
2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Міністраў Беларусі адобрыў праект пратакола аб унясенні змяненняў у міжурадавае пагадненне з Расіяй па пытаннях крэдытавання будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 162 ад 28 лютага 2023 года, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
"Адобрыць праект пратакола аб унясенні змяненняў у пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб прадастаўленні ўраду Рэспублікі Беларусь дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 2011 года ў якасці асновы для правядзення перагавораў", - гаворыцца ў дакуменце.
Разам з тым Міністэрства фінансаў упаўнаважана на правядзенне перагавораў па праекце пратакола, пры неабходнасці дазволена ўносіць у яго змяненні, якія не маюць прынцыповага характару. Таксама міністэрства ўпаўнаважана на падпісанне пратакола пры дасягненні дамоўленасцей у межах адобранага праекта.
Пастанова прадпісвае часова прымяняць пратакол з 11-га дня пасля яго падпісання да ўступлення ў сілу.
Як паведамлялася, пратаколам будуць унесены змяненні ў беларуска-расійскае пагадненне ад 2011 года аб выдзяленні Расіяй крэдыту ў памеры $10 млрд на будаўніцтва Беларускай АЭС. Праектам пратакола ўстанаўліваецца, што пагашэнне крэдыту пачнецца не пазней за 1 красавіка 2024 года. Акрамя таго, дакумент фіксуе, што ўсе плацяжы па крэдыце будуць праводзіцца ў расійскіх рублях. Цяпер дата пачатку пагашэння крэдыту ўстаноўлена на 1 красавіка 2023 года.-0-