
Выезд улад на месцы дасць магчымасць хутка вырашаць грамадска значныя пытанні. Такое меркаванне выказаў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка 21 мая пасля асабістага прыёму грамадзян у Салігорску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прыёмы грамадзян застануцца, але падыход да вырашэння пытанняў крыху зменіцца. Мы будзем старацца папярэдзіць звароты людзей і вырашаць пытанні на месцах. Гэта значыць старшыні выканкамаў і іншыя службовыя асобы не будуць чакаць, пакуль людзі прыедуць, напрыклад, у сельскі савет, а самі выедуць на месцы. Яны сустрэнуцца з людзьмі, раскажуць, што можна вырашыць, што ў бліжэйшых планах, што будзе перанесена на наступны год. На мой погляд, такі падыход дасць большы эфект: гэта будзе прамое ўзаемадзеянне з людзьмі, такім чынам будуць адразу вырашацца не толькі асабістыя праблемы, але і пытанні, якія маюць грамадскі рэзананс", - лічыць Анатоль Ісачанка.
Сёння на прыём да губернатара запісаліся сем чалавек. Найбольш вострай праблемай старшыня Мінаблвыканкама назваў падтапленне зямельных участкаў жыхароў аграгарадка Старыя Цярушкі. Паводле слоў мясцовых жыхарак, вада стаіць у агародах і скляпах, пасевы кожны год гінуць. Як запэўнілі раённыя спецыялісты, праектна-каштарысная дакументацыя ўжо распрацавана, у сярэдзіне ліпеня пачнуцца работы па абароне падворкаў. Прадугледжваецца меліярацыя, будаўніцтва помпавых станцый. Нарматыўны тэрмін выканання - 16 месяцаў, аднак разлічваюць завяршыць работы раней. Анатоль Ісачанка паабяцаў узяць пытанне на кантроль і 15 ліпеня выехаць на месца: паглядзець, ці пачалі работы, ці патрэбна дапамога.
Узнімалася таксама пытанне рамонту дарогі па вул. Пралятарскай аграгарадка Крывічы. Заяўніца паскардзілася, што ў іх населеным пункце заасфальтаваны амаль усе дарогі, а Пралятарская - цэнтральная вуліца - у жахлівым стане. Старшыня Мінаблвыканкама запэўніў, што асабіста агледзіць дарогу, але абяцаць нічога не можа. "Калі б у Салігорскім раёне была толькі адна такая дарога, то мы яе зрабілі б. Але ёсць і іншыя вуліцы, якія патрабуюць рамонту. Таму мы з'ездзім і прымем рашэнне, наколькі яе рамонт прыярытэтны", - адзначыў ён.
Жыхарка гарадскога пасёлка Старобін звярнулася наконт будаўніцтва веладарожкі ад вёскі Дубеі да вёскі Паварчыцы. Анатоль Ісачанка прапанаваў вынесці праблему на грамадскае абмеркаванне і разам вырашыць: лепш зрабіць гэту веладарожку або іншую - у гарадскім парку.
Таксама ўзнімаліся пытанні электразабеспячэння садоўніцкіх таварыстваў, абмежавання руху транспарту, высечкі аварыйных дрэў.