
27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Асамблея дзелавых колаў - добрая пляцоўка для канструктыўнага дыялогу паміж бізнесам і ўладай. Такое меркаванне выказала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец у час ХХ Асамблеі дзелавых колаў Беларусі, якая праходзіць у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта мерапрыемства - добрая пляцоўка для канструктыўнага дыялогу паміж бізнесам і ўладай, каб мы маглі пачуць адзін аднаго, абмяняцца думкамі, - сказала Таццяна Рунец. - Я вельмі ганаруся прадпрымальнікамі нашай краіны. Гэта людзі, якія нягледзячы на розныя складанасці стараюцца вывесці на новы ўзровень эканоміку нашай рэспублікі". Паводле яе слоў, прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу складаюць 30 працэнтаў ВУП Беларусі.
Яна пажадала ўсім удзельнікам мерапрыемства добрай і плённай працы.
ХХ Асамблея дзелавых колаў Беларусі праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Яна з'яўляецца адным з важнейшых мерапрыемстваў, што традыцыйна праводзіцца з нязменнай прыхільнасцю да захавання нацыянальных інтарэсаў і аптымізацыі канструктыўнага дыялогу ўлады, бізнесу і грамадства. Удзельнікі асамблеі разгледзяць актуальныя пытанні і прыярытэтныя напрамкі развіцця прадпрымальніцтва ў Беларусі.
У рамках асамблеі пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў 15-га рэспубліканскага конкурсу "Лепшы горад (раён, вобласць) для бізнесу Беларусі". У рамках конкурсу заснавана спецыяльная намінацыя "За лепшае асвятленне тэмы прадпрымальніцтва ў СМІ". Акрамя таго, адбудзецца падвядзенне вынікаў вымярэння 18-га індэкса дзелавога аптымізму і дарожнай карты айчыннага прадпрымальніцтва, а таксама зацвярджэнне Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі "Партнёрства дзяржавы, бізнесу і грамадства ва ўмовах новых выклікаў".-0-