ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Панядзелак, 13 ліпеня 2020
Мінск Ясна +15°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
07 сакавіка 2012, 17:13

МВФ: ШТО І ПАЧЫМ

Напярэдадні ў Беларусі завяршыла работу місія Міжнароднага валютнага фонду, якая азнаёмілася з эканамічнай сітуацыяй у краіне і дала некаторыя рэкамендацыі. Кіраўнік місіі Крыс Джарвіс пацвердзіў плацежаздольнасць Беларусі, адзначыўшы, што яна здольна пагашаць свой доўг перад МВФ і іншымі знешнімі крэдыторамі. Адной з тэм стала магчымасць прадастаўлення Беларусі дадатковай фінансавай падтрымкі. Пракаменціраваць вынікі работы місіі карэспандэнт БЕЛТА папрасіў старшыню праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзею Ермакову:

- Што датычыцца работы Нацыянальнага банка і прынятых мер, місія ацаніла іх станоўча, адзначыўшы, што мы правільна рухаліся, прымалі правільныя рашэнні. Нейкіх пытанняў да Нацбанка з іх боку няма.

Але вывады, якія яны зрабілі наконт таго, што трэба затармазіць рост рэальнай заработнай платы і, магчыма, нават яе знізіць, напэўна, не ўкладваюцца ў нармальнае разуменне. Як можна рэкамендаваць пагоршыць жыццё насельніцтва?

Заработная плата ў нас для бюджэтнікаў запланавана ў расходнай частцы бюджэту. Не выплаціць яе - значыць зрабіць штучны прафіцыт бюджэту. Навошта гэта рабіць? Тым больш што людзі зарплату павінны атрымаць.

Калі ўзяць заработную плату на вытворчых прадпрыемствах, то там не змогуць яе выплаціць у большым памеры, чым атрымана сродкаў за кошт выручкі. Навошта іх прымушаць або неяк стымуляваць да таго, каб яны не атрымлівалі выручку? Гэта таксама зусім няправільна.

Хоць, хачу сказаць, што місія працавала канструктыўна. Абмяркоўваліся пытанні, нам даваліся нейкія рабочыя падказкі.

- Па выніках місіі беларускаму боку было рэкамендавана скласці "дарожную карту" структурных рэформ, выкананне якіх дапаможа прыцягнуць чарговае фінансаванне Фонду. Ці збіраецца Нацбанк і ўрад выпрацоўваць такую карту?

- Місія прапанавала структурныя пераўтварэнні ў кіраванні эканомікай. Што датычыцца Нацыянальнага банка, то ў нас, у прынцыпе, усе пытанні вырашаны, выбудавана структура банкаўскай сістэмы, якая адпавядае міжнародным правілам.

Структурныя пераўтварэнні ў эканоміцы ў нас ідуць. Можа, павольнымі тэмпамі, але яны ў нас ідуць. Але адразу раптам у адзін момант зрабіць пераўтварэнні - гэта таксама нерэальна. Спачатку ўсё трэба прадумаць, а потым ужо рабіць.

Гэта "дарожная карта" ў нас ёсць, але яна не тая, якую Міжнароднаму валютнаму фонду хацелася б бачыць.

- Наколькі наогул Беларусі неабходна новая праграма з Фондам? Ці можам мы абысціся без дадатковых сродкаў?

- Мы абыдземся і без іх, але нам трэба зарабіць тыя грошы, якія мы павінны вярнуць МВФ. Ёсць іншае пытанне, можа, нават больш сур'ёзнае - гэта імідж краіны. Калі з табой працуе міжнародны фінансавы інстытут, то ты маеш большы імідж. Але, я думаю, прыйдуць іншыя інстытуты: Сусветны банк з намі працуе, ЕБРР.

- А колькі Беларусь хацела б дадаткова атрымаць ад МВФ?

- Мы хацелі б паступова атрымаць $3,5 млрд. на рэфінансаванне старога доўгу. Але і прадстаўнікі МВФ, якія былі тут, не скрываюць, што ў большай ступені маюць уплыў палітычная сітуацыя і палітычныя пытанні, згода краін - удзельніц МВФ працаваць з Беларуссю па новай праграме. Гэта, напэўна, самае галоўнае пытанне.

Уладзімір МАЦВЕЕЎ,
БЕЛТА.
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі