ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 4 кастрычніка 2022
Мінск +7°C
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
16 красавіка 2022, 11:45
Наталля Качанава

Сёння мы ў адзіным парыве робім для сваёй краіны важныя і патрэбныя справы

Наталля Качанава
Наталля Качанава
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу

Сёння людзі ў адзіным парыве робяць для сваёй краіны важныя і патрэбныя справы, заявіла журналістам падчас рэспубліканскага суботніка старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння спікер верхняй палаты парламента, члены Прэзідыума, супрацоўнікі сакратарыята Савета Рэспублікі, школьнікі, сувораўцы, Маладзёжны парламент - усяго больш за 200 чалавек удзельнічаюць у рэспубліканскім суботніку ў мемарыяльным комплексе ў Масюкоўшчыне. Запланавана добраўпарадкаванне помніка загінулым у гады вайны ў канцэнтрацыйным лагеры смерці. Удзельнікі суботніка прыбяруць прылеглую тэрыторыю і пасадзяць кусты ядлоўцу.

"Традыцыйна ў нашай краіне ў красавіку праводзіцца рэспубліканскі суботнік. Хоць, вядома, у Мінску прыводзіць у парадак гарадскія тэрыторыі, тэрыторыі мемарыяльных комплексаў пачалі ўжо даўно, таму што аб'яўлены быў месячнік па навядзенні парадку. Але традыцыйна мы ўсе разам у гэты дзень, калі аб'яўляецца рэспубліканскі суботнік, выходзім для таго, каб зрабіць нашу краіну прыгажэйшай, для таго, каб прывесці ў парадак нашы гарады, раённыя цэнтры, - сказала Наталля Качанава. - Сёння мы высаджваем ядловец у гэтым святым месцы не толькі для гараджан, але і для жыхароў усёй Беларусі. Гэта наша памяць. І ў Год гістарычнай памяці гэтыя падзеі па-асабліваму адгукаюцца ў сэрцы кожнага з нас. Сёння мы разам, і гэта цудоўна. Выдатна, што мы ўсе ў адзіным парыве робім для сваёй краіны важныя і патрэбныя справы".

Сёння ў мемарыяльным комплексе працуе і моладзь. "Школьнікі, сувораўцы, дзеці нашых супрацоўнікаў, Маладзёжны парламент. Мы разам, таму што павінны перадаваць тыя слаўныя традыцыі, якія ёсць у нашай маладой Беларусі наступным пакаленням, нашай моладзі. Гэта важна, што ёсць такая пераемнасць", - адзначыла спікер.

Мемарыяльны комплекс "Масюкоўшчына" - помнік ваеннапалонным і грамадзянскім, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў адным з найбуйнейшых на акупіраванай тэрыторыі былога Савецкага Саюза канцэнтрацыйным лагеры смерці "Шталаг-352". У гэтым лагеры фашысты прымянялі асабліва жорсткую сістэму катаванняў і зневажання чалавечай годнасці. Людзі ўтрымліваліся ў нечалавечых умовах, у хлявах, бараках, стайнях. Для ваеннапалонных, якія масава прыбывалі, не хапала месца, і многія з іх, асабліва восенню і зімой 1941-1942 гадоў, знаходзіліся ў лагеры проста пад адкрытым небам, дзе амаль адразу ж гінулі ад холаду, голаду і хвароб. З ліпеня 1941-га па 3 ліпеня 1944 года ў "Шталагу-352" загінулі больш за 80 тыс. салдат і афіцэраў, якія трапілі ў палон, і мірных жыхароў, сагнаных у лагер з Мінска і навакольных вёсак. Акрамя грамадзян былога СССР са снежня 1943 года па чэрвень 1944-га ў канцлагеры знаходзіліся італьянскія салдаты і афіцэры, якія змагаліся супраць фашыстаў на баку Савецкага Саюза.

Мемарыял размешчаны пасярод невялікага сасновага парку. Да гранітнага манумента вядуць прыступкі, у памяць аб загінулых гарыць Вечны агонь. На тэрыторыі мемарыяла размешчаны брацкія магілы, кожная з якіх абазначана мармуровай чорнай плітой. Пасярод парку ўстаноўлена белая ратонда, дзе пад шклом ляжыць Кніга Памяці, у якую занесены прозвішчы амаль 10 тыс. былых вязняў "Шталага-352". Але імёны больш як 70 тыс. загінулых у канцлагеры да гэтага часу так і застаюцца невядомымі.

"Члены Савета Рэспублікі, яго сакратарыят патраніруюць гэта месца, наводзяць парадак. Падзеі разгортваліся на гэтай тэрыторыі жудасныя: людзі знаходзіліся ў канцлагеры пад адкрытым небам у любое надвор'е, зімой, - падкрэсліла Наталля Качанава. - Сёння тут знаходзіцца храм, ёсць музей. І гэты музей павінны наведаць усе для таго, каб памятаць, ведаць і не дапусціць такой трагедыі, якую перажылі нашы старэйшыя пакаленні".

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі