ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Панядзелак, 25 мая 2020
Мінск Пераменная воблачнасць +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
19 ліпеня 2012, 14:13

Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці - унікальны праект на постсавецкай прасторы

Нядаўняе адкрыццё ў Мінску Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці можна лічыць падзеяй для краіны знакавай. Беларусь, якая вось ужо 20 гадоў ідзе сваім суверэнным і незалежным шляхам, вырашыла зразумелай усім мовай - музейнай - расказаць, чаго дасягнула за гэты час, і пераканаўча прадэманстраваць, як і дзякуючы чаму гэта атрымалася. Аб тым, з чаго пачынаўся музей, аб самых цікавых экспанатах і многім іншым расказаў загадчык Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці Сяргей Бяспанскі.


- Зразумела, спачатку была ідэя. Ідэя аб тым, каб у музейнай экспазіцыі ўвекавечыць перыяд навейшай гісторыі нашай суверэннай дзяржавы. Пунктам адліку стаў пратакол даручэнняў Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ад 28 лютага 2010 года аб стварэнні музея як філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.


Наш невялікі калектыў зрабіў вялікую работу. Яе мэта - стварыць музейнымі сродкамі вобраз сучаснай, інтэграванай у сусветную супольнасць, паспяховай еўрапейскай краіны. У цэлым стаяла задача візуалізацыі ўяўленняў аб нацыянальнай мадэлі развіцця Беларусі, нам неабходна было знайсці найбольш ёмістую і дакладную форму "музеефікацыі сучаснасці".


Сучаснасць вельмі хутка становіцца гісторыяй, таму збіраць матэрыял для будучых музейных экспазіцый трэба пры жыцці кожнага пакалення. Нам давялося пачынаць, што называецца, з чыстага ліста - ніякай фондавай калекцыі, якая лягла б у аснову новага музея, па сутнасці, не было, так, асобныя разрозненыя прадметы, сабраныя на ўсякі выпадак у Нацыянальным гістарычным музеі. Але, мабыць, асноўная складанасць была нават не ў зборы матэрыялаў для экспазіцыі. Мы ж былі першапраходцамі ў гэтай справе.


- Звычайна ў такіх выпадках дапамагае вопыт замежных калег...


- Вядома, без гэтага не абышлося. Але, звярнуўшыся да вопыту постсавецкіх краін, у якіх з'явіліся музеі новага тыпу, прысвечаныя гісторыі дзяржаўнасці, мы зразумелі, што патрэбна шукаць свой шлях. Бо ў Расіі, напрыклад, Дзяржаўны музей палітычнай гісторыі з'яўляецца пераемнікам Дзяржаўнага музея Рэвалюцыі і храналагічна прадаўжае ажыццяўляць дакументаванне палітычнага жыцця расійскага грамадства, пачынаючы ад адмены прыгоннага права і аж да сучаснага моманту - прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна. Іншы характар маюць экспазіцыі Музея Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева ў Астане і Музея Прэзідэнта Азербайджана Гейдара Аліева. Там станаўленне дзяржаўнасці паказана праз прызму жыцця першай асобы краіны. І гэты варыянт нам не падыходзіў. Не хацелася таксама пераўтвараць музейную экспазіцыю ў выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі. Таму давялося сур'ёзна падумаць над канцэпцыяй. Для яе распрацоўкі былі прыцягнуты вучоныя з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музея, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Калі гаварыць коратка, то станаўленне сучаснай дзяржаўнасці было вырашана паказаць праз адлюстраванне найбольш значных дасягненняў Беларусі ў розных сферах. Зыходзячы з канцэпцыі, пачалі збіраць прадметы і матэрыялы, працаваць з архівамі, распрацоўваць дызайнерскае рашэнне. Тое, што ўдалося зрабіць за два гады, сёння ўжо з'яўляецца музеем, аналагаў якому на постсавецкай прасторы няма.


- З чаго пачынаецца экспазіцыя музея?


- Экспазіцыя пачынаецца з Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб незалежнасці як першага дакументальнага сведчання пачатку фарміравання сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Гэты дакумент датуецца 1990 годам. Далей прадстаўлены Закон Вярхоўнага Савета БССР аб перайменаванні БССР у Рэспубліку Беларусь. Даволі наглядна паказаны крызіс 1990-х гадоў, напрыклад, сапраўдныя талоны і купоны на куплю розных тавараў. Дарэчы, дзякуючы мультымедыйным сродкам мы можам паказаць наведвальнікам і кінахроніку, і фатаграфіі, якія дадуць магчымасць акунуцца ў атмасферу таго часу і адчуць усё, з чым сутыкнуліся жыхары Беларусі ў крызісныя гады. На аснове матэрыялаў з багацейшых фондаў Дзяржынскага архіва кінафотадакументаў зроблены тэматычныя ролікі, там можна ўбачыць і падзеі, звязаныя з дзейнасцю ДКЧП, і забастоўкі ў гарадах Беларусі супраць збяднення насельніцтва, і падпісанне Белавежскіх пагадненняў... Вядучае месца ў паказе адведзена працэсам фарміравання прэзідэнцкай рэспублікі, канстытуцыйным рэформам, устанаўленню дзяржаўнай сімволікі, функцыянаванню органаў дзяржкіравання. Галоўная ідэя гэтай часткі экспазіцыі заключаецца ў тым, што Рэспубліка Беларусь адбылася як геапалітычная рэальнасць.


- Якія залы і экспанаты Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці выклікаюць найбольшую цікавасць у наведвальнікаў?


- Перш за ўсё трэба сказаць, што музей займае пяць залаў, экспанаты якіх расказваюць аб сучаснай гісторыі Беларусі з часоў распаду СССР і да нашых дзён. Гэта вельмі яркі і насычаны падзеямі перыяд, які мы пастараліся прадставіць максімальна нагладна. Экспануецца каля 600 экспанатаў, у фондасховішчы знаходзіцца яшчэ каля 3 тыс.


Безумоўна, асабліва прыцягваюць увагу наведвальнікаў аўтэнтычныя экспанаты. Так, Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прадставіла музею арыгіналы ўсіх ордэнаў і медалёў, пачынаючы ад Героя Беларусі і заканчваючы знакамі ганаровых званняў. Цікавая і калекцыя, перададзеная Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь: разліковыя білеты суверэннай Беларусі - ад ужо забытых "зайчыкаў" да 200-тысячнай купюры ўзору 2012 года, зліткі з каштоўных металаў, юбілейныя і памятныя манеты. Хачу падкрэсліць, што асаблівасць нашага музея якраз у максімальнай аўтэнтычнасці экспанатаў - тут практычна няма муляжоў. Хіба што дасягненні айчыннага машынабудавання: магутныя БелАЗы, МАЗы, трактары "Беларус", тэхніка "Амкадор" па аб'ектыўных прычынах прадстаўлены ў выглядзе мадэлей...


- Значыць, усё ж такі элементы ВДНГ  у музеі прысутнічаюць?


- Напэўна, так. Але ж на працягу 20 гадоў 10-мільённы народ не проста існаваў, а жыў, працаваў, ствараў. Дасягненні сапраўды значныя. Эканамічная частка экспазіцыі лагічна суседнічае з навуковай. Побач са шматлікімі ўзнагародамі, якія сведчаць аб міжнародным прызнанні тэарэтычных даследаванняў беларускіх вучоных, на вітрыне, прысвечанай Нацыянальнай акадэміі навук, прадстаўлены і практычныя распрацоўкі навуковых інстытутаў. Вельмі відовішчна выглядаюць, напрыклад, штучныя ізумруды, што вырашчаны ў Навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па матэрыялазнаўству.


У цэлым пры стварэнні музея мы імкнуліся да максімальнай нагляднасці экспазіцыйнай часткі. Напрыклад, дасягненні ў сферы культуры і масмедыя ў вітрынах прадстаўлены праз прызы і ўзнагароды прафесійных конкурсаў і фестываляў: Гран-пры фестывалю "Славянскі базар у Віцебску", "Хрустальная Паўлінка", "Залатая Літара", "Тэлевяршыня"...Прадстаўлены і ўзнагароды спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Або вось такі цікавы факт. Свае медалі перадаў музею на дэпазіт студэнт Генадзь Караткевіч, які, яшчэ школьнікам, перамог на 3-х міжнародных алімпіядах па інфарматыцы. Больш дэталёвае асвятленне тэматыкі залаў у выглядзе тэкставай, графічнай, фота- і відэаінфармацыі "даверылі" інфакіёскам, якімі абсталяваны залы.


Сучасныя дасягненні грамадства ва ўсіх сферах жыцця ўвасабляюць сабой сучасную беларускую дзяржаўнасць. А сама гісторыя дзяржаўнасці ў экспазіцыі паказана вельмі шматбакова. Адзін з яе варыянтаў - праз геральдычныя сімвалы, пачынаючы з Полацкага княства. Прадстаўлены 24 гербы беларускіх гарадоў і мястэчак, больш падрабязную інфармацыю аб якіх можна таксама атрымаць у інфакіёсках. Другім варыянтам паказу з'яўляецца дэманстрацыя з дапамогай упершыню прымененай у Беларусі сістэмы "разумнае святло" 10 макетаў архітэктурных аб'ектаў. За час незалежнасці адна палавіна гэтых знакавых для краіны збудаванняў рэканструявана і адрэстаўрыравана - гэта такія выдатныя помнікі дойлідства, як, напрыклад, Мірскі замак, Нясвіжскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, Нацыянальны тэатр оперы і балета, другая палавіна пабудавана па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы - гэта помнікі сучаснай архітэктуры МКСК "Мінск-Арэна", Нацыянальная бібліятэка Беларусі і г.д.


- Сяргей Іванавіч, ужо гаварылася, што аналагаў Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці ва ўсходнееўрапейскіх краінах не існуе. Якія яго асаблівасці вы хацелі б падкрэсліць?


- У цэлым у нас атрымаўся іміджавы музей - у ім абазначаны ўсе значныя падзеі і дасягненні маладой і ў той жа час маючай багатыя традыцыі беларускай дзяржавы. Зразумела, каб убачыць і даведацца больш, трэба адправіцца ў падарожжа па Беларусі. Але для гасцей краіны, ды і для многіх яе жыхароў такая экскурсія ў часе - адзіная магчымасць хоць бы віртуальна наведаць розныя пункты нашай радзімы.


Спецыфіка гэтага музея ў тым, што ён прысвечаны сучаснасці, а значыць, у ім няма статычнасці. Як сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у час нядаўняга наведвання: гэты музей павінен развівацца, адлюстроўваючы ўсё жыццё нашай краіны. Такую дынамічнасць экспазіцыі забяспечыць у першую чаргу ўстаноўленае ў залах мультымедыйнае абсталяванне. І ўвогуле ўсё зроблена так, каб лёгка змяняць, дапаўняць экспазіцыю, манціраваць новыя экспанаты. У нас ёсць і незвычайнае ноу-хау - інтэрактыўная кніга ганаровых гасцей. На спецыяльным камп'ютарным экране можна пакінуць водзыў або пажаданне на фоне прыгожага беларускага пейзажу. Першы запіс зрабіў кіраўнік дзяржавы, ёсць і водзывы членаў кітайскай урадавай дэлегацыі.


- А на якой мове праводзяцца экскурсіі?


- Канцэпцыяй музея прадугледжана выкарыстанне беларускай, рускай і англійскай мовы. На іх зроблены ўсе анатацыі, а таксама плануецца іх выкарыстанне і ў мультымедыйных сістэмах. Што датычыцца экскурсій, дзвюма дзяржаўнымі мовамі свабодна валодаюць усе супрацоўнікі нашага філіяла, а англамоўнае абслугоўванне - справа бліжэйшага будучага.


- Вы гаворыце аб дынамічным развіцці музея, значыць, калекцыя экспанатаў будзе пастаянна папаўняцца. А за кошт чаго?


- У нас ужо ёсць вопыт збору матэрыялаў для музея. На этапе стварэння мы атрымалі звесткі з архіваў, нам прадастаўлялі прадметы органы дзяржкіравання і музеі, таксама вельмі дапамаглі Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры. Усяго каля 65 арганізацый адгукнуліся і прадаставілі патрэбныя матэрыялы. Цяпер, я думаю, будзе прасцей. Ужо з'явіліся добрыя водзывы аб музеі, і аддаць нам на захаванне або хоць на дэпазіт са сваіх асабістых калекцый унікальныя прадметы, важныя для сучаснай гісторыі Беларусі, гатовы многія вядомыя людзі. Так, цяпер у нас знаходзяцца на дэпазіце алімпійскія медалі фрыстайліста Аляксея Грышына. А вось ракетку Вікторыі Азаранка ў час свайго наведвання перадаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. У музеі ўжо ёсць перададзеныя ім узнагароды і падарункі ад лідараў замежных дзяржаў, урадавых дэлегацый. Гэтыя экспанаты паказваюць прызнанне нашай краіны на сусветнай арэне праз міжнародную дзейнасць кіраўніка дзяржавы. Але трэба разумець, што канцэптуальна гэта не музей Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - гэта Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, як і гаворыць яго назва. Гэта музей аб народзе і для народа.


- У час наведвання Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне забяспечыць свабодны доступ у музей для ўсіх жадаючых.


- Паколькі музей знаходзіца ў будынку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а гэта аб'ект ахоўны, то прынята рашэнне аб наведванні экспазіцыі толькі арганізаванымі групамі. Плануем па ўзгадненню са Службай бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прымаць 3 групы ў дзень, па папярэдняму запісу.


Таццяна ШАБЛЫКА

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі