ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Панядзелак, 25 мая 2020
Мінск Пераменная воблачнасць +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
03 мая 2012, 15:19

 ШАГАЛ І ВІЦЕБСК. 125 гадоў і адно вялікае свята

Да 125-годдзя Марка Шагала ў Віцебску прымеркавалі больш як 30 мерапрыемстваў


Сусветная мастацкая грамадскасць у гэтым годзе будзе шырока адзначаць 125-годдзе са дня нараджэння Марка Шагала. Яго малая радзіма не засталася ўбаку ад святкавання і рыхтуе нямала цікавых мерапрыемстваў, якія папулярызуюць творчасць мастака і, несумненна, прыцягнуць у Віцебск нямала турыстаў. Аб тым, чым азнамянуецца 125-годдзе мастака ў Віцебску, што чакае гасцей юбілейных урачыстасцей, як пры святкаванні не парушыць аўтарскіх правоў і не купіцца на падробкі мастакоў-авангардыстаў, карэспандэнт БЕЛТА размаўляе з дырэктарам музея Марка Шагала ў Віцебску, членам аргкамітэта па святкаванню юбілею Людмілай Уладзіміраўнай Хмяльніцкай.


-У гонар юбілею Марка Шагала ў Віцебску запланавана правядзенне больш як трох дзясяткаў мерапрыемстваў: ад рамонту інтэр'ераў Дома-музея Марка Шагала да стварэння тэматычных праграм на мясцовым тэлеканале...


-Так, мы пастараліся напоўніць праграму святкавання карыснымі, цікавымі і нефармальнымі дзействамі. Самымі галоўнымі стануць Шагалаўскія чытанні, якія пройдуць 9-10 чэрвеня, і дзень нараджэння Шагала, якое мы будзем святкаваць 7-8 ліпеня.


XXII  Міжнародныя Шагалаўскія чытанні на гэты раз прысвячаюцца віцебскаму мастацкаму вучылішчу. Іх тэма вызначана як "Гісторыя Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. 1918-1923 гады". Цікавасць музея Марка Шагала да тэмы абумоўлена тым, што гэту навучальную ўстанову ствараў Марк Шагал, і тым, што ў Віцебску з'явіцца новы музей, які стане яшчэ адной кропкай на шагалаўскай карце горада.


У мінулым годзе віцебскаму музею "Цэнтр сучаснага мастацтва" перадалі будынак, што захаваўся да нашых дзён, дзе ў 1918-1923 гады размяшчалася вучылішча, а таксама жылі яго знакамітыя выкладчыкі: Малевіч, Лісіцкі, Ермалаева і інш. Хоць рэстаўрацыя зойме не адзін год, над экспазіцыяй трэба пачынаць працаваць ужо зараз. Як некалі Шагал ствараў вучылішча, так цяпер музей Шагала гатовы дапамагаць ствараць экспазіцыю, прысвечаную гісторыі створанага ім вучылішча.


Мы спадзяёмся Шагалаўскімі чытаннямі пачаць збор матэрыялаў і , калі хочаце, справакаваць інтарэс да гэтай тэмы. Даследчыкі гісторыі віцебскага вучылішча ёсць у розных краінах свету.  На XXII  Міжнародныя Шагалаўскія чытанні маюць намер прыехаць мастацтвазнаўцы з Беларусі, Расіі, Латвіі, Францыі, Германіі.


- Штогадовае свята "У гасцях у Марка і Бэлы", якое ў гонар дня нараджэння Марка Шагала праводзіцца ў Віцебску, палюбілася віцябчанам і гасцям горада. Як вы плануеце адзначаць яго ў юбілейным годзе?


- Юбілей мы плануем адзначаць два дні - 7 і 8 ліпеня. Спадзяюся, што 7 ліпеня з традыцыйнага свята "У гасцях у Марка і Бэлы" нам удасца арганізаваць прыгожае шоу ў стылі Шагала, задзейнічаўшы ўсю Пакроўскую вуліцу - вуліцу, дзе прайшло юнацтва мастака і дзе знаходзіцца яго Дом-музей. Ёсць план, як гэта зрабіць, і самае галоўнае - ёсць людзі, якія могуць гэта зрабіць.


На наступны дзень 8 ліпеня мы плануем вялікую пленэр-акцыю "Віцебск - горад мастакоў". Гэта назва адпавядае рэчаіснасці, паколькі ў Віцебску многа дзіцячых мастацкіх школ, ёсць каледжы, дзе рыхтуюць навучэнцаў па творчых спецыяльнасцях, дзве віцебскія ВНУ выпускаюць мастакоў, дызайнераў адзення, рэкламы, ёсць аддзяленне Беларускага саюза мастакоў. Мы хочам паказаць усю разнастайнасць мастацкіх сіл Віцебска і прадставіць новыя імёны. На адзін дзень горад стане вялікай майстэрняй і выставачнай пляцоўкай.


Хачу падкрэсліць, што мы ні ў якім разе не збіраемся паўтараць работы майстра і ператвараць яго ў пленэр а-ля Шагал. Нам важна свабоднае праяўленне свабоднай творчасці. Тады гэта будзе вельмі па-шагалаўскі.


- Музей Шагала - адзін з самых наведвальных турыстамі. Напэўна, у юбілейным годзе музей падрыхтуе для сваіх гасцей нейкія сюрпрызы?


- Сапраўды, мы рыхтуемся ў гэтым годзе прапанаваць экскурсантам незвычайны праект, прызначаны падарыць ім яркую эмоцыю не толькі ад твораў або дома Шагала, але і ад уласнай творчасці. Згадзіцеся, што калі на турыста вывальваюцца лічбы, даты, падзеі, ад іх пухне галава, а праз некалькі гадзін у памяці ўжо нічога не застаецца, акрамя адной яркай плямы. Мы паставілі за мэту грузіць турыста не фактамі, а ўражаннямі. Таму будзем прапаноўваць ім паспрабаваць сябе ў ролі мастакоў, навучыўшы навыкам работы ў тэхніцы манатыпіі. У садзе пад яблынямі каля Дома-музея Шагала на Пакроўскай вуліцы мы хочам разгарнуць своеасаблівую майстэрню, дзе нашы супрацоўнікі - мастакі па адукацыі, раскажуць турыстам аб гэтай тэхніцы, пакажуць яе простыя прыёмы, і турысты змогуць сваімі рукамі стварыць незвычайны і адзіны ў сваім родзе сувенір, які застанецца ім на памяць.


Хачу дадаць, мы падрыхтавалі для турыстаў нямала іншых сувеніраў, да вырабу якіх прыцягвалі як вядомых віцебскіх майстроў народных промыслаў, так і студэнтаў мастацкіх факультэтаў. Дарэчы, у дзень нараджэння Шагала на Пакроўскай вуліцы можна будзе купіць эксклюзіўныя сувеніры, якія будуць прадавацца толькі ў гэты дзень і толькі на гэтай вуліцы.


Сярод турыстаў, якія прыедуць у Віцебск у гэтым юбілейным годзе, будуць прафесійныя перакладчыкі - удзельнікі Міжнароднага семінара перакладчыкаў у Яснай паляне з дзесяці краін. Семінар праводзіцца на працягу пяці гадоў, яго арганізатары на гэты раз прапанавалі перакладчыкам наведаць музей Марка Шагала, і яны з задавальненнем падтрымалі гэту прапанову. Мы хочам пазнаёміць іх не толькі з музеем, але і з Беларуссю. Мяркуем адвезці іх у Здраўнёва ў сядзібу Ільі Рэпіна, паказаць нашы маленькія гарадкі, дзе яшчэ жывы дух еўрапейскіх мястэчак.


- Напярэдадні юбілею павышаецца  рызыка парушэння аўтарскіх правоў у адносінах да работ Шагала, якія нядобрасумленныя дзялкі могуць капіраваць для сувеніраў, нейкіх камерцыйных выданняў. У музея вялікая практыка работы з Шагалаўскім камітэтам у Парыжы і сваякамі мастака, якія строга сочаць за захаваннем аўтарскіх правоў. Як пазбегнуць юрыдычных скандалаў?


- Ні ў якім разе нельга напаўняць рынак пасрэднымі рэпрадукцыямі шагалаўскіх работ, тым больш без захавання аўтарскіх правоў. Патрэбна ўлічваць сусветную практыку, дзе аўтарскія правы захоўваюцца строга. Няважна, гэта мастак, кампазітар або вынаходнік. Паводле еўрапейскіх законаў, на працягу 75 гадоў пасля смерці якога-небудзь дзеяча яго наследнікі карыстаюцца аўтарскімі правамі. Усё, што звязана з рэпрадуктаваннем, выкананнем, узнаўленнем, павінна ўзгадняцца з наследнікамі. Яны атрымліваюць працэнт з камерцыйнага прыбытку ад праекта, выдання або выканання. Такія ж правы дзейнічаюць і ў адносінах да наследнікаў Шагала. Сочаць за гэтым парыжскія Камітэт Марка Шагала і Камітэт па ахове аўтарскіх правоў.


Але гэта не значыць, што нікому нельга рэпрадуцыраваць работы Шагала, проста ёсць спецыяльная працэдура, якую з поспехам прайшлі ўжо некаторыя беларускія прадпрыемствы, як дзяржаўныя, так і прыватныя. Так, Мінская друкарская фабрыка  Дзяржзнака выпусціла цудоўнае падарачнае выданне - ілюстрацыі Марка Шагала да "Мёртвых душ" М.В.Гогаля. Гэтыя рэпрадукцыі 96 афортаў, арыгіналы якіх знаходзяцца ў зборы музея Марка Шагала ў Віцебску, былі зроблены з дазволу наследнікаў Шагала. Смею запэўніць, што не такіх вялікіх грошай гэта каштавала.. Асабліва падкрэслю, што патрабаванні прад'яўляліся толькі да якасці друку, а калі яна задаволіла наследнікаў, то дазвол быў тут жа дадзены.


На аснове калекцыі нашага музея прыватныя прадпрыемствы, атрымаўшы дазвол, выпускаюць магніты, сувеніры, паштоўкі. Усё гэта ўзгоднена з наследнікамі Шагала, праведзена неабходная працэдура, атрыманы сертыфікаты. Гэтыя сувеніры паспяхова прадаюцца ў нашым музеі.


Трэба памятаць: усё, што мае ў сваёй назве слова "Шагал", ці то спектакль, фільм, архітэктурны праект, павінна быць узгоднена з наследнікамі. Калі аўтары змогуць пераканаць наследнікаў, што гэта дастойна і пойдзе толькі на карысць імя Шагала, то дазвол будзе без затрымкі атрыманы.


Публікацыя рэпрадукцый работ Шагала таксама мае свае асаблівасці. Калі яны будуць выкарыстоўвацца ў навуковых і адукацыйный мэтах, гэта адно. А калі гэта выпускаецца на талерках, паштоўках, майках, календарах і бігбордах, то тут ужо іншыя патрабаванні. Напрыклад, у Мінску маюць намер размясціць бігборды з рэпрадукцыямі палотнаў Марка Шагала. Аўтары гэтай ідэі кансультаваліся з намі аб атрыманні дазволу наследнікаў, наш музей таксама падрыхтаваў пералік тых рэпрадукцый з ранняй творчасці мастака, якія, на наш погляд, трэба ведаць і папулярызаваць.


-Людміла Уладзіміраўна, ці ўбачыць Віцебск у юбілейным годзе выстаўку работ Шагала?


- Перш за ўсё хачу нагадаць, што з моманту стварэння музея Марка Шагала ў Віцебску ў Беларусі прайшло пяць паўнацэнных выставак яго творчасці. Экспанаваўся жывапіс, малюнкі, тыражная графіка, габелены. Прычым гэта былі тэматычныя выстаўкі, якія паказвалі разнастайнасць яго творчасці. Заявы аб тым, што Беларусь ніколі не бачыла арыгінальных работ Шагала, няправільныя і гавораць аб недасведчанасці аўтараў гэтых заяў. Выстаўкі былі ў Віцебску, Мінску, каму гэта было цікава, мог іх бачыць.


Наследнікі Шагала гатовы даваць нам выстаўкі раз у два гады, пры гэтым мінімізаваўшы затраты. На жаль, з 2005 года мы гэту магчымасць не выкарыстоўваем, паколькі музей не можа ўзяць на сябе расходы па яе фінанасаванню. Раней нам дапамагалі пасольствы Францыі і Германіі, аднак цяпер яны заняты іншымі праектамі.


- Не так даўно паведамлялася аб тым, што адзін з беларускіх банкаў набыў работы мастакоў Парыжскай школы - ураджэнцаў Беларусі. Сярод аўтараў купленых работ называлася імя Шагала. Якое ваше меркаванне аб гэтай пакупцы?


- Каменціраваць гэты набытак,  не бачыўшы яго, складана. Сам факт таго, што бізнес робіць такія пакупкі, вяртае на радзіму работы знакамітых ва ўсім свеце мастакоў, гэта, безумона, добра. Але было б лепш, калі б пры гэтым пакупнікі  кансультаваліся з мастацтвазнаўцамі аб тым, што яны купляюць і для чаго. Спецыялістаў можна не слухаць, але выслухаць неабходна. Кожны сур'ёзны карпаратыўны калекцыянер за мяжой мае экспертаў у галіне мастацтва, якія дапамагаюць фарміраваць калекцыю. Прадбачлівасць у гэтай справе апраўдана. На жаль, падробленыя работы рускага авангарда, да якога адносяць і работы ўраджэнцаў Беларусі, актыўна прадаюцца, у тым ліку нават музеямі. За часы існавання СССР спадчына авангардыстаў была схавана, а іх сваякі, якія засталіся ў Савецкім Саюзе, баяліся прызнацца ў тым, што яны захоўваюць іх работы. На Захадзе не драмалі і падроблівалі рускі авангард, які там быў вельмі папулярны. Пала жалезная заслона, сваякі распакавалі свае запаснікі, пачалі прадаваць арыгінальныя работы, якія мастакі стваралі на радзіме. Вось тады і высветлілася, што ў многіх заходніх прыватных калекцыях многа падробак рускага авангарда. Гэта было ў канцы 80-х гадоў XX стагоддзя. Паціху заходнія калекцыі папоўніліся арыгіналамі, але падробкі трэба было некуды дзець. Вось іх і сталі прадаваць. Баюся, каб цяпер Беларусь не трапіла ў сферу інтарэсаў такіх дзялкоў. Да таго ж знайсці экспертаў ў галіне авангарда, каб ацаніць аўтэнтычнасць і мастацкую каштоўнасць работ, вельмі складана.


- Людміла Уладзіміраўна, часам можна чуць выказванні аб тым, што нібыта ў Беларусі няма работ Шагала. Раскажыце аб калекцыі арт-цэнтра.


- Мне дзіўна чуць, што ў Беларусі няма работ Шагала. За 20 гадоў музеем сфарміравана нядрэнная калекцыя графічных работ Шагала. Да вырабу сваёй тыражнай графікі Шагал адносіўся з не меншым хваляваннем, чым да сваіх жывапісных работ або малюнкаў. Аб гэтым ён неаднойчы гаварыў. Да вырабу графікі Марк Захаравіч звярнуўся ў сталым узросце, калі быў ухо знакамітым мастаком. Ён свядома ішоў на выраб тыражных работ для таго, каб з імі пазнаёмілася як можна большая колькасць людзей. Гэта была своеасаблівая форма месіянерства. За ўсё жыццё Шагал стварыў каля адной тысячы графічных лістоў на розныя тэмы. У арт-цэнтры Марка Шагала ў Віцебску знаходзіцца ўжо трэць гэтай спадчыны - ад самых першых афортаў да апошняй работы, што дае магчымасць прасачыць эвалюцыю творчасці, тэхнікі, тэм. Наша калекцыя - гэта нацыянальны набытак. Хачу дадаць, што сабрана яна дзякуючы дарыльшчыкам: Генрыху Мандэлю з Германіі, Гюнтэру Камацкі са Швейцарыі, унучкам Шагала Бэле Меер і Мерэт Меер. Палавіна нашага збору, у тым ліку і ілюстрацыі да паэмы Гогаля "Мёртвыя душы", гэта дар Бэлы і Мерэт.


Мы хочам, каб з нашай калекцыяй пазнаёмілася як можна большая колькасць наведвальнікаў, і будзем рады бачыць гасцей на нашых святочных мерапрыемствах.


Дзіяна Курыло

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі