ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Аўторак, 7 красавіка 2020
Мінск Ясна +2°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 лютага 2020, 18:51

Швейцарыя хоча падвоіць аб'ём тавараабароту з Беларуссю

Фота з архіва
Фота з архіва

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Швейцарыя хоча падвоіць аб'ём тавараабароту з Беларуссю. Аб гэтым заявіў сёння журналістам кіраўнік Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі Іньяцыа Касіс, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы бачым вялікі патэнцыял для далейшага развіцця. Наша мэта - падвоіць аб'ём тавараабароту", - сказаў Іньяцыа Касіс.

Ён адзначыў, што Швейцарыя ўваходзіць у лік важнейшых інвестараў беларускай эканомікі. "Для інвестыцый перш за ўсё патрэбны зручныя рамачныя ўмовы. У час нашых кантактаў з беларускім бокам і палітычнага дыялогу мы будзем максімальна выразна і дакладна спрабаваць акрэсліць гэтыя рамачныя ўмовы, якія неабходны з нашага пункту гледжання", - дадаў кіраўнік дэпартамента.

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей у сваю чаргу падкрэсліў, што візіт Іньяцыа Касіса ў Мінск і адкрыццё пасольства Швейцарыі ў Беларусі пераканаўча сведчаць аб пазітыўнай дынаміцы ў адносінах паміж дзвюма краінамі і ўзаемнай зацікаўленасці ў далейшым супрацоўніцтве. У час перагавораў у Мінску дыпламаты абмеркавалі развіццё палітычнага дыялогу, пытанні ўзаемнага гандлю і прыцягнення інвестыцый, узаемадзеянне ў гуманітарнай і спартыўнай сферах. Бакі дамовіліся правесці ў гэтым годзе чарговае пасяджэнне камітэта па гандлі і эканамічным супрацоўніцтве.

За 2019 год тавараабарот Беларусі і Швейцарыі склаў $258,2 млн, што больш чым на 38 працэнтаў перавышае ўзровень 2018-га. Беларусь пастаўляла ў Швейцарыю ў асноўным спецыфічныя тавары, кузавы для аўтамабіляў, вырабы з каменю або іншых мінеральных рэчываў, агародніну. Імпартаваліся электрычныя трансфарматары, часткі рухомага саставу, лекавыя сродкі і медыцынскае абсталяванне, вырабы з некаштоўных металаў. Значную долю імпарту складае абсталяванне для мадэрнізацыі беларускай прамысловасці.

Швейцарыя ўваходзіць у дзясятку краін - ключавых спажыўцоў беларускіх паслуг, у асноўным транспартных, камп'ютарных, тэлекамунікацыйных і інфармацыйных. Характэрна, што абарот паслуг з гэтай краінай перавышае тавараабарот. Са студзеня па лістапад 2019 года экспарт паслуг у Швейцарыю павялічыўся на 30,5 працэнта і склаў $180 млн.

Гэта краіна таксама ўваходзіць у лік пяці буйнейшых інвестараў у Беларусь па паказчыку прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ($41 млн за студзень - верасень 2019 года). У Беларусі зарэгістраваны 103 арганізацыі са швейцарскімі інвестыцыямі, у тым ліку 37 сумесных і 66 замежных, а таксама 39 прадстаўніцтваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі