Сцяг Аўторак, 28 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
10 чэрвеня 2022, 16:26
Аляксандр Вайцешка

Права на правы. ДАІ аб адказнасці за пратэрмінаванае вадзіцельскае пасведчанне і правілах яго абмену

Аляксандр Вайцешка
Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС - начальнік упраўлення нагляднай і рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасці

Вадзіцельскае пасведчанне ў Беларусі - адзіны дакумент, які дае права кіраваць аўтамабілем. У залежнасці ад катэгорыі транспартнага сродку атрымліваць правы можна з рознага ўзросту, таксама адрозніваецца і парадак іх набыцця. Пры гэтым не ўсе ўсведамляюць, што кіраваць аўто з пратэрмінаваным нават на адзін дзень вадзіцельскім пасведчаннем - парушэнне закону. Чым пагражае такая сітуацыя і ці можна памяняць правы, калі вам проста перастала падабацца фота на дакуменце, а таксама якія новаўвядзенні з'явяцца пры атрыманні вадзіцельскага пасведчання ўжо ў верасні, у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС - начальнік упраўлення нагляднай і рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасці Аляксандр Вайцешка.

- Хто, дзе і ў якім парадку мае права ў Беларусі атрымаць вадзіцельскае пасведчанне? І якія ёсць нюансы?

- Вадзіцельскае пасведчанне на права кіравання транспартнымі сродкамі (мапедам, матацыклам, аўтамабілем, саставам транспартных сродкаў, трамваем, тралейбусам) выдае Дзяржаўная аўтамабільная інспекцыя Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзіная ўмова для ўсіх кандыдатаў на атрыманне вадзіцельскага пасведчання - наяўнасць медыцынскай даведкі, якая пацвярджае допуск да кіравання адпаведнай катэгорыяй транспартных сродкаў.

Пры гэтым для розных катэгорый цяпер устаноўлены свае асаблівасці атрымання дакумента. Напрыклад, для набыцця вадзіцельскага пасведчання на права кіравання мапедам (катэгорыя АМ) узрост павінен быць не меншы за 16 гадоў і кандыдату неабходна здаць толькі тэарэтычны экзамен па веданні правіл дарожнага руху.

Таксама хацеў бы спыніцца на катэгорыі А. Адразу адзначу, што ёсць падкатэгорыя А1, якая дае права здаваць экзамены (тэорыю і практыку) на кіраванне матацыклам з 16-гадовага ўзросту. Але тут ёсць важны момант, размова пра матацыклы з аб'ёмам рухавіка не большым за 125 куб.см уключна і з максімальнай магутнасцю меншай за 12 кВт.

А вось атрымаць законнае права кіраваць матацыклам магутнасцю большай за 125 куб.см можна толькі пасля паўналецця. Жадаючым атрымаць катэгорыю А: калі ваш вадзіцельскі стаж кіравання матацыкламі падкатэгорыі А1 складае больш за два гады, то гэта катэгорыя адкрываецца аўтаматычна пры абмене вадзіцельскага пасведчання. Калі ёсць жаданне атрымаць катэгорыю А раней за гэты тэрмін, то неабходна будзе прайсці падрыхтоўку ў спецыялізаванай арганізацыі і здаць у ДАІ практычны экзамен.

І яшчэ такі момант, які спатрэбіцца ўладальнікам вадзіцельскіх пасведчанняў катэгорый В і С: для атрымання падкатэгорыі А1 трэба здаць толькі практычны экзамен па ваджэнні матацыкла.

Самая распаўсюджаная катэгорыя - катэгорыя В. Яна дае права на кіраванне легкавымі і грузавымі аўтамабілямі, тэхнічна дапушчальная маса якіх не перасягае 3500 кг, а колькасць месцаў для сядзення не перавышае 8. Для атрымання гэтай катэгорыі прад'яўляюцца павышаныя патрабаванні: узрост не меншы за 18 гадоў, абавязковае праходжанне навучання ў спецыялізаванай вучэбнай арганізацыі, а таксама здача тэарэтычнага і практычнага экзаменаў, прычым апошні ўключае два этапы - аўтадром і язду ва ўмовах рэальнай дарожнай абстаноўкі.

Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь таксама прадугледжаны іншыя катэгорыі: C (грузавыя аўтамабілі, тэхнічна дапушчальная агульная маса якіх перасягае 3500 кг або з прычэпам не вышэй за 750 кг), D (аўтобусы), BE, CE, DE (катэгорыі В, C і D з прычэпам), ёсць так званыя катэгорыі F (трамваі), I (тралейбусы). Гэтыя катэгорыі ў большай ступені неабходны ў прафесійнай дзейнасці, тут свой парадак атрымання права на кіраванне гэтым відам транспарту.

- Ці могуць нашы вадзіцелі з беларускімі пасведчаннямі бесперашкодна выязджаць за мяжу?

- Нацыянальнае вадзіцельскае пасведчанне, якое неабходна для кіравання транспартным сродкам на тэрыторыі Беларусі, адпавядае міжнароднаму ўзору і можа выкарыстоўвацца ў большасці краін. Аднак ёсць краіны, дзе гэты дакумент не прызнаецца. Выйсце простае - вадзіцелі могуць атрымаць міжнароднае вадзіцельскае пасведчанне. Яно выдаецца на падставе існуючага вадзіцельскага пасведчання і прызначана для бесперашкоднага ўдзелу нашых грамадзян у міжнародным дарожным руху, у выпадку калі нацыянальнае вадзіцельскае пасведчанне не прызнаецца ў замежнай дзяржаве.

Міжнароднае вадзіцельскае пасведчанне выдаецца на 3 гады, аднак калі тэрмін дзеяння вадзіцельскага пасведчання, на падставе якога выдадзена міжнароднае, завяршаецца раней чым 3 гады, то ў такім выпадку тэрмін дзеяння міжнароднага вадзіцельскага пасведчання абмяжоўваецца тэрмінам дзеяння нацыянальнага вадзіцельскага пасведчання.

Адзін з самых неадназначных момантаў - тэрмін дзеяння вадзіцельскага пасведчання. Маецца на ўвазе кіраванне транспартным сродкам пры наяўнасці правоў часоў СССР, якія з'яўляюцца бестэрміновымі. Таксама многія вадзіцелі чамусьці думаюць, што пасля завяршэння тэрміну дзеяння вадзіцельскага пасведчання ёсць нейкі тэрмін на замену дакумента.

Вадзіцельскае пасведчанне ў нас выдаецца на 10 гадоў. Калі вадзіцель пастаянна карыстаецца аўтамабілем, то не трэба чакаць апошняга дня завяршэння тэрміну дзеяння - ён пазначаны ў пасведчанні. Мы настойліва рэкамендуем загадзя вырашыць гэта не такое ўжо і складанае пытанне, каб у далейшым пазбегнуць сапраўды непрыемных праблем. Калі тэрмін дзеяння вадзіцельскага пасведчання завяршыўся, то ў такім выпадку чалавек лічыцца не маючым права кіравання і кіраваць транспартным сродкам катэгарычна забараняецца.

У адпаведнасці з законам, калі будзе выяўлены факт, што вы былі за рулём аўто з пратэрмінаванымі правамі, то надыходзіць адміністрацыйная адказнасць. Гэта прыраўноўваецца да таго, што вы кіруеце без правоў. Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (КоАП) прадугледжана адказнасць за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання. Такое парушэнне адносіцца да грубых. Першы раз (ч. 1 арт. 18.14 КоАП) памер штрафу складзе ад 5 БВ да 20 БВ, другі раз на працягу года пасля першага парушэння (ч. 2 арт. 18.14 КоАП) - ад 20 БВ да 50 БВ.

Падкрэслю, што з 2021 года за неаднаразовае кіраванне транспартным сродкам чалавекам, які не мае права кіравання (тры і больш разы на працягу года ён прыцягваецца да адказнасці за кіраванне транспартным сродкам без права кіравання), уведзена крымінальная адказнасць.

Трэба сказаць, што цяпер мы не раздзяляем тых, хто наогул ніколі не атрымліваў вадзіцельскае пасведчанне, і тых, хто ездзіць з пратэрмінаванымі правамі. Проста таму, што, як я ўжо сказаў, пратэрмінаваныя правы прыраўноўваюцца ў адпаведнасці з законам да адсутнасці права на кіраванне транспартным сродкам.

Што датычыцца так званых бестэрміновых правоў узору Міністэрства ўнутраных спраў СССР. Так, яны ёсць і даюць поўнае права на кіраванне транспартным сродкам у нашай краіне. Але мы рэкамендуем такія пасведчанні мяняць. Знешнасць чалавека, які атрымаў дакумент часам 30 гадоў таму, даволі часта не адпавядае таму, як ён выглядае цяпер. Нярэдка інспектару складана вызначыць па такіх старых фота ў дакументах іх сапраўднага ўладальніка, адпаведна час праверкі на дарозе зацягваецца. А гэта пэўныя нязручнасці ўжо (у першую чаргу для ўладальніка такіх дакументаў), якіх можна пазбегнуць. Акрамя таго, за межы Рэспублікі Беларусь з такімі пасведчаннямі выязджаць нельга - яны не прызнаюцца ў іншых краінах, нават у Расійскай Федэрацыі.

- А калі грамадзянін з пратэрмінаваным вадзіцельскім пасведчаннем прыходзіць яго мяняць, ці прадугледжана нейкая адказнасць?

- Не, сёння пры звароце за новым вадзіцельскім пасведчаннем ніхто нікога не прыцягвае да адказнасці. Калі няма факта правапарушэння, калі вас затрымалі ў працэсе кіравання аўтамабілем, то адказнасці ніякай і быць не можа. У выніку розных прычын можна ж нейкі час не ездзіць на аўто і ў патрэбны момант пайсці памяняць пасведчанне.

Але ў гэтым выпадку я, вядома, рэкамендаваў бы тым, у каго з-за непатрэбнасці правы былі пратэрмінаваны, усё ж пры атрыманні новых удзяліць увагу і тэорыі, і практыцы кіравання. Калі быў вялікі перапынак, паспрабуйце свае сілы на пляцоўцы, не варта адразу ўрывацца ў актыўны гарадскі паток.

- Нярэдка бывае, што вадзіцельскія дакументы грамадзянін проста забыў. Па сутнасці, вадзіцель кіруе аўто без правоў. Калі інспектар спыняе, то якая адказнасць пагражае ў гэтым выпадку?

- Важна разумець, што правіламі дарожнага руху прадугледжаны абавязак вадзіцеля мець пры сабе вадзіцельскае пасведчанне. Таму адсутнасць гэтага дакумента з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем. Але мы стараемся падыходзіць да непамятлівых вадзіцеляў па-чалавечы, усялякае бывае, згадзіцеся. І калі інспектар вас спыніў, а запаветнай карткі няма з сабой, то вельмі хвалявацца не варта - з улікам характару і ступені грамадскай шкоднасці гэта падпадае пад такое паняцце, як адміністрацыйная правіннасць. Але трэба разумець, што інспектар праверыць вас па базе даных, дзе змешчана інфармацыя, калі вы атрымлівалі правы, і калі такой інфармацыі ў базе не будзе, гэта стане прыкметай адміністрацыйнага правапарушэння, па якім інспектар вымушаны будзе пачаць адміністрацыйны працэс.

За адміністрацыйную правіннасць у мэтах папярэджання ўчынення новых адміністрацыйных правапарушэнняў могуць прымяняцца прафілактычныя меры ўздзеяння ў выглядзе папярэджання або вуснай заўвагі. Інакш кажучы, калі ў дзеяннях непамятлівага вадзіцеля няма іншых парушэнняў, то да яго можа прымяняцца вусная заўвага пры ўмове выканання патрабаванняў КоАП.

- А калі вадзіцель нечакана высветліў, што завяршаецца тэрмін дзеяння вадзіцельскага пасведчання, а ён знаходзіцца ў іншым горадзе, у водпуску або камандзіроўцы напрыклад. Як тут быць?

- Абмен вадзіцельскага пасведчання, а таксама выдачу вадзіцельскага пасведчання ўзамен вадзіцельскага пасведчання ўзору Міністэрства ўнутраных спраў СССР можна ажыццявіць у любым экзаменацыйным падраздзяленні ДАІ незалежна ад месца рэгістрацыі грамадзян.

Што для гэтага патрэбна? Зразумела, пашпарт ці іншы дакумент, які засведчвае асобу і прадугледжаны заканадаўствам. Таксама для абмену вадзіцельскага пасведчання неабходна наяўнасць самога вадзіцельскага пасведчання, дзеючай медыцынскай даведкі аб допуску да кіравання транспартнымі сродкамі і аплата дзяржаўнай пошліны і паслуг за правядзенне адміністрацыйнай працэдуры.

Памер кошту вылічаецца ў базавых велічынях, на сённяшні момант у лічбах гэта выглядае наступным чынам: за абмен вадзіцельскага пасведчання - 2 БВ (Br64), за афармленне заявы - 0,08 БВ (Br5,12), за камп'ютарныя паслугі - 0,04 БВ (Br2,56). А вось у выпадку страты вадзіцельскага пасведчання кошт выдачы дубліката павялічваецца да 3 БВ (Br96).

- Тэрмін дзеяння пасведчання - важкая прычына для яго замены. А ў якіх яшчэ выпадках грамадзянін можа прыйсці і папрасіць замяніць правы? Дапусцім, брунетка стала бландзінкай і хоча памяняць пасведчанне дзеля фота. Гэта магчыма?

- Па-першае, хачу адзначыць, што акрамя ўжо названых выпадкаў падставай для звароту замяніць вадзіцельскае пасведчанне можа і нават павінен стаць дрэнны знешні выгляд гэтага дакумента. Размова ідзе пра выпадкі, калі правы не дазваляюць атрымаць пазначаную там інфармацыю або парушаны ахоўныя элементы: напрыклад, складана нешта прачытаць, сцерлася прозвішча або імя, бывае, што немагчыма разгледзець фота. Вядома, нават калі з такім непрэзентабельным дакументам вас спыніць інспектар, штрафных санкцый не прадугледжана. Аднак патраціце час на праверку інфармацыі па базах даных аб тым, ці ёсць у вас права на кіраванне транспартным сродкам.

Па-другое, абмен вадзіцельскага пасведчання ажыццяўляецца ў выпадках змены прозвішча, уласнага імя ці імя па бацьку, а таксама пры ўстанаўленні недакладнасцей у запісах.

Ну і па-трэцяе, ніхто не перашкаджае памяняць вадзіцельскае пасведчанне толькі па той прычыне, што вам перастала падабацца ваша фота ў дакуменце. Былі бландзінкай, а сталі брунеткай, пахудзелі, памаладзелі, загарэлі - усё гэта дае права па жаданні ўладальніка памяняць правы.

Таксама вадзіцельскае пасведчанне абавязкова мяняецца ў выпадку неабходнасці ўнясення ў яго спецыяльнай адзнакі, што абумоўлівае яго сапраўднасць. Напрыклад, абмежаванні па медыцынскіх паказаннях.

- Яшчэ адзін момант, звязаны з фота ў дакуменце. Калі вадзіцель на фатаграфіі ў акулярах і гэта звязана з медыцынскімі паказаннямі, ці трэба яму заўсёды ездзіць менавіта ў акулярах?

- Нашы рэкамендацыі для грамадзян, якія атрымліваюць або абменьваюць вдзіцельскае пасведчанне , - фатаграфавацца без якіх-небудзь дадатковых прадметаў або ўпрыгажэнняў, якія размяшчаюцца на твары. Гэта абумоўлена ў першую чаргу высокай доляй верагоднасці ўзнікнення канфліктных сітуацый з праваахоўнымі органамі замежных дзяржаў, калі службовыя асобы не могуць суаднесці знешні выгляд чалавека, які кіруе транспартам, з асобай, сфатаграфаванай на вадзіцельскім пасведчанні.

Тут важней іншае. Калі ў вадзіцельскім пасведчанні ёсць піктаграма ў выглядзе акуляраў, то такое вадзіцельскае пасведчанне дзейнічае пры кіраванні транспартным сродкам у акулярах або кантактных лінзах.

Але мы разумеем, што медыцына не стаіць на месцы і, калі атрымалася адкарэкціраваць зрок, вадзіцель можа з новай меддаведкай прыйсці і памяняць правы. Няма адзнакі ў дакуменце аб абавязковым кіраванні аўто ў акулярах - няма пытанняў і патрабаванняў да гэтага пункта з боку інспектара.

- Ці часта падрабляюць правы і што пагражае ў гэтым выпадку?

- Шчыра кажучы, не так проста падрабіць правы. У дакумента ёсць вялікая колькасць ахоўных элементаў. А таму і выяўляюцца падробкі даволі лёгка. Я не рэкамендаваў бы нашым грамадзянам звяртацца да людзей, якія прапануюць скарыстацца такой паслугай. Гэта ўсё - крымінальная адказнасць.

Заўважу, што не толькі падробка, выкарыстанне і збыт падробленага пасведчання, а таксама і выкарыстанне заведама падробленага дакумента адносіцца да крымінальна каральнага дзеяння, адказнасць за якое прадугледжана арт. 380 КК.

Шчыра кажучы, з кожным днём выпадкаў выяўлення падробленых вадзіцельскіх пасведчанняў усё менш. Гэта ў першую чаргу звязана з паўсюднай інфарматызацыяй, у тым ліку і выдадзеных вадзіцельскіх пасведчанняў.

Трэба памятаць: цяпер ёсць просты доступ да баз даных - на дарозе інспектар лёгка можа праверыць, ці выдавалася вам беларускае пасведчанне, а замежнае - праз запыт у адпаведныя кампетэнтныя органы замежнай дзяржавы.

- Яшчэ адно важнае пытанне - тэрміны замены вадзіцельскага пасведчання. Як хутка вырашаецца пытанне?

У мінулым годзе мы сутыкнуліся з невялікай праблемай. Паколькі новыя правы выдаваліся ў 2010-я гады, многія грамадзяне масава пасля завяршэння тэрміну дзеяння аператыўна пайшлі мяняць гэтыя дакументы. Але пытанне чэргаў, якія назіраліся выключна ў вялікіх гарадах, удалося вырашыць даволі хутка.

У адпаведнасці з законам, адзначу, абмен вадзіцельскага пасведчання - адміністрацыйная працэдура, максімальны тэрмін ажыццяўлення якой складае 5 рабочых дзён. У большасці выпадкаў экзаменацыйныя падраздзяленні ДАІ абменьваюць вадзіцельскае пасведчанне на працягу аднаго рабочага дня. Гэты тэрмін залежыць непасрэдна ад колькасці грамадзян, якія звяртаюцца. Але часцей за ўсё гэта адзін рабочы дзень, максімум атрымаеце дакумент на наступны дзень.

Напрыклад, цяпер экзаменацыйныя падраздзяленні ДАІ рэспублікі назначаюць атрыманне новага вадзіцельскага пасведчання ў дзень звароту або на наступны дзень пасля прыёму заявы для абмену, што адпавядае аднаму рабочаму дню. Выключэнне складае толькі Мінск з-за правядзення рамонтных работ у памяшканнях на праспекце Дзяржынскага і пераносу прыёму грамадзян у іншыя пункты абмену: на вул. Ціміразева, 114/2, 2-і паверх, аўтарынак "Малінаўка" (разам з аддзелам рэгістрацыі транспарту) і в. Вялікае Сціклева (скрыжаванне МКАД і Партызанскага праспекта).

- Літаральна з верасня інспектары пры праверцы дакументаў пачнуць звяртаць увагу на яшчэ адну важную дэталь - ці ёсць у вадзіцеля за рулём аўто з механікай права на кіраванне менавіта такім транспартным сродкам. Ці можна больш падрабязна пра гэта новаўвядзенне?

- Так, сапраўды, з гэтага часу такі фактар, як каробка перадач, стане даволі важным пры атрыманні вадзіцельскага пасведчання. У абноўленым законе "Аб дарожным руху", які пачне дзейнічаць з 22 верасня 2022 года, з'явілася магчымасць здаць экзамен на машыне з аўтаматычнай каробкай перадач. Для многіх аўтамабілістаў гэта вельмі радасны і доўгачаканы момант, таму як кіраваць аўто з АКПП, а адпаведна і здаваць экзамен у ДАІ лічыцца прасцей. Тут, вядома, як каму. Бо трэба разумець, што выбар на карысць аўтаматычнай каробкі перадач дае права кіраваць толькі адпаведным тыпам аўтамабіляў. У дакументах, выдадзеных ДАІ, з'явіцца адзнака. Калі грамадзянін з такімі правамі вырашыць кіраваць аўтамабілем з механікай, то згодна з законам ён будзе лічыцца бяспраўнікам.

Паездка на аўтамабілі з механічнай каробкай перадач для ўладальнікаў вадзіцельскага пасведчання, якое дазваляе толькі кіраванне транспартам з АКПП, пагражае як мінімум штрафам.

За першае парушэнне прадугледжаны штраф у памеры 20 БВ, за паўторнае - да 50 БВ ці нават адміністрацыйны арышт. А калі вадзіцель з правамі на АКПП сядзе за руль аўто з механічнай трансмісіяй трэці раз, то ў адпаведнасці з законам у сувязі з адсутнасцю правоў на кіраванне гэтым транспартным сродкам прадугледжана крымінальная адказнасць.

Ну а тыя, хто атрымаў вадзіцельскія правы на аўтамабіль з механікай, аўтаматычна дапушчаны да кіравання аўто з АКПП.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі