ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 18 жніўня 2022
Мінск Ясна +20°C
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
03 снежня 2020, 12:18
Міхаіл Кавалёў

Пра магчымы адказ Беларусі на заходнія санкцыі

Міхаіл Кавалёў
Міхаіл Кавалёў
Доктар эканамічных навук, прафесар

Прафесар Белдзяржуніверсітэта эканаміст Міхаіл Кавалёў расказаў газеце "СБ. Беларусь сегодня" аб магчымых варыянтах адказу Беларусі на санкцыі краін Захаду, паведамляе БЕЛТА.

"Калі санкцыйная палітыка прадоўжыцца, у адказ мы можам увесці санкцыі на пастаўкі еўрапейскіх тавараў у Беларусь. Цана пытання - мільярды долараў. І гэта значны ўрон еўрапейскаму бізнесу і тым беларусам (а такіх цяпер шмат), якія працуюць у розных дылерскіх і аналагічных кампаніях, прадаючы тут тавары - ад сыроў і віскі да фарбаў. Украіна таксама далучылася да антыбеларускіх санкцый. Што ж, Мазырскі НПЗ працуе фактычна на ўкраінскі рынак. Усё, пачынаючы ад аўтамабіляў кіраўніцтва гэтай краіны і заканчваючы ўкраінскімі танкамі, запраўляецца беларускай "гаручкай". А калі мы перастанем пастаўляць нафтапрадукты ва Украіну? Так, рабочыя НПЗ пацерпяць, але ў цэлым наша краіна гэтага манеўру практычна не заўважыць. Крыху зменшыцца сума падаткаў, якія паступаюць з Мазырскага НПЗ у бюджэт, - запэўнівае Міхаіл Кавалёў. - Што датычыцца балтыйскіх краін, якія ідуць нават наперадзе Еўрасаюза і першымі ўводзяць супраць нас палітычныя санкцыі, то хачу адзначыць, што эканамічных абмежаванняў супраць Беларусі яны ніколі не прымянялі. Паколькі разумеюць, што атрымаюць адэкватны адказ. Напрыклад, у выглядзе пераарыентацыі грузаў з партоў на расійскі напрамак. Вядома, гэта запатрабуе часу і будзе менш выгадным для нас, але страты для іх будуць куды больш значнымі. Акрамя таго, вы ж ведаеце рашучасць нашага Прэзідэнта. Калі эканамічныя санкцыі супраць Беларусі будуць істотнымі, ён можа даць каманду, напрыклад, перакрыць нафтаправод і газаправод напярэдадні зімы. "Паўночны паток - 2" яшчэ не пабудаваны. Таму я не думаю, што санкцыі супраць нас у выніку будуць настолькі істотнымі, як гэта абмяркоўваецца".

На думку прафесара, эканамічныя санкцыі (гэтак жа і заклікі да забастовак) прызначаны выклікаць у насельніцтва незадаволенасць уладай. "Але я думаю, людзі пачынаюць ужо разумець, што вось гэтыя чатыры месяцы палітычнай нестабільнасці наносяць такі ўрон беларускай эканоміцы, а значыць, беларускаму дабрабыту, што міне яшчэ пару месяцаў і людзі будуць успамінаць дваццаць апошніх гадоў як лепшыя свае гады ў эканамічным плане", - лічыць Міхаіл Кавалёў.

Ён таксама ўпэўнены, што галоўная мэта Літвы і Польшчы - вырваць Беларусь з саюза з Расіяй і замкнуць ланцуг з Малдовы і Украіны, дабавіўшы Беларусь. "Гэты ланцуг павінен ізаляваць Расію. Наша ж мэта - стаць не варожым Расіі ізалятарам, а мостам паміж ЕС і Еўразійскім эканамічным саюзам", - рэзюмуе эканаміст.

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі