
21 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі дапоўніў правілы вызначэння краіны паходжання тавараў для дзяржаўных закупак новымі таварнымі пазіцыямі і ўмовамі вытворчасці. Аб гэтым на брыфінгу па выніках праведзенага 20-21 красавіка ў Маскве пасяджэння паведаміла афіцыйны прадстаўнік ЕЭК Ія Малкіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У прыватнасці, адобраны ўмовы вытворчасці адносна 38 таварных пазіцый, сярод якіх - пульсаксіметры, эндаскопы, апаратура для пералівання крыві, вонкавыя дэфібрылятары, машыны для ачысткі, сартавання або каліброўкі насення, асобныя віды кампрэсараў і паветраных помпаў для нафтагазавай галіны і іншыя тавары.
"Акрамя таго, узгоднена пацвярджэнне краіны паходжання для 174 тавараў сертыфікатам формы СТ-1, які, нагадаю, выдаецца ў СНД. Сярод такіх тавараў - сродкі сувязі, медыцынскае абсталяванне, канцылярыя, спартыўны інвентар і шмат іншага", - дадала Ія Малкіна.
Цяпер з улікам прынятага рашэння правілы вызначэння краіны паходжання тавараў для дзяржзакупак змяшчаюць умовы вытворчасці па 407 таварных найменнях 14 галін прамысловасці. "Акрамя таго, правілы змяшчаюць 276 таварных пазіцый, якія дапускаюцца да ўдзелу ў дзяржзакупках на аснове сертыфіката СТ-1", - удакладніла прадстаўнік ЕЭК.
Усяго ў парадак дня пасяджэння Савета ЕЭК было ўключана амаль 40 пытанняў. Беларусь на ім прадстаўляў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка. Наступны Савет ЕЭК плануецца правесці 19 мая па відэасувязі.-0-