні. "Галоўнае, каб у нас у краіне, у доме і душы было цёпла. Вельмі здорава, што мы ўдзельнічаем у акцыі "Нашы дзеці", якая праходзіць па ўсёй краіне. Трэба любіць нашых дзяцей і нашу радзіму - гэта самае галоўнае. Прыемна, калі пад Новы год наведваеш такія ўстановы і дорыш падарункі дзецям. Яны заўсёды чакаюць іх, загадваюць жаданні, спадзяюцца на лепшае. Наша задача - дарослых - зрабіць усё магчымае для нашых дзяцей", - сказаў віцэ-спікер Савета Рэспублікі.

Ганаровых гасцей сёння ва ўстанове чакалі дзеці рознага ўзросту (самаму маленькаму 4 гады, самаму даросламу - 17). Сярод 61 выхаванца 6 інвалідаў і 12 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Аб'ядноўвае ўсіх выхаванцаў не толькі агульны дом, але і вялікая цікавасць да спорту. У мінулым годзе ў час акцыі "Нашы дзеці" хлопчыкам і дзяўчынкам падарылі карысны падарунак: трэніровачны комплекс са скаладромам ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Прайшло крыху часу, а юныя спартсмены ўжо гатовы дэманстраваць свае поспехі: без кроплі страху перамяшчаюцца яны па стромкай горцы, пераадольваюць паветраныя перашкоды і горда дэманструюць гасцям сваю спрытнасць. Пасля заняткаў яны падмацоўваюцца ў маленькай, але па-дамашняму ўтульнай сталовай. Нават ежа тут дамашняя: на абед боршч і смажаная курачка, на вячэру плоў і карысны салат.

У час невялікай экскурсіі госці спыніліся ля навагодняй ёлкі ў холе. Яна ўпрыгожана цацкамі, якія дзеці зрабілі сваімі рукамі пад кіраўніцтвам педагогаў. Дырэктар дзіцячага дома Вольга Сімаковіч звяртае ўвагу, што ўсіх выхаванцаў з ранняга ўзросту прывучаюць самастойна ствараць утульнасць у доме.

Яшчэ адна ёлка красуецца ў актавай зале. Ля галоўнага сімвала свята разгортваецца казка з Дзедам Марозам і Снягурачкай. Яны разам з дзеткамі і ганаровымі гасцямі весела лепяць снежкі, выконваюць заданні, пляскаюць у далоні і тупаюць. У канцы паказу - прыемны сюрпрыз пад ёлачкай: салодкія пачастункі і планшэты для кожнай групы гасцей. "Няхай усе вашы мары і жаданні здзяйсняюцца, з надыходзячым Новым годам і ўсяго добрага!" - павіншаваў усіх Анатоль Ісачанка.

У знак удзячнасці дзеці запрасілі намесніка старшыні Савета Рэспублікі на чаяпіцце з дамашнімі ласункамі. Гучала шмат гісторый, простых і душэўных успамінаў аб поспехах і дасягненнях. "Хаджу на каратэ, атрымаў жоўта-зялёны пояс", "Займаюся боксам, хутка спаборніцтвы", "Ходзім у паходы", "Хачу паступіць ва ўніверсітэт фізічнай культуры. Аддаю ўсе сілы таэквандо", - расказвалі самыя бойкія. Затым дзеці ўручылі гасцям падарункі - сувеніры ручной работы.

"Я ўбачыў, колькі ў нас таленавітых дзяцей, якія сапраўды займаюцца і радуюць сваімі дасягненнямі, імкнуцца дасягнуць у жыцці многага, паважліва ставяцца да нашай радзімы і адзін да аднаго - гэта самае прыемнае. Яны дыхаюць пазітывам. Я думаю, што не трэба спыняцца толькі на такой акцыі, трэба часцей бываць у дзіцячых дамах, размаўляць з дзецьмі, гэта ж наша будучае", - падзяліўся віцэ-спікер Савета Рэспублікі.

Анатоль Ісачанка сёння таксама наведае дзіцячы дом сямейнага тыпу ў горадзе Узда. Ён павіншуе з надыходзячымі святамі мужа і жонку Таццяну і Анатоля Каршукоў і іх шасцярых дзяцей: Кацярыну, Яну, Яўгена, Ганну, Дзмітрыя і Злату.

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі