ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Панядзелак, 13 ліпеня 2020
Мінск Ясна +15°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
17 лютага 2012, 07:15

ПРАВА ВЫБАРУ ДЛЯ АДВАКАТА

Закон аб адвакатуры ў новай рэдакцыі вызначыў прынцыпы арганізацыі адвакатуры

Закон "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" у новай рэдакцыі, які ўступіць у сілу 6 красавіка, у першую чаргу накіраваны на стварэнне сучаснай сістэмы юрыдычнай абароны. Работа над дакументам вялася практычна два гады. У выніку адвакаты атрымалі закон, які дае магчымасць ім афіцыйна ажыццяўляць індывідуальную практыку, арганізоўваць бюро і працаваць у юрыдычных кансультацыях. Значна пашыраны віды юрыдычнай дапамогі, якую могуць аказваць адвакаты. Ці гатовы беларускія адвакаты да работы ў новых умовах? Аб гэтым расказаў у інтэрв’ю карэспандэнту БЕЛТА старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц.


- Віктар Іванавіч, якія змяненні ў законе, на ваш погляд, найбольш рэзультатыўна паўплываюць на работу беларускіх адвакатаў?

- У першую чаргу, у новай рэдакцыі закон дакладна вызначае прынцыпы арганізацыі адвакатуры і адвакацкай дзейнасці. З’явілася рэальная магчымасць стварэння новых арганізацыйных форм адвакацкай работы. Закон дае адвакату права выбару - ці гэта будзе юрыдычная кансультацыя, ці адвакацкае бюро або індывідуальная практыка. Пры гэтым, выбіраючы форму для арганізацыі сваёй дзейнасці, адвакат у любым выпадку павінен заставацца членам тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў.

У папярэднім законе таксама было ўказана, што адвакат мае права працаваць у іншых арганізацыйных формах. Але ўсё роўна адвакаты практычна працавалі ў юрыдычных кансультацыях. Індывідуальна не працаваў ніхто. А тыя бюро, якія былі створаны, мала адрозніваліся ад звычайнай юрыдычнай кансультацыі. Не было выразнага азначэння ў законе, як павінны працаваць адвакацкія бюро, якія яны маюць перавагі. У новай рэдакцыі ўсе гэтыя моманты ўлічаны.

Так, у адпаведнасці з дакументам, цяпер адвакаты, якія ўваходзяць у склад бюро, будуць з’яўляцца самастойнай юрыдычнай асобай. Яны будуць мець права ўтрымліваць свайго бухгалтара, сакратара і самі будуць утрымліваць бюро, аплачваць арэнду занятай плошчы. Бюро будуць арганізоўваць сваю работу за ўласныя сродкі. Калі раней адвакат мог сказаць, што ён выканаў шмат работы, якая, на яго думку, недастаткова матэрыяльна ацэнена калегіяй адвакатаў, то цяпер бюро будзе само вырашаць, як размеркаваць заробленыя сродкі.

- У Беларусі ўжо існуе вопыт стварэння такіх адвакацкіх бюро?

- У мінулым годзе Мінскай гарадской калегіяй адвакатаў у парадку эксперыменту былі арганізаваны тры адвакацкія бюро. Адно з іх займаецца пытаннямі сямейнай медыяцыі, другое - пытаннямі права ў сферы спорту, трэцяе не мае канкрэтнага вузкага напрамку і займаецца рознымі пытаннямі.

На мой погляд, будучае ў бюро ёсць. Адвакацкае бюро - гэта, як правіла, нешматлікая арганізацыя. У ёй адзінай камандай працуе 5-7 адвакатаў. Яны прымаюць якую-небудзь адну справу і разам працуюць над ёю. У такіх выпадках справы разглядаюцца больш аператыўна і якасна. Тут менш верагоднасці штосьці выпусціць ці недапрацаваць, таму што ў справе задзейнічана адразу некалькі прафесіяналаў. Таму з часам менавіта гэта арганізацыйная форма будзе, хутчэй за ўсё, карыстацца папулярнасцю ў Беларусі. Да таго ж, калі звярнуць увагу на работу калег у іншых краінах, то там таксама прыярытэт аддаецца рабоце адвакатаў у камандзе.

Аднак варта заўважыць, што адвакацкія бюро ў Беларусі ні ў якім выпадку не заменяць існуючыя юрыдычныя кансультацыі. Справа ў тым, што работу каманды зможа аплаціць далёка не кожны кліент. У бюро ў першую чаргу будуць звяртацца суб’екты гаспадарання, якім патрэбна аператыўна, якасна вырашыць вялікую колькасць пытанняў. Напрыклад, арганізацыя новай справы або ліквідацыя прадпрыемства, спагнанне даўгоў і гэтак далей. Грамадзяне па-ранейшаму будуць звяртацца да адвакатаў юрыдычных кансультацый.

- Ці будуць у гэтым годзе стварацца адвакацкія бюро ў іншых гарадах і рэгіёнах Беларусі?

- Ужо сёння некаторыя адвакаты выказалі жаданне працаваць у бюро. Мы разлічваем, што з уступленнем закона ў сілу да нас далучацца і тыя юрыдычныя фірмы, якія існавалі раней без права работы ў агульных судах. Хутчэй за ўсё, менавіта гэтыя фірмы застануцца працаваць у складах бюро. Аднак цяпер яшчэ не вызначана, якія адлічэнні павінен уносіць адвакат у тэрытарыяльную калегію. Таму пакуль адвакаты чакаюць канчатковых рашэнняў па фінансавых пытаннях. Па іх выніках і будуць вызначацца, у якой форме сёння працаваць адвакату найбольш выгадна.

Міністэрства юстыцыі праводзіла ўжо анкетаванне сярод юрыстаў-гаспадарнікаў, каб удакладніць: ці жадаюць яны працаваць у адвакатуры і ў якіх формах. На сёння можна сказаць, што многія, хутчэй за ўсё, пяройдуць працаваць у адвакатуру, а значыць, новыя адвакацкія бюро з’явяцца і ў іншых рэгіёнах краіны.

- Новая рэдакцыя закона пазбаўляе юрыста-ліцэнзіята права прадстаўляць інтарэсы суб’ектаў гаспадарання ў судзе ў выпадку, калі юрысты-гаспадарнікі не папоўняць рады адвакатаў. Ці гатовы сёння адвакаты прафесійна абараняць пытанні суб’ектаў гаспадарання ў судах?

- Прафесійныя адвакаты, якія гатовы працаваць у названым напрамку, сёння ёсць. Больш таго, юрысты-гаспадарнікі зусім нядаўна занялі гэту нішу, і яны працуюць у асноўным з замежнымі прадпрыемствамі. Кваліфікаваную юрыдычную дапамогу суб’ектам гаспадарання адвакаты аказвалі на працягу ўсёй сваёй дзейнасці. Асноўную цяжкую работу, напрыклад, з сельгаспрадпрыемствамі ці іншымі дзяржпрадпрыемствамі, з тымі арганізацыямі, у якіх не было сваіх юрысконсультаў, заўсёды праводзілі адвакаты. Таму гэты напрамак не будзе новым і невядомым для іх.

- У адпаведнасці з законам адвакаты таксама могуць выступаць прымірыцелем у прымірыцельнай працэдуры, медыятарамі ў медыяцыі або трацейскімі суддзямі пры разглядзе спраў трацейскімі судамі, праводзіць прававую ацэнку дакументаў. Ці патрэбна ў гэтых выпадках беларускім адвакатам дадатковая падрыхтоўка, наколькі ўпэўнена будзе адчуваць сябе адвакат, напрыклад, у ролі трацейскага суддзі?

- Усе гэтыя напрамкі таксама не з’яўляюцца новымі для адвакатаў, у ролі трацейскага суддзі адвакат меў права выступаць і ў адпаведнасці са старым законам. У новай рэдакцыі проста больш выразна прапісаны ўсе гэтыя формы. Акрамя таго, нельга забываць, што адвакаты практычна кожны дзень маюць справу з судовымі працэсамі і ведаюць, як сябе паводзіць у працэсе. Ва ўсім свеце прынята лічыць, што з прафесійнага адваката вырастае прафесійны суддзя.

Медыяцыя і прымірыцельная працэдура - гэта пазасудовае вырашэнне спрэчак. І калі гаварыць аб медыяцыі, то гэта, перш за ўсё, спрэчкі паміж суб’ектамі гаспадарання. Калі трацейскім судом усё ж такі прымаецца якое-небудзь рашэнне, то медыятар не прымае рашэнне, яго задача дапамагчы бакам самім яго прыняць. Дакладней, медыятар павінен знайсці падказку, якая падштурхне бакі да прыняцця правільнага рашэння. Медыятарам можа быць не толькі юрыст, іншы раз нават юрыдычная работа перашкаджае медыяцыі, таму што ў спрэчцы юрысты часта займаюць прававы бок, заснаваны на законе, і ім складаней знайсці кампраміс для спрэчных бакоў.

Але, на мой погляд, адвакаты хутчэй за іншых юрыстаў змогуць навучыцца майстэрству медыяцыі. А з улікам той вялікай колькасці спрэчак, якая існуе сёння паміж суб’ектамі гаспадарання, і ўлічваючы тое, што судовыя працэсы звычайна цягнуцца доўга, рана ці позна гаспадарнікі ацэняць карысць звароту менавіта да медыятараў.

Дарэчы, пастановай Пленума Вярхоўнага суда зацверджаны пералік пазасудовых медыятараў, якія прайшлі стажыроўку ў Цэнтры вырашэння канфліктаў пры Беларускім рэспубліканскім саюзе юрыстаў. Тут даволі паспяхова працуюць сёння адвакаты.

- У новай рэдакцыі закона таксама павялічана колькасць асоб, якім юрыдычная дапамога аказваецца бясплатна. Якім чынам будзе ўлічвацца фінансавы бок дзейнасці адвакатаў? Ці не паўплывае на якасць адвакацкіх паслуг тое, што яны аказваюцца бясплатна?

- Частку сродкаў кампенсуе адвакату дзяржава, частку - тэрытарыяльная калегія. Сёння калегія адвакатаў сочыць, каб на якасць тое, што паслуга аказваецца бясплатна, не ўплывала.

Вядома, сёння ёсць пытанні і да работы адвакатаў, але часцей за ўсё гэта звязана не з якасцю паслуг, якія прадастаўляе адвакат, а з жаданнем кліента атрымаць добры вынік, што не заўсёды магчыма ў ходзе судовага працэсу.

- Ці абараняе закон самога адваката? Былі факты, калі адвакату патрабавалася абарона ў выніку якіх-небудзь пагроз ад удзельнікаў працэсу ці іншых асоб?

- Закон абараняе ўсіх удзельнікаў працэсу, і дзяржава забяспечвае такую абарону ў выніку звароту. Але на маёй практыцы не было фактаў, каб адвакат прасіў аб падобнай абароне. Тут існуюць іншыя моманты, чыста чалавечыя. Адвакат не абаронены ад розных нападкаў у свой адрас. Нярэдка яго ўспрымаюць як абаронцу злачынства. Людзі не заўсёды правільна ўспрымаюць адваката і яго работу. Неабходна разумець галоўнае, што адвакат абараняе не злачынства і не злачынца, ён абараняе чалавека.

Ён у першую чаргу дапамае захаваць добрае імя чалавеку, які быў не вінаваты. Адстойваючы інтарэсы чалавека, ён абараняе адначасова і дзяржаву, не дазваляючы ёй здзейсніць памылку ў адносінах да грамадзяніна.

- Пасля ўзрыву ў мінскім метро шырока была распаўсюджана інфармацыя, што пацярпелым ад тэракта будзе аказвацца бясплатна ў тым ліку юрыдычная дапамога. Ці звярталіся яны па дапамогу да адвакатаў і з якімі пытаннямі?

- Да аказання такой дапамогі былі гатовы ўсе юрыдычныя кансультацыі рэспублікі, але масавых зваротаў не было, бо ўвесь асноўны клопат на сябе прыняла дзяржава. І, відаць, падстаў звяртацца да адвакатаў у людзей не было.

- У якіх сферах адвакацкая дапамога ў Беларусі сёння асабліва запатрабавана, у якіх напрамках адвакаты маглі б праявіць сябе найбольш яскрава?

- На сёння часцей за ўсё беларускія адвакаты запатрабаваны ў працэсах па крымінальных справах, звязаных з бойкамі, бытавымі злачынствамі. Наша мара, каб такіх крымінальных спраў было як мага менш, а па ўсіх грамадзянскіх справах каб людзі звярталіся да адвакатаў яшчэ да таго, як здзейсніць якое-небудзь дзеянне. На жаль, у нас па-ранейшаму часта звяртаюцца па адвакацкую дапамогу толькі тады, калі ўжо штосьці здарылася, і чалавек сам не можа вырашыць складаную, нярэдка ім самім створаную праблему.

- Ці стане работы ў адвакатаў больш у сувязі з уварэннем Адзінай эканамічнай прасторы, Мытнага саюза? Ці гатовы нашы адвакаты працаваць на ўзроўні міжнародных узаемаадносін?

- Работы, хутчэй за ўсё, стане больш, ва ўсякім выпадку, мы на гэта спадзяёмся. На сёння адвакаты скардзяцца, што работы мала, а вось скаргаў на тое, што якія-небудзь даручэнні былі адвакатамі не выкананы, сёння няма. Працаваць у новых умовах беларускія адвакаты гатовы. Праблем з прафесійнай абаронай інтарэсаў дзяржавы або суб’ектаў гаспадарання дзяржавы ў новых эканамічных умовах не будзе.


Варвара МАРЦІНОВІЧ,
БЕЛТА.
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі